Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія ўлады: вуліцы 25 Сакавіка ня будзе. Найменьні зь лічбамі «непажаданыя», хоць іх больш за 300


Акцыя ў падтрымку перайменаваньня адной зь менскіх вуліц у вуліцу Быкава, 2011 год
Акцыя ў падтрымку перайменаваньня адной зь менскіх вуліц у вуліцу Быкава, 2011 год

2-я Шостая лінія ёсьць, а 1-й няма. Затое ёсьць вуліца 3 Верасьня ў гонар японскай капітуляцыі 2 верасьня і па 8 завулкаў з аднолькавымі назвамі.

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) зьвярталася да ўладаў розных гарадоў Беларусі з прапановай даць вуліцам назвы ў гонар 25 Сакавіка як дня абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Менская камісія па найменьнях, як расказаў прадстаўнік партыі парталу Tut.by, «прапанавала ўстрымацца» ад наданьня вуліцы такой назвы, бо палічыла «непажаданым даданьне да вулічна-дарожнай сеткі Менску лічбавых найменьняў».

Першы намесьнік старшыні БСДП(Г) Аляксей Сігаеў адзначыў, што прапанову ў Менгарвыканкам высылалі яшчэ мінулай восеньню. Ён абурыўся: «Значыць, 2-я Шостая лінія іх не хвалюе, а 25 Сакавіка — ужо праблема».

300 непажаданых назваў?

Сапраўды, у Менску ёсьць вуліца пад назвай «2-я Шостая лінія» — пры гэтым 1-й Шостай няма. І гэта далёка не адзіная назва зь лічбамі: на сайце Менгарвыканкаму можна знайсьці больш за 300 назваў менскіх вуліцаў, завулкаў, плошчаў і паркаў, у якіх ёсьць лічбы.

Праўда, сайт Менгарвыканкаму прапануе сьпісы тапонімаў, адсартаваныя толькі па літарах, «лічбавыя» назвы трэба знаходзіць праз пошук (опцыю «в начале названия» трэба замяніць на «в названии», іначай ня знойдзецца палова «лічбавых» вуліцаў).

«Лічбавыя» назвы ў Менску пачынаюцца ад 1-га Аэрафлёцкага завулку і ідуць аж да 8-га Чыгуначнага завулку (ёсьць таксама восьмыя Арлоўскі і Пуцеправодны). Няма толькі назваў зь лічбай 9.

Лічбы ўжываюцца ня толькі каб адрозьніваць вуліцы ці завулкі з аднолькавымі назвамі. Ёсьць, напрыклад, плошча 8 Сакавіка (у раёне Нямігі — там няма ніводнага дому) і вуліца 3 Верасьня (сьцьвярджаецца, што названая ў гонар дня перамогі СССР у вайне зь Японіяй, якая падпісала капітуляцыю ў Другой Усясьветнай вайне 2 верасьня 1945 году), вуліца Герояў 120-й дывізіі і вуліца 50 Год Перамогі. Урэшце, ёсьць Першамайская вуліца і цэлы Першамайскі раён (у назвах лічбы прапісаныя літарамі).

Што ў іншых гарадах адказалі на прапанову пра вуліцу 25 Сакавіка

Берасьцейскі гарадзкі савет: «Дзень абвяшчэньня БНР — знакавая падзея ў гісторыі нашай краіны, якая стала першым досьведам афармленьня беларускай дзяржаўнасьці. Але неабходнасьці ў назьве новых вуліцаў у Берасьці пакуль што няма».

Віцебск: «Вашая прапанова аб наданьні назвы адной з новых вуліцаў у горадзе Віцебску імя 25 Сакавіка прызнаная немэтазгоднай».

Гомель: «Пытаньне будзе разглядацца на пасяджэньні тапанімічнай камісіі пры гарвыканкаме».

Магілёў: «Прэзыдыюм Савету лічыць немэтазгодным наданьне назвы новай вуліцы гораду Магілёва імя 25 Сакавіка».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG