Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ідуць за Суворавым. Ці зьнясе Ўкраіна помнікі Расейскай імпэрыі


Аляксандар Сувораў
Аляксандар Сувораў

Экспэртная камісія міністэрства культуры Ўкраіны ў канцы сьнежня аднагалосна ўхваліла дэмантаж помніка расейскаму палкаводцу Аляксандру Сувораву на тэрыторыі вайсковага ліцэя імя Івана Багуна ў Кіеве.

За гэтае рашэньне навучэнцы ліцэю, яго кіраўніцтва, дэпутаты Вярхоўнай Рады і грамадзкія актывісты змагаліся больш за тры гады. Цалкам верагодна, што помнік расейскаму палкаводцу неўзабаве пераедзе з Кіева ў Ізмаіл, дзе многае зьвязанае зь імем Суворава.

Тым часам гучаць прапановы ўсьлед за дэмантажом усіх сымбаляў савецкай эпохі прыняць аналягічны закон і аб ліквідацыі сымбаляў Расейскай імпэрыі, устаноўленых у розныя пэрыяды часу на ўкраінскай тэрыторыі.

Кіеўскі вайсковы ліцэй быў створаны ў 1992 годзе на базе сувораўскай вучэльні, якая зьявілася ў сталіцы Ўкраіны яшчэ ў 1943-м, а помнік зь медзі Сувораву адкрылі там у верасьні 1974 года. У 1998 годзе кіеўскаму ліцэю прысвоілі імя казацкага палкоўніка Войска Запароскага Івана Багуна — удзельніка вызвольнага руху. Менавіта яго скульптуру і плянуюць у пэрспэктыве ўсталяваць перад будынкам ліцэя.

Гэта можа стварыць у выхаванцаў вайсковых навучальных устаноў нэгатыўныя стэрэатыпы аб вайсковых традыцыях украінскага народа

У 2017 годзе адміністрацыя вайсковай установы зьвярнулася ў міністэрства абароны Ўкраіны з просьбай зацьвердзіць рашэньне аб зносе помніка Сувораву. У сваю чаргу вайсковае ведамства ў кастрычніку 2018 году пераадрасавала гэтую просьбу Кабінэту міністраў, выказаўшы занепакоенасьць тым, што ва Ўкраіне да гэтага часу ўсхваляюць асобу расейскага палкаводца, «дзейнасьць якога была накіравана на зьнішчэньне культуры, дзяржаўнасьці і ўкраінскай гістарычнай памяці». Гэта, на думку кіраўніцтва мінабароны і ліцэю «можа стварыць у выхаванцаў вайсковых навучальных устаноў нэгатыўныя стэрэатыпы аб вайсковых традыцыях украінскага народа і не будзе спрыяць фармаваньню ў грамадзян Украіны патрыятызму, нацыянальнай сьвядомасьці і актыўнай грамадзянскай пазыцыі».

Сувораў ня можа быць прыкладам

Адной зь першых зь ініцыятывай прыбраць помнік Сувораву з тэрыторыі кіеўскага ліцэю імя Івана Багуна выступіла дэпутат Вярхоўнай рады ад партыі «Самадапамога» Алена Сотнік:

— Для нас як для краіны, якая супрацьстаіць расейскай агрэсіі, гэта не проста пытаньне сымбаляў, а прынцыпова важнае гістарычнае пытаньне. Ва Украіны ёсьць свае гістарычныя героі, і нашы вайсковыя вучэльні і ліцэі павінныя насіць імёны ўкраінскіх палкаводцаў і вайскоўцаў. І мы ня проста так вырашылі пазбавіцца ад сымбаляў іншай краіны. Яшчэ два гады таму мы атрымалі гістарычную выснову нашай Акадэміі навук, якая зьмяшчае цэлы шэраг фактаў, чаму Суворава нельга лічыць знакавым гістарычным пэрсанажам. Для Ўкраіны ён адыграў вельмі нэгатыўную ролю. Нам трэба ствараць свае пантэоны герояў, правільна іх папулярызаваць і прасоўваць, асабліва сярод нашых хлопцаў, юнакоў, якія рыхтуюцца да абароны краіны. Для нас важна ня проста перайменаваць ліцэй, але ўсталяваць там помнік украінскаму герою Іван Багуну, імя якога носіць гэта вайсковая ўстанова. А Сувораў адыдзе ў мінулае і застанецца артэфактам мінулых гадоў.

— На вашу думку, ці ёсьць неабходнасьць дэмантаваць ва Ўкраіне не толькі помнікі Сувораву, але і іншым расейскім палкаводцам і дзеячам часоў Расейскай імпэрыі?

— Пачынаць варта ня толькі з помнікаў. Пачынаць трэба зь гісторыі. Тая гісторыя, якую вывучалі нашыя бацькі, і тая, якую зараз выкладаюць ужо нашым дзецям, — гэта, на жаль, зусім розныя гісторыі. Савецкая машына ў тыя часы была запраграмаваная на тое, каб, у тым ліку, паказваць украінцаў у нявыгадным сьвятле. Савецкая гісторыя ігнаравала выбітных украінцаў сярэдніх стагоддзяў, не кажучы ўжо пра сучасны пэрыяд. Пры гэтым замоўчваліся антыўкраінскія дзеяньні дзеяньні фігур, якія для Расеі маюць станоўчае значэньне, а для Ўкраіны, наадварот, нясуць нэгатыўнае адценьне. Таму вельмі важным зьяўляецца не проста дэмантаж помнікаў, але і абгрунтаваньне гэтага з гістарычнага пункту гледжаньня.

Гісторыя «Геть від Росії!» — гэта правільная гісторыя

Уласна я так і паступіла. Перш чым выступаць зь ініцыятывай па помніку Сувораву, зьвярнулася ў Акадэмію навук Украіны. Мы заслугоўваем сваёй гісторыі. І вядома, гэтая гісторыя павінна мець свае сымбалі, а не расейскія сымбалі, і тым больш не сымбалі Расейскай імпэрыі. Вядома ж, я за тое, што ўсе гістарычныя імёны, якія нясуць у сабе нэгатыў у адносінах да ўкраінскага народу, павінныя зьнікнуць не толькі са старонак нашых падручнікаў, яны павінныя зьнікнуць і як помнікі. Але калі гаворка ідзе пра нейкую нэўтральную постаць, то я б на гэтым не зацыклівалася. Толькі тыя гістарычныя постаці, якія адыгрывалі нэгатыўную ролю і шкодзілі Украіне, павінны атрымаць адпаведную ацэнку і ў падручніках, і ў гістарычных працах нашых навукоўцаў. І ўжо пасьля гэтага трэба дзейнічаць сыстэмна, і я лічу, што гісторыя «Геть від Росії!» — гэта правільная гісторыя, і яе трэба разьвіваць у знаках, галовах і інфармацыйнай прасторы.

Деімпэрыялізацыя на зьмену дэкамунізацыі?

Дэмантаж скульптуры расейскага палкаводца падтрымалі і ва Ўкраінскім інстытуце нацыянальнай памяці (УІНП), адзначыўшы, што ён не падпадае пад крытэрыі помнікаў культурнай спадчыны. Прадстаўнік УІНП Багдан Караленка тлумачыць, чаму Ўкраіне варта пазбавіцца ад усіх помнікаў Аляксандру Сувораву на сваёй тэрыторыі:

— Па-першае, таму, што гэтая фігура, акрамя таго, што яна ўваходзіць у пантэон герояў Расеі, да гэтага ўваходзіла ў пантэон герояў СССР і яшчэ раней — Расейскай імпэрыі. Па-другое, гэтая пэрсона не можа быць героем для Ўкраіны, украінскага народа, выпускнікоў вайсковых навучальных устаноў Украіны, паколькі працягваецца агрэсія Расейскай Фэдэрацыі супраць нашай краіны. А па-трэцяе, варта ўлічваць месца і ролю Суворава ў гісторыі Ўкраіны. У прыватнасьці вядома, што Сувораў датычны да падаўленьня Калііўшчыны — паўстаньня сялянскага і казацкага насельніцтва на Правабярэжнай Украіне ў 1768-1769 гадах.

Акрамя таго, вядома, што ў 1778 годзе пад кіраўніцтвам Суворава была зробленая гвалтоўная дэпартацыя з Крыму ў тагачасную Азоўскую губэрню Расеі прынамсі трыццаці тысяч крымскіх сялян, у першую чаргу грэкаў і армян. У выніку гэтай дэпартацыі каля паловы перасяленцаў загінулі падчас першай зімы. А ў 1794 годзе Сувораў узначальваў расейскі карны корпус па падаўленьні польскай вызвольнай кампаніі на чале з Тадэвушам Касьцюшкам.

Усе помнікі і памятныя знакі, усталяваныя ў гонар Суворава ва Ўкраіне яшчэ ў савецкія часы, павінныя быць дэмантаваныя

Такім чынам, гэта асоба мае відавочную нэгатыўную рэпутацыю ў гісторыі Украіны. І ўсе помнікі і памятныя знакі, усталяваныя ў гонар Суворава ва Ўкраіне яшчэ ў савецкія часы, павінныя быць дэмантаваныя. Зараз, калі працягваецца агрэсія Расеі супраць Украіны, нямала расейскіх выпускнікоў так званых сувораўскіх вучэльняў ваююць на ўсходзе Украіны. Таму гэта яшчэ адзін аргумэнт за тое, што ў нашай краіне не павінна быць манумэнтаў Сувораву. На сёньняшні дзень такіх помнікаў ва Украіне застаецца мінімум пяць.

— Гэтыя помнікі не падпадаюць пад прыняты Вярхоўнай радай ў красавіку 2015 году закон аб дэкамунізацыі, у рамках якога Ўкраіна пазбаўляецца ад сымбаляў савецкай эпохі. Ці ёсьць неабходнасьць у прыняцьці асобнага закону, які тычыцца сымбаляў Расейскай імпэрыі?

Так, помнікі Сувораву не падпадаюць пад дзеяньне закона аб асуджэньні камуністычнага таталітарнага рэжыму, таму абавязковаму зносу яны не падлягаюць. Разам з тым органы мясцовага самакіраваньня, на тэрыторыі якіх устаноўленыя гэтыя скульптуры, могуць прымаць рашэньні аб іх дэмантажы, калі яны не занесеныя ў дзяржаўны рэестар помнікаў культурнай спадчыны. Гаворка ідзе пра скульптуры расейскага палкаводца ў Адэскай вобласьці — у Ізмаіле і Ачакаве, у Адэсе, Хэрсоне і Тамашпалі Віньніцкай вобласьці. Думаю, было б мэтазгодна і лягічна сабраць усе гэтыя помнікі ў адным месцы — у музэі Суворава ў Ізмаіле. А тое, што помнікі расейскаму нацыянальнаму герою на пяты год анэксіі Расеяй Крыму і канфлікту ў Данбасе стаяць у згаданых украінскіх гарадах, — гэта ненармальна. Гэта дысананс для выхаванцаў вайсковых навучальных устаноў.

Ці перавязуць помнік Сувораву з Кіева ў Ізмаіл?

Рашэньне ўладаў аб дэмантажы помніка Сувораву ў кіеўскім ліцэі не прывяло да актыўнага абмеркаваньня лёсу скульптур палкаводцу, устаноўленых у іншых гарадах Украіны. У Ізмаіле Адэскай вобласьці Сувораў, які вызваляў горад ад туркаў, лічыцца ледзь не нацыянальным героем. Конны помнік яму стаіць у самым цэнтры Ізмаіла. Украінскі міністар культуры Яўген Нішчук паведаміў, што ў міністэрства паступіў ліст-прапанова — перавезьці помнік Сувораву ў ізмаільскі музэй, у якім ёсьць экспазыцыя, прысьвечаная расейска-турэцкай вайне. Па словах дырэктаркі ізмаільскага музэя Суворава Ларысы Ганчарэнкі, пакуль гэтае пытаньне канчаткова не вырашанае:

— Пасьля таго як у Кіеве абвясьцілі аб дэмантажы статуі Суворава перад вайсковым ліцэям, нам тэлефанавалі з міністэрства культуры Ўкраіны, цікавіліся гатоўнасьцю музэя прыняць помнік. Мы, вядома ж, за, але гэтае пытаньне залежыць цяпер ад нашых мясцовых уладаў. Чакаем рашэньня.

— А як у Ізмаіле цяпер ставяцца да Аляксандра Суворава?

— У нашым горадзе, дзе адбылася яскравая гістарычная падзея — штурм Ізмаіла, многае зьвязана з Суворавым. У нас стаіць шыкоўны помнік Сувораву. Вырабленая гэтая праца была яшчэ да кастрычніцкага перавароту ці кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 году на грошы гараджан і гарадзкой управы. Будзе вельмі шкада, калі прымуць рашэньне аб ліквідацыі нашага помніка. Зараз пра гэта кажуць гараджане, абмяркоўваюць гэтую тэму ў сацыяльных сетках. Вядома, усё перажываюць за лёс помніка, а наш помнік занесены ў Дзяржаўны рэестар абʼектаў культурнай спадчыны.

Мы не думаем, што фігура Суворава ўжо такая нэгатыўная для Украіны

Што тычыцца кіеўскай скульптуры, то нашы ўлады ў прынцыпе згодны яе «усынавіць». Мы не думаем, што фігура Суворава ўжо такая нэгатыўная для Украіны. Зразумела, што па ўказе імпэратрыцы Кацярыны II была ліквідаваная Запароская Сеч. Але пасьля гэтага Сувораў быў з украінцамі ва ўсіх паходах. Стаяла яго армія на тэрыторыі Ўкраіны, ён фармаваў тут свае войскі, у якія ўваходзілі і ўкраінцы. І ён з казакамі паводзіў сябе годна, і кляйноды казацкія перадаваў перад пачаткам вайны ўкраінскім атаманам.

Гісторыя, ведаеце, такая штука зьменлівая. Вядома ж, калі ўзьнікне неабходнасьць, будзем змагацца і за наш помнік, і за наш музэй. Хоць, калі рашэньне будзе на ўзроўні дзяржавы, то ад нас, супрацоўнікаў музэю, відавочна, мала што будзе залежаць. Дарэчы, у суседняй Беларусі, у горадзе Кобрын Берасьцейскай вобласьці, усталяваныя цэлых тры помнікі Сувораву, а ў Швэйцарыі функцыянуюць аж шэсьць музэяў расейскага палкаводца. Зь іх два дзяржаўныя — адзначае дырэктарка ізмаільскага музэя Суворава Ларыса Ганчарэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG