Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт адказаў на зварот менчукоў, якія прасілі ўлады перайменаваць станцыю мэтро «Плошча Леніна» у «Плошчу Незалежнасьці». Адказ ведамства разьмешчаны на сайце petitions.by.
Як вынікае з адказу, прапанову аб перайменаваньні разгледзела камісія па найменьні і перайменаваньні праспэктаў, вуліц, плошчаў і іншых складовых частак Менску. Перад прыняцьцем канчатковага рашэньня камісія празь СМІ пацікавілася меркаваньнем гараджан на гэты конт і атрымала больш за 40 лістоў з меркаваньнямі па гэтым пытаньні.
«У 31 лісьце (у тым ліку былі калектыўныя звароты) меркаваньні супраць перайменаваньня станцыі мэтро «Плошча Леніна», — адзначае ведамства і дадае, што, «з улікам «неадназначных меркаваньняў жыхароў горада», Менскаму мэтрапалітэну прапанавана захаваць існую назву станцыі.
9 жніўня на сайце petitions.by зьявілася пэтыцыя з просьбай перайменаваць станцыю мэтро «Плошча Леніна» у «Плошчу Незалежнасьці». Як адзначалі аўтары пэтыцыі, назва станцыі не адпавядае плошчы, на якой яна разьмешчаная, што стварае блытаніну для турыстаў і гасьцей горада, а Ленін не зьяўляецца значнай фігурай беларускай гісторыі.
Пад пэтыцыяй падпісаліся 155 чалавек.
Беларусь — радзіма помнікаў Леніну
Раней, 19 жніўня Менгарвыканкам адказаў на зварот з прапановай дэмантажу помніка Леніну на плошчы Незалежнасьці, што сабраў больш за 800 подпісаў на Petitions.by.
У адказе, падпісаным намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму Ігарам Юркевічам, сказана, што «помнік В.І. Леніну ёсьць часткай ансамблю Дому ўраду, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці другой катэгорыі і ўнесены ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Згодна з разьдзелам 16 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб культуры дадзеная гісторыка-культурная каштоўнасьць знаходзіцца пад аховай дзяржавы».
Сёлета ў чэрвені зьнесьці помнік Леніну адмовіліся горадзенскія ўлады, хоць тая пэтыцыя таксама сабрала больш за 800 подпісаў. Паводле тамтэйшых уладаў, помнік «зьяўляецца неад’емным кампазыцыйным акцэнтам плошчы».
Беларусы далёка не адзін раз пратэставалі супраць помнікаў Леніну за апошнія гады: зьбівалі кувалдамі, падрывалі, закідвалі яйкамі і аблівалі валяр’янкай... Але ў Магілёве гэтай вясной улады самі мірна зьнесьлі помнік Леніну перад былым заводам штучнага валакна — завод сам ішоў на знос. У Лідзе мінулай восеньню помнік Леніну на Чырвонаармейскай вуліцы проста зьнік. Аднак у Глыбокім да 100-годзьдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі знайшоўся «запасны Ленін» замест зьнесенага.
Ва Ўкраіне тым часам практычна завяршылі «ленінапад» — на ўсёй тэрыторыі акрамя акупаванага Расеяй Крыму і земляў, падкантрольных самаабвешчаным «ДНР» і «ЛНР», дэмантавалі ня менш за 2389 савецкіх помнікаў.
У 1922 годзе ў мястэчку Краснапольле на Магілёўшчыне зьявіўся першы ў сьвеце помнік правадыру Кастрычніцкай рэвалюцыі. Драўляную скульптуру яшчэ пры жыцьці Ўладзіміра Леніна зрабіў Артур Грубэ.
А ў 1991 годзе Беларусь стала краінай, дзе ўсталявалі апошні ў СССР помнік Леніну. Заснаваная Ленінам савецкая імпэрыя ўжо развальвалася. У суседніх Латвіі і Літве пачыналі дэмантаваць савецкія помнікі, а ў Паставах, за пяць кілямэтраў ад беларуска-літоўскай мяжы, паставілі новага Леніна ў цэнтры гораду.
Колькі ўсяго помнікаў Леніну ў Беларусі, дакладна ніхто ня ведае. Ёсьць зьвесткі, што за савецкі час па ўсёй краіне ўсталявалі каля 600 помнікаў. Аднак на ўліку ў Мінкульце толькі дзевяць скульптур, якія ўваходзяць у сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Яны знаходзяцца ў Баранавічах, Берасьці, Віцебску, Гомлі, Магілёве, Менску, Пінску, Салігорску.
Згодна з падлікамі маскоўскага культуроляга Дзьмітрыя Кудзінава, які зьбірае інфармацыю пра помнікі Леніну па ўсім сьвеце, у 2016 годзе ў Беларусі заставалася 400 з колішніх 600 помнікаў. Гэта значыць, за 25 год у Беларусі зьнікла траціна ўсіх Ленінаў.