Гэта не канчатковая адмова, а толькі тлумачэньне, чаму шыльду яшчэ не павесілі, хоць дазвол далі ў сакавіку.
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) атрымала ад Менгарвыканкаму адказ на пытаньне, чаму «дошку БНР» не ўстанавілі, хоць яна даўно гатовая, а дазвол на гэта ёсьць з сакавіка 2018 году, піша «Наша ніва».
Гарадзкія ўлады яшчэ 1 сакавіка далі папярэднюю вусную згоду на ўстаноўку на доме 9 па вуліцы Валадарскага дошкі, вырабленай 25 гадоў таму, у памяць аб тым, што ў будынку абвясьцілі незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.
За кошт ахвяраваньняў (патрэбную суму сабралі за тры гадзіны) скульптар Ігар Засімовіч вырабіў новую дошку, бо старая стала непрыдатнай. Мастацкая рада Менгарвыканкаму ў красавіку зацьвердзіла вонкавы выгляд дошкі, аднак, насуперак ранейшым дамоўленасьцям, афіцыйнага рашэньня аб устаноўцы няма.
«Інфармуем, што на адрас Менгарвыканкаму паступіў шэраг зваротаў ад грамадзянаў Беларусі і прадстаўнікоў грамадзкасьці з нэгатыўным стаўленьнем да пытаньня ўстаноўкі памятнай дошкі па вуліцы Валадарскага, 9, — цытуе адказ намесьніка старшыні Менгарвыканкаму Ігара Юркевіча «Наша ніва». — Пытаньне аб мэтазгоднасьці прыняцьця рашэньня Мінгарвыканкаму па ўстаноўцы мэмарыяльнай дошкі знаходзіцца на разглядзе».
Што за звароты былі, колькі і ад каго менавіта, невядома.
Абноўлена: На сайце Petitions.by 19 верасьня студэнт Данііл Багдановіч стварыў пэтыцыю з заклікам усталяваць «дошку БНР». Зварот накіруюць у Менгарвыканкам і Адміністрацыю прэзыдэнта.
Як заявіў БелаПАН старшыня БСДП(Г) Ігар Барысаў, такія звароты, хутчэй за ўсё, маглі паступіць «ад праўладных або прарасейскіх арганізацыяў, якія не зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь ішла па шляху незалежнай дзяржавы».
Ён дадаў, што партыя зьвярнулася ў Менгарвыканкам таксама з просьбай разглядзець пытаньне перайменаваньня адной зь менскіх вуліцаў у вуліцу 25 сакавіка — у гонар дня, у які ў 1918 годзе была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. Адказаў на гэтую прапанову пакуль не паступала.
У верасьні Менгарвыканкам адмовіўся перайменаваць станцыю мэтро «Плошча Леніна» ў «Плошчу Незалежнасьці» (адпаведна назьве плошчы над станцыяй), спаслаўшыся на 31 ліст праціўнікаў перайменаваньня. Саміх лістоў не паказалі.
Цяпер у інтэрнэце сабралі больш за пяць сотняў подпісаў за тое, каб менскія ўлады адказалі, што гэта за звароты, калі разглядалася пытаньне, і, урэшце, чаму ж нельга перайменаваць станцыю.
41-гадовы Ігар Юркевіч, які адказаў на пытаньне пра «дошку БНР», у Менгарвыканкаме займае пасаду намесьніка старшыні па ідэалягічнай і сацыяльна-культурнай дзейнасьці, ахове здароўя, спорце, турызме, сацыяльным забесьпячэньні ды іншых пытаньнях. На гэтую пасаду ён прыйшоў са сфэры мэдыцыны – быў галоўным лекарам дзіцячай інфэкцыйнай лякарні, быў намесьнікам старшыні, а пасьля і старшынём камітэту аховы здароўя Менгарвыканкаму.
Цяпер Юркевіч недасяжны для камэнтароў, бо знаходзіцца ў адпачынку, паведаміла «Нашай ніве» ягоная памочніца, актывістка «Лігі камуністычнай моладзі» Ася Бірук.