Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі прапануюць перайменаваць Камсамольскую вуліцу ў гонар рэпрэсаванага архітэктара


Станіслаў Шабунеўскі
Станіслаў Шабунеўскі

Гомельскі гісторык і журналіст Марыя Булавінская і архітэктар Сяргей Ляпін запусьцілі онлайн-пэтыцыю аб перайменаваньні вуліцы Камсамольскай і наданьні ёй імя вядомага рэпрэсаванага архітэктара Станіслава Шабунеўскага. Па ягоных праектах пабудаваныя найбольш цікавыя і прыгожыя будынкі гораду.

Пэтыцыю стварылі 29 кастрычніка — у Дзень памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Пад іх трапіў і выдатны архітэктар Станіслаў Шабунеўскі. Сёлета 2 сьнежня споўніцца 150 гадоў з дня яго нараджэньня.

«Чыноўнікі дзесяць гадоў абяцаюць паставіць помнік архітэктару, але да сёньня яго імя так і не ўшанаванае. Мы прапаноўваем перайменаваць у гонар Станіслава Шабунеўскага менавіта вуліцу Камсамольскую, бо зь ёй зьвязаны творчы шлях архітэктара», — пракамэнтавала Свабодзе Марыя Булавінская.

На Камсамольскай быў пабудаваны першы будынак Шабунеўскага — мужчынская клясычная гімназія. Дзякуючы гэтаму аб’екту вуліца ў канцы ХІХ стагодзьдзя пачала найбольш імкліва разьвівацца. Цяпер у будынку разьмешчаны Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, які рыхтуе і будучых архітэктараў.

На рагу вуліц Камсамольскай і Савецкай раней разьмяшчалася гімназія Ратнэра, пабудаваная па праекце Шабунеўскага ў 1907 годзе. Каля сёньняшняй вуліцы Камсамольскай у раёне цырка знаходзіўся дом архітэктара.

Хто такі архітэктар Шабунеўскі

Станіслаў Шабунеўскі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя быў запатрабаваным архітэктарам. Найбольшы ўнёсак ён зрабіў у архітэктуру Гомля.

У дарэвалюцыйныя часы паводле ягоных праектаў былі пабудаваныя будынак мужчынскай клясычнай гімназіі, будынкі шпіталяў, даходныя дамы, чыгуначная вучэльня, Віленскі банк. У савецкія часы Шабунеўскі працягнуў сваю прафэсійную дзейнасьць на карысьць любімага гораду. Пасьпеў спраектаваць у Гомлі «Шэры дом», «Дом рыбы», «Дом камуны».

У 1931 годзе Станіслаў Шабунеўскі быў арыштаваны органамі ГПУ і асуджаны на 10 гадоў. У 1937 яго паўторна арыштавалі. Памёр у месцах пазбаўленьня волі. У 1989 годзе архітэктар быў рэабілітаваны пракуратурай БССР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG