Нават «сьціплыя пэрспэктывы» росту ВУП на 2% у бліжэйшыя гады — толькі пры ўмове кампэнсацыі.
Міжнародны валютны фонд расказаў пра вынікі кансультацыяў з афіцыйным Менскам, якія прайшлі 16 студзеня.
Паводле МВФ, у беларускай эканоміцы працягваецца «цыклічнае аднаўленьне» (але не пастаянны рост, а толькі вяртаньне да дакрызісных паказьнікаў з пагрозай наступных крызісаў). Экспарт падтрымліваецца высокімі цэнамі на нафту і стабільным зьнешнім попытам, а ўнутраны попыт «атрымаў імпульс» ад падвышэньня заробкаў. Інфляцыя, нягледзячы на падвышэньне заробкаў, трымаецца на нізкіх па беларускіх мерках 5% праз разумную манэтарную палітыку, таксама адносна стабільным застаецца курс беларускага рубля.
Праўда, выдаткі растуць хутчэй, чым прыбыткі бюджэту, і з улікам усіх квазіфіскальных тратаў (г.зн. не зь бюджэту, але на патрабаваньне дзяржавы) дэфіцыт бюджэту вырас з 0,3% валавога ўнутранага прадукту ў 2017 годзе да 1,3% у 2018-м.
МВФ мяркуе, што ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве эканоміка Беларусі будзе расьці прыблізна на 2% на год. Гэтыя «сьціплыя пэрспэктывы», як піша МВФ, не дадуць Беларусі дагнаць суседзяў па ўзроўні даходаў.
Такі прагноз даецца, з аднаго боку, пры дапушчэньні, што Беларусь ня будзе праводзіць структурных рэформаў, ня вырашыць праблемаў слабой прадукцыйнасьці працы і неспрыяльнай дэмаграфічнай сытуацыі. З другога боку, у прагнозе прадугледжана, што Беларусь атрымае ад Расеі кампэнсацыю за расейскі «падатковы манэўр», які пагражае Беларусі стратамі.
«Калі кампэнсацыя будзе значна меншая за поўную, а гэтая ключавая рызыка навісае над беларускай эканомікай на дадзеным этапе, сярэднетэрміновы рост будзе істотна ніжэйшы за 2%, а дэфіцыт бюджэту і плацёжнага балянсу значна вышэйшыя, чым разьлічаныя раней», — папярэджвае МВФ.