Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі міністар фінансаў назваў Менску ўмовы кампэнсацыі стратаў ад падатковага манэўру


Антон Сілуанаў
Антон Сілуанаў

Першы віцэ-прэм’ер — міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў у адказ на пытаньне пра спрэчку Масквы і Менску аб кампэнсацыі за расейскі падатковы манэўр згадаў дамову 1999 году аб стварэньні «саюзнай дзяржавы», піша «Інтэрфакс».

«Цяпер створаная рабочая група, мы павінны паглядзець на тэкст саюзнай дамовы, недзе, магчыма, прапанаваць яго актуалізаваць», — сказаў ён 15 студзеня ў адказ на пытаньне пра кампэнсацыю.

Раней Сілуанаў, як і іншыя расейскія палітыкі, заяўляў, што падатковы манэўр — «унутраная справа Расеі». Ён таксама казаў пра гатоўнасьць Расеі «субсыдыяваць Беларусь» у выпадку «сустрэчных крокаў» — у прыватнасьці, выкананьня дамовы аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году.

«Даваць субсыдыі прадпрыемствам чужой краіны дзіўна было б. Гэта можна было б рабіць, каб у нас была больш глыбокая ступень інтэграцыі, — казаў ён на РБК ТВ. — Трэба ўвесь комплекс пытаньняў глядзець, а ня толькі гэта: „дайце нам субсыдыі", і ўсё. Мы кажам: давайце абновім дамову, але калі мы будуем „саюзную дзяржаву“, прынцыпы павінны выконвацца. Нельга выхопліваць асобныя элемэнты».

У разгар спрэчак між Беларусьсю і Расеяй аднавіць працэс інтэграцыі прапанаваў расейскі прэм’ер-міністар: тое, што ён прапаноўваў (агульныя валюту, суд і мытню), у Беларусі сталі называць «ультыматумам Мядзьведзева». Ён казаў, што толькі пры гэтых умовах можна будзе праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня, але ня зьвязваў наўпрост «саюзную дзяржаву» і грашовыя выплаты.

На гэтую прапанову Аляксандар Лукашэнка пазьней адказаў: «Я разумею гэтыя намёкі: атрымайце нафту, але давайце разбурайце краіну і ўступайце ў склад Расеі». Ён паабяцаў: «Калі нас хочуць падзяліць на вобласьці і ўпіхнуць у Расею, гэтага ня будзе ніколі».

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
  • Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
  • У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
  • Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн. ​
  • У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
  • 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG