Міністэрства энэргетыкі накіравала ў прэзыдэнцкую адміністрацыю праект указу «Аб аднаўляльных крыніцах энэргіі». Як гэта зьвязана з запускам Беларускай АЭС і ці адаб’ецца на разьвіцьці альтэрнатыўнай энэргетыкі ў краіне?
Інфармацыю пра новы праект прэзыдэнцкага ўказу апублікаваны на сайце Міністэрства энэргетыкі. Карэспандэнту Свабоды ў міністэрстве не адказалі на пытаньне, ці зьвязана гэта з запускам АЭС.
Падпісаньня ўказу там чакаюць у найбліжэйшы час.
Што ён прапануе?
- стварэньне новых, мадэрнізацыю і рэканструкцыю дзейных установак аднаўляльных крыніц энэргіі (АКЭ) у межах квотаў, якія будуць разьмеркаваныя пасьля 1 сакавiка 2019 году;
- выкарыстаньне толькі новага абсталяваньня;
- урад атрымае паўнамоцтвы адбіраць разьмеркаваныя квоты на стварэньне ўстановак АКЭ;
- уладальнікі аб’ектаў АКЭ магутнасьцю ад 1 МВт павінны штодня перадаваць дзяржаўнай установе пагадзінныя графікі абʼёмаў выпрацоўкі электраэнэргіі на наступныя суткі і яе водпуску ў электрасетку;
- уладальнікі ўстановак АКЭ змогуць перадаваць электраэнэргію празь дзяржаўныя сеткі;
- тэрмін прымяненьня падвышальнага каэфіцыенту на набыцьцё электраэнэргіі ад новых установак АКЭ будзе паменшаны, калі іх будаўніцтва перавысіць тэрміны, прадугледжаныя інвэстыцыйнымі дамовамі;
- прыватныя абʼекты АКЭ для забесьпячэньня ўласнай гаспадарчай дзейнасьці могуць стварацца па-за квотамі.
«Міністэрства спрабуе наехаць на аднаўляльную энэргетыку»
Паводле выканаўчага дырэктара асацыяцыі «Аднаўляльная энэргетыка» Ўладзімера Нісьцюка, Міністэства энэргетыкі ня ведае, што рабіць зь лішкамі электраэнэргіі пасьля запуску Беларускай АЭС.
«Яны спрабуюць зрабіць вінаватай аднаўляльную энэргетыку, якая дае толькі 1,14% электраэнэргіі ад агульнай колькасьці. Яны наяжджаюць на нас і на будучыню інвэстыцыйнай дзейнасьці дзяржавы.
Калі раней інвэстары стаялі ў чарзе, прасіліся працаваць у Беларусі, то цяпер кажуць, што інвэстыцыі тут не працуюць. Бо дзяржава ў любы момант можа памяняць правілы гульні.
Міністэрства павінна вырашаць праблемы АЭС. Калі Расея ня будзе забіраць радыяактыўныя адкіды, то трэба шукаць яшчэ 2 мільярды даляраў на могільнік у Беларусі. Няхай бы гэтым займаліся. А гэты ўказ іх ніяк ня выратуе».
Паводле Ўладзімера Нісьцюка, кіраўнік краіны шмат разоў ставіў перад урадам пытаньне адносна адаптацыі АЭС да энэргетычнага комплексу. Але адказу на яго дагэтуль няма.
«Усе пастановы ўраду, якія тычацца АКЭ, ня выкананы нават на 30%. Да канца 2015 году мы павінны былі мець біягазавых сыстэм на 60 МВт. Гэтага і блізка няма. Была праграма будаўніцтва малых гідраэлектрастанцый і станцый на мясцовым паліве. Нічога не выконваецца. Гэта такі савецкі падыход».
Уладзімер Нісьцюк назваў новыя прапановы Міністэрства энэргетыкі «імітацыяй працы».
«Міністэрства спрабуе наехаць на аднаўляльную энэргетыку, каб паказаць, што яно нешта робіць. Размовы, што дзяржава страчвае шмат грошай праз актыўнасьць у сфэры АКЭ, гэта казкі для недасьведчаных».
Альтэрнатыўная энэргетыка ў афіцыйных лічбах
На сайце Міністэрства энэргетыкі падаецца актуальная статыстыка.
- На 1 лістапада 2018 сумарная электрычная магутнасьць установак, якія выкарыстоўваюць АКЭ і падлучаныя да дзяржаўных энэргасетак, склала 386,8 МВт.
- Магутнасьць установак АКЭ прырасла ў 2017 годзе (параўнальна з 2016-м) у 1,8 раза.
- Вытворчасьць электраэнэргіі за кошт АКЭ склала 902,2 млн кВт/г.
- На момант уводу АЭС магутнасьць установак АКЭ вырасьце ў 2,5 раза, а гадавы аб’ём водпуску электраэнэргіі павялічыцца ў 3,7 раза.
Такія тэмпы разьвіцьця альтэрнатыўнай энэргетыкі, паводле Міністэрства энэргетыкі, прывядуць да нэгатыўных наступстваў:
- выцясьненьня з энэргетычнага балянсу электрычных магутнасьцяў ЦЭЦ;
- абмежаваньня базавага рэжыму працы АЭС у міжацяпляльны пэрыяд;
- павелічэньня тарыфаў для спажыўцоў рэальнага сэктара эканомікі.
«Гэта моцна адаб’ецца на аўтарытэце краіны»
Асацыяцыя «Аднаўляльная энэргетыка» мяркуе зьвярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі з адкрытым лістом. Там лічаць, што «ўся статыстыка недакладная, высмактаная з пальца».
«Калі яны прымуць указ у цяперашнім выглядзе, гэта моцна адаб’ецца на аўтарытэце краіны, на інвэстыцыйным іміджы. Бо інвэстары ставяць пытаньне: як можна ў такой складанай галіне, як энэргетыка, кожныя два гады прынцыпова мяняць нарматыўна-прававую базу? Такога нідзе няма. Інвэстары проста баяцца ісьці ў Беларусь», — кажа выканаўчы дырэктар асацыяцыі Ўладзімер Нісьцюк.
Мяняць нарматыўную базу, якая тычыцца альтэрнатыўнай энэргетыкі, ва ўрадзе намагаліся і раней. Але цяперашні праект супярэчыць дзейнаму заканадаўству, кажа суразмоўца Свабоды.
«Што страшней за ўсё? Яны прымушаюць уладальнікаў установак АКЭ ўжо цяпер жыць па тых праектах, якія, магчыма, ня будуць прынятыя. Квоты на АКЭ не былі разьмеркаваныя да 1 лістапада 2018 году, як гэта вызначана пастановай ураду. Мы хочам, каб усё вярнулася ў межы закону, калі ўсім даюцца аднолькавыя правы, каб не было ціску на інвэстараў», — сказаў Уладзімер Нісьцюк.
Працэдура разьмеркаваньня квотаў вельмі складная. Аднак на гэты раз у Міністэрстве энэргетыкі нават не адкрылі капэрты з прапановамі інвэстараў і вярнулі іх у аблвыканкамы.
«Яны хочуць кіраваць усімі працэсамі»
Паводле праекту новага ўказу, дзейнасьць прыватных установак АКЭ будуць рэгуляваць мясцовыя электрасеткі.
«Міністэрства энэргетыкі атрымае права рабіць з энэргетыкай усё, што захоча, — кажа Ўладзімер Нісьцюк. — Яны хочуць браць столькі энэргіі ад аднаўляльных крыніц, колькі яны захочуць і як манапалісты, кіраваць усімі працэсамі. Гэта вельмі дрэнна, бо парушае існае заканадаўства, згодна зь якім уся энэргія павінна быць прынятая і аплачаная. Цяпер пачынаецца таксама валтузьня з тарыфамі».
«Падыходы „Белэнэрга“ зьяўляюцца асноўным тормазам»
Навуковы кіраўнік Каардынацыйна-аналітычнага і тэхналягічнага цэнтру біяэнэргетычных рэсурсаў, вядучы навуковы супрацоўнік Беларускага тэхналягічнага ўнівэрсытэту Алег Белы сказаў у інтэрвію Свабодзе, што ствараюцца новыя падводныя камяні, каб перашкаджаць росту аднаўляльнай энэргетыкі.
«Таму трэба, каб ёй займаліся адмыслоўцы, структура, не падначаленая Міністэрству энэргетыкі. Бо манапалісту дастаткова, каб была толькі адна крыніца энэргіі, а ня маса іншых».
Паводле Белага, цяпер чыноўнікі ад энэргетыкі ў Беларусі ня бачаць пэрспэктывы АКЭ.
«Грамадзтва павінна ісьці да лепшых крыніц энэргіі. І аднаўляльныя крыніцы — гэта наша пэрспэктыва. А на пэрспэктыву трэба ўкладаць грошы, падымаць адукаванасьць. Аднаўляльная энэргетыка — гэта шлях да самастойнасьці і бясьпекі. А сёньня яна тармозіцца квотамі і коснасьцю кіраўніцтва на месцах. Падыходы „Белэнэрга“ зьяўляюцца асноўным тормазам. А трэба глядзець наперад хаця б на 10-15 гадоў».