Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч патлумачыў адным сказам, навошта ідзе ў прэзыдэнты, хоць раней заяўляў, што «выбараў няма»


Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч

Былы палітвязень Мікола Статкевіч абраны прэтэндэнтам у кандыдаты на пасаду прэзыдэнта ад Беларускага нацыянальнага кангрэсу.

У кароткім камэнтары для Свабоды ён патлумачыў, навошта зьбіраецца браць удзел у выбарчай кампаніі, калі раней неаднаразова крытыкаваў адсутнасьць дэмакратычных выбараў у Беларусі.

«Мы вырашылі выкарыстаць легальныя магчымасьці выбарчай кампаніі і палітызацыю грамадзтва для барацьбы за сапраўдныя выбары, за правы людзей і супраць пагрозы незалежнасьці», — пракамэнтаваў свой удзел у кампаніі Мікола Статкевіч.

У лютым летась у інтэрвію Свабодзе палітык раскрытыкаваў палітычныя сілы, якія бралі ўдзел у мясцовых выбарах.

«Хадзіць і выпрошваць сабе кавалачак улады, як паказалі мінулыя „выбары“, — гэта занятак прыніжальны і беспэрспэктыўны», — заявіў тады Статкевіч і дадаў, што «калі няма выбараў, калі ў краіне дыктатура, то абавязак тых, хто называе сябе дэмакратычнымі палітыкамі, — змагацца супраць гэтага адкрыта і публічна. І словам, і справай».

Першапачаткова разглядалася магчымасьць вылучыць ад БНК трох прэтэндэнтаў: Мікалая Статкевіча, Андрэя Саньнікава і Генадзя Фядыніча —​ як людзей, якіх улада пазбавіла права быць выбраным у сувязі з крымінальным перасьледам. Судзімасьць мае і Мікалай Статкевіч, таму існуе верагоднасьць, што Цэнтарвыбаркам адмовіцца рэгістраваць яго кандыдатам.

У раду Беларускага нацыянальнага кангрэсу ўваходзяць прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, аргкамітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), незалежнага прафсаюзу РЭП, кампаніі «Эўрапейская Беларусь», руху салідарнасьці «Разам», аргкамітэту партыі «Беларускі рух», руху «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць» Уладзіміра Някляева, а таксама кіраўнікі 14 рэгіянальных дэмакратычных кааліцый.

Згодна з заканадаўствам, выбары прэзыдэнта павінны прайсьці не пазьней за 30 жніўня 2020 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG