Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ісламская дзяржава» ўзяла на сябе адказнасьць за выбухі ў расейскім Магнітагорску


Пасьля выбуху ў жылым доме ў Магнітагорску
Пасьля выбуху ў жылым доме ў Магнітагорску

Тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава» ўзяла на сябе адказнасьць за выбухі ў жылым доме і ў маршрутным таксі ў Магнітагорску. Пра гэта са спасылкай на арабскую газэту Al Naba паведаміла арганізацыя SITE Intelligence Group, якая адсочвае актыўнасьць тэрарыстычных арганізацый у інтэрнэце.

Телеграм-канал Directorate 4 пацьвярджае гэтую інфармацыю і публікуе тэкст артыкулу ў газэце Al Naba, у якім сьцьвярджаецца, што прыхільнікі групоўкі змаглі закласьці выбухоўку ў будынку і прывесьці яе ў дзеяньне. Сваё маўчаньне на працягу амаль трох тыдняў у «Ісламскай дзяржаве» тлумачаць меркаваньнямі бясьпекі тых, хто ўчыніў тэракт, паведамляе канал.

Ніякіх падрабязнасьцяў, акрамя агульнавядомых, у артыкуле Al Naba не прыводзіцца. Пры гэтым джыхадысты цытуюць заявы расейскіх уладаў аб тым, што сьлядоў выбухоўкі знойдзена не было, гаворыцца ў паведамленьні Directorate 4.

Пасьля заявы «Ісламскай дзяржавы» аб датычнасьці да выбухаў у Магнітагорску Сьледчы камітэт Расеі выступіў з камэнтаром, у якім прапанаваў журналістам «не давяраць паведамленьням тэрарыстычных арганізацый, якія, як вядома, прыпісваюць сабе ўсе рэзанансныя здарэньні ў розных краінах сьвету».

Афіцыйная прадстаўніца Сьледчага камітэту РФ Святлана Пятрэнка адзначыла, што сьледзтва адпрацоўвае ўсе магчымыя вэрсіі трагедыі, але прыярытэтнай застаецца вэрсія выбуху бытавога газу, а высновы «можна будзе зрабіць толькі па выніках правядзеньня комплексу сьледчых дзеяньняў і стараннага аналізу сукупнасьці атрыманых доказаў».

Раніцай 31 сьнежня ў адным з пад’ездаў дзесяціпавярховага дома ў Магнітагорску абрынуліся перакрыцьці. Загінулі 39 чалавек. Паводле афіцыйных дадзеных, прычынай абвалу стаў выбух бытавога газу.

1 студзеня ў Магнітагорску загарэлася і ўзарвалася маршрутка, як заяўлялі ў МУС, празь няспраўнасьць газавага абсталяваньня. У выніку загінулі тры чалавекі.

Раней выданьні Znak.com і «74.ru» са спасылкай на крыніцы ў праваахоўных органах пісалі, што выбух дома мог быць тэрактам, а выбух аўтамабіля «Газэль» 1 студзеня і эвакуацыя жылых дамоў на праспэкце Леніна ў Магнітагорску маглі быць зьвязаныя з затрыманьнем падазраваных у датычнасьці да выбуху дома.

Пасьля гэтых паведамленьняў у СМІ, ужо 1 студзеня ФСБ Расеі адмовілася ад якіх-небудзь іншых вэрсіяў здарэньня акрамя выбуху бытавога газу. Сьледчы камітэт паведаміў, што разглядае ўсе вэрсіі, але прыярытэтнай лічыць выбух газу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG