Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля войска — у калёнію. Горадзенскіх памежнікаў асудзілі за дзедаўшчыну


Андрэй Пятровіч (зьлева) і Ўладзіслаў Шкулькоў (справа)
Андрэй Пятровіч (зьлева) і Ўладзіслаў Шкулькоў (справа)

Двух былых салдатаў з Горадзенскай памежнай групы асудзілі за зьдзек з таварыша па службе на 1 год калёніі агульнага рэжыму. Прысуд агучылі ў судзе Кастрычніцкага раёну Горадні 16 студзеня. Ён яшчэ не набыў законную сілу.

На лаве падсудных былі 22-гадовы Ўладзіслаў Шкулькоў зь вёскі Асіповічы Вілейскага раёну Менскай вобласьці і 20-гадовы Андрэй Пятровіч зь Менску. Пацярпелы — Міхал Ярашэнка. Усе яны служылі ў вайсковай частцы 2141 і цяпер звольненыя ў запас.

За вынясеньнем прысуду назіралі некалькі дзясяткаў цяперашніх салдат з Горадзенскай памежнай групы.

Генадзь Мазайла
Генадзь Мазайла

Пракурор Генадзь Мазайла падчас разгляду справы апісаў, як зьдзекаваліся з пацярпелага.

1. Пасьля адбою Шкулькоў выклікаў Ярашэнку ў спальню для старэйшых вайскоўцаў і загадваў яму нецэнзурна зычыць добрай ночы. Пасьля гэтага салдат мусіў пакласьці сабе на галаву падушку, зрабіць тры страявыя крокі да Шкулькова і лаянкавымі словамі папрасіць дазволу выключыць сьвятло. Потым трэба было страявым крокам падысьці да выключальніка і ўдарам галавы праз падушку выключыць яго. Роля Пятровіча была ў тым, каб прывесьці Ярашэнку і пільнаваць, ці не ідуць па калідоры афіцэры.

2. Шкулькоў падымаў ложак Ярашэнкі за ножкі, той біўся галавой аб сьценку і падаў на падлогу.

3. Шкулькоў прымушаў Ярашэнку адціскацца ня менш як 65 разоў і расказваць прымаўкі памежнікаў у нецэнзурнай форме.

4. Пятровіч пасьля заўвагі Ярашэнкі схапіў яго за грудкі, зьняў і скамячыў ягоную шапку, а потым ударыў са сьпіны паміж ног, што выклікала лёгкае парушэньне здароўя ў пацярпелага.

Паводле абвінаваўцы, гэта рабілася «з жаданьня самасьцьвердзіцца ў вайсковым калектыве, каб усталяваць і далей падтрымліваць нестатутныя традыцыі, паказаць сваю значнасьць, фізычную сілу і ўяўную перавагу над іншымі вайскоўцамі, запалохаць і зьняважыць іх, падпарадкаваць іх сваёй волі, падвысіць свой нефармальны аўтарытэт».

Факты нестатутных адносін выявілі камандзіры абвінавачаных і пацярпелага, сказаў намесьнік камандзіра Горадзенскай памежнай групы па ідэалягічнай працы і кадравым забесьпячэньні Сяргей Саўчук.

Ён адзначыў, што праверкі ў частцы не былі зьвязаныя са сьмерцю Аляксандра Коржыча, якога знайшлі павешаным у Печах.

Паводле Саўчука, сёньня «камандзіры прымаюць вычарпальныя меры. Нават ускосныя прыкметы, якія паказваюць на магчымасьць нестатутных узаемаадносін, падрабязна разглядаюцца на самым высокім узроўні».

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG