Імя Сьвятланы Коржыч не пакідала загалоўкаў вядучых СМІ краіны ўвесь 2018 год. Маці салдата Аляксандра Коржыча, які трагічна загінуў у беларускім войску, ганаруецца прэміяй «Людзі Свабоды» за тое, што мужна змагаецца за праўду і справядлівасьць для ўсіх маці і ўсіх сыноў.
Радыё Свабода штогод уручае прэмію «Людзі Свабоды» асобам, якія пашыраюць межы свабоды для сябе, для Беларусі і для ўсяго сьвету. Летась яе ляўрэатамі сталі беларусы, якія «ламаюць стэрэатыпы пра людзей з інваліднасьцю».
У размове са Свабодай Сьвятлана ўпершыню расказвае пра сябе.
Для ўручэньня прэміі са Сьвятланай Коржыч мы сустракаемся ў яе дома ў Пінску. Яна крыху спазьняецца, тлумачыць гэта занятасьцю на працы, дзе гандлюе ласункамі, і ў жыльлёвым каапэратыве (у доме, куратарам якога зьяўляецца Сьвятлана, жыве больш за 400 чалавек).
Расказвае, што незнаёмыя людзі пагаварыць пра беларускае войска падыходзяць і празь месяц пасьля прысуду ў справе сына. Размовы гэтыя не заўсёды прыемныя. Сёньня, напрыклад, зноў давялося наслухацца папрокаў у свой адрас ад былога вайскоўца.
Цяпер Сьвятлана чакае прызначэньня даты разгляду касацыйнай скаргі на прысуд. Пасьля зьбіраецца ехаць у Менск — ёй абяцалі чарговую сустрэчу з кіраўніцтвам адміністрацыі Лукашэнкі.
«Я вырасла сярод салдатаў»
«Вёска Кротава Іванаўскага раёну Брэсцкай вобласьці — там я нарадзілася ў 1966 годзе, — расказвае Сьвятлана. — Мама працавала на пошце, была начальніцай паштовага аддзяленьня сувязі. Бацька адвучыўся ў Менску ў «наргасе», працаваў галоўным бухгальтарам у калгасе.
У вёсцы ў нас была вайсковая частка, інтэрнацыянальная. Ракетчыкі. Усе там былі — і расейцы, і грузіны, і ўзбэкі. Вырасла сярод салдатаў. Жаніхі былі салдаты ў дзяўчат у вёсцы. Мая цётка замуж выйшла за вайскоўца, потым жыла ў Падмаскоўі. Маміна сяброўка ў Ленінград пераехала. Нехта ў Саратаў паехаў.
Я расла, можна сказаць, пры войску. Цётка мая працавала ў афіцэрскай сталоўцы. У Баку нехта зь дзяўчат паехаў, некалькі чалавек у Грузію. Мы ўсе вырасьлі з разуменьнем, што ў войску нічога страшнага няма, што людзям у форме можна давяраць».
Ва ўзросьце 15 гадоў Сьвятлана зьяжджае з роднай вёскі вучыцца ў Наваградак. Бацька настойвае, каб яна паступіла ў гандлёва-эканамічны тэхнікум. Там яна застаецца на тры гады, пасьля завяршэньня вучобы едзе працаваць па разьмеркаваньні ў Пінск. З вучобы ў тэхнікуме Сьвятлана Коржыч больш за ўсё ўспамінае заняткі спортам.
«Фізкультуру ў нас там выкладаў былы вайсковец, — расказвае яна. — Усе дзяўчаты як: пабяруць даведак пра хваробы, пра дрэнны зрок — і ня ходзяць. Пячонка хворая, страўнік. А я ніколі не ўхілялася ад гэтага. Лыжы, бег. Страляць нас вучылі, зброю разьбіраць. Калі сын потым пайшоў на каток займацца, на каратэ, я за яго не перажывала. Сама прайшла праз гэта, была спакойная».
Загадчыца крамы ў 18 гадоў
У Пінску 18-гадовую Сьвятлану «паставілі» старшым прадаўцом. А праз два месяцы — загадчыцай крамы.
«Загадчыца крамы, дзе я працавала, пайшла ў дэкрэтны водпуск, і адразу мяне зрабілі галоўнай, — успамінае Сьвятлана. — Мне 19 гадоў. Але заробак быў большы, я і працавала. Праз два гады мяне ў гархарчгандаль забралі, „наверх“. Стала я там сакратаром камсамолу. Сядзела, плакала. Нікуды не хацела сыходзіць з крамы, але выйсьця тады не было. 1986 год. Прапрацавала там да 25 гадоў. Хадзілі па крамах, вырашалі пытаньні. Аховы працы, арганізацыі. Ня толькі пуцёвачкі раздавалі. Давалі прэміі лепшым супрацоўнікам».
На пачатку 90-х Сьвятлана вяртаецца ў гандаль і вырашае завочна атрымліваць вышэйшую адукацыю, паступіць у ВНУ, дзе некалі вучыўся яе бацька — сталічны наргас. Для гэтага атрымлівае ў Берасьці накіраваньне.
«Прыехала я ў Менск. Кажу, у мяне накіраваньне. А яны адказваюць, што не, — успамінае Сьвятлана сваё першае сур’ёзнае супрацьстаяньне з сыстэмай. — Я потым даведалася, што накіраваньні тыя раздавалі налева і направа, па 200 даляраў. Менскія ўсе месцы па накіраваньнях сабе забралі, а мне не было ўжо. Мяне злосьць разабрала. Кажу, навошта я сюды прыехала тады, калі ўжо і накіраваньня няма. Сабралася і пайшла ў Міністэрства гандлю. Запісалася на прыём, Аляксандар Сяргеевіч такі быў — кіраўнік упраўленьня аддзелу кадраў. Зайшла да яго проста ў кабінэт. Ён мне кажа, трэба пачакаць. Як пачакаць? Я прыехала зь Пінску, мне паабяцалі накіраваньне з упраўленьня гандлю ў Берасьці. А вы ўсе накіраваньні папрадавалі па 200 даляраў мянчанкам. Ён бачыць, што са мной спрачацца бессэнсоўна. Ну і выпісаў мне новае накіраваньне».
«Сьвета, твайго мужа забілі»
Пінск 90-х — не самае спакойнае месца. Асабліва цяжка прыходзілася прыватнаму гандлю. У дзяржаўныя крамы, дзе працавала Сьвятлана, рэкетыры амаль не наведваліся. Замест іх час ад часу прыходзілі людзі ў пагонах. Ад іх свавольства ратавала тое, што муж Сьвятланы быў адным з кіраўнікоў ДАІ гораду.
«Цяжкае ў той час было жыцьцё. Нявызначанасьць, беднасьць, — прыгадвае Сьвятлана. — Банды ў горадзе. У мяне было 70 чалавек падначаленых ва ўнівэрсаме. Выжывалі як атрымлівалася. У Польшчу езьдзілі гандляваць, засвойвалі „прасторы“. Адкрытага рэкету не было ў дзяржаўных крамах. Але хадзілі іншыя. З АБЭЗ (атрад барацьбы з эканамічнай злачыннасьцю). Правяралі, глядзелі. Таксама свае мэты мелі. Аднойчы прыйшла праверка, восем чалавек. Знайшлі запасы нехадавога тавару. Давялося „дамаўляцца“».
Першы раз з сыстэмай правасудзьдзя Сьвятлана сутыкнулася ў 2006 годзе, калі ў бойцы з групай памежнікаў моцна пацярпеў яе муж.
«Гэта быў канец траўня, Дзень памежніка, — расказвае Сьвятлана. — Да мяне ў краму на працу прыбегла знаёмая і крычыць: „Сьвета, твайго мужа забілі. Ляжыць на ходніках“. Я пабегла туды, убачыла мужа. Ён увесь у крыві, зубы выбітыя, непрытомны. Але жывы, дзякуй Богу. Выклікалі „хуткую“, забрала яна яго. Я назад у краму вярнулася — нельга ж кінуць. А кампанія гэтая п’яная за мной. Адзін зь іх падышоў, ну я яму і выказала ўсё ў твар. Кінуўся на мяне з кулакамі. Добра, што брат яго быў побач цьверазейшы. Пасьпеў адцягнуць».
Суд у справе аб зьбіцьці мужа Сьвятланы Коржыч прайшоў у Пінску празь некалькі месяцаў. Абвінавачаныя атрымалі штрафы, Сьвятлану суддзя выдаліў з залі. З мужам яна разышлася празь некалькі гадоў пасьля гэтай гісторыі. Ён стаў інвалідам, жыве асобна. Па словах Сьвятланы, ён моцна перажывае сьмерць сына і вінаваціць у гэтым перш за ўсё сябе.
«Я не маўчу»
Праяўляць характар Сьвятлане Коржыч даводзілася ня толькі падчас паступленьня ў ВНУ і на судзе ў справе мужа. Аднойчы яна даведалася, што за год зь дзясятага месца ў чарзе на будаўніцтва льготнага жыльля сям’я Коржычаў апусьцілася на дваццаць шостае. Вярнуцца назад дапамаглі толькі абяцаньні паехаць у Менск на сустрэчу ў Адміністрацыю прэзыдэнта.
«Маці лічыла, што гэты характар у мяне ад прабабкі, — кажа Сьвятлана Коржыч. — У 1914 годзе яна прыехала ў Беларусь з Расеі аднекуль, хацела знайсьці свае карані. Яна адсюль паходзіла. Прыехала ўдавой, на руках мела чатырох дачок. І яна адна ўладкавалася ў Кротаве. Дом дапамаглі вяскоўцы пабудаваць, дачок выгадавала сама. Ганна яе звалі. Марыя, Крысьціна, Еўдакія і Настасься — гэта яе дочкі, мае бабулі. Усе выйшлі замуж, абзавяліся сем’ямі. Шмат хто разьехаўся потым. Нехта ў ЗША жыве, нехта ў іншых краінах».
Пасьля вайны прабабка Сьвятланы была дэпутатам сельсавету. Падрабязнасьцяў пра яе паходжаньне Сьвятлана Коржыч ня ведае.
«Я не маўчу. І мне гэтая асаблівасьць у жыцьці ніколі не шкодзіла, — кажа Сьвятлана. — Усе мае патрабаваньні небеспадстаўныя. Я ж ня тое што сяджу, надумала нешта сабе — і ні з пушчы ні з поля пачынаю нечага дабівацца. Усе пытаньні жыцьцёвыя. Калі хтосьці не рэагуе, то ёсьць і органы вышэйшыя. Проста так я ня скардзілася ніколі».
Дата разгляду скаргі на прысуд у справе аб сьмерці Аляксандра Коржыча пакуль невядомая. Акрамя перагляду выраку суду, Сьвятлана Коржыч дамагаецца таго, каб на магіле сына быў пастаўлены помнік. За кошт Мінабароны.