Дваіх салдат з Горадзенскай памежнай групы судзяць за зьдзек з таварыша па службе.
Пацярпелага прымушалі нецэнзурна зычыць «дабранач», хадзіць з падушкай на галаве, скідалі з ложка. Першае паседжаньне адбылося ў судзе Кастрычніцкага раёну Горадні 22 кастрычніка.
Пацярпелы ня трапіў на суд, бо цяпер у лякарні
На лаве падсудных — двое хлопцаў, якія служылі ў Горадзенскай памежнай групе, вайсковай частцы 2141. Пад варту іх ня бралі. У залі суду яны сядзяць на першай лаве, а ня ў клетцы. Абодвух абвінавачваюць у парушэньні статутных правілаў узаемаадносін паміж ваеннаслужачымі.
Першаму зь іх, Уладзіславу Шкулькову, 22 гады. Ён зь вёскі Асіповічы Вілейскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў службу сёлета ў траўні, працу пакуль не знайшоў.
«Можна папрасіць, каб не было фота і прозьвішча, каб не афішаваць?» — зьвяртаецца да журналіста маці абвінавачанага Шкулькова перад паседжаньнем і пачынае плакаць.
Яна перадае насоўку сыну, той адмаўляецца.
«Ну пакладзі ў кішэньку. Мала што будзе», — лагодна кажа яна.
Другі абвінавачаны, Андрэй Пятровіч, — зь Менску. Яму 20 гадоў. Ён яшчэ служыць у памежных войсках.
Абодвум фігурантам пагражае да пяці гадоў зьняволеньня.
Пацярпелы — шараговец Ярашэнка, які служыць у той жа частцы. На судзе яго няма, бо цяпер ён у шпіталі ў Берасьці. Невядома, ці зьвязаная ягоная шпіталізацыя з пабоямі ў войску.
Справу разглядае судзьдзя Дзяніс Раманішка, пракурор — Генадзь Мазайла.
Прымушалі блазнаваць, скідалі з ложка, білі праміж ног
Спосабы пазьдзекавацца з таварыша па службе паўтараліся.
Паводле дзяржаўнага абвінавачваньня, самым распаўсюджаным быў зьдзек пасьля адбою. Шкулькоў выклікаў шарагоўца Ярашэнку ў іншую спальню для старэйшых вайскоўцаў і загадваў яму зычыць «дабранач», ужываючы лаянку. Пасьля гэтага салдат мусіў накласьці сабе на галаву падушку, зрабіць тры страявыя крокі да Шкулькова і нецэнзурна папрасіць у яго дазволу выключыць сьвятло. Атрымаўшы дазвол, гэтаксама страявым крокам ішоў да выключальніка, прыкладаў да яго падушку і ўдарам галавы націскаў яго. Роля Пятровіча заключалася ў тым, каб прывесьці Ярашэнку, а потым пільнаваць, каб па калідоры не ішлі афіцэры.
Другі спосаб — Шкулькоў падымаў ложак Ярашэнкі за ножкі, той біўся галавой аб сьцяну і падаў з ложка.
Да таго ж Шкулькоў, па словах пракурора, прымушаў Ярашэнку адціскацца ня меней за 65 разоў, расказваць прымаўкі памежнікаў у нецэнзурнай форме.
Пятровіч жа аднойчы пасьля заўвагі да яго з боку Ярашэнкі схапіў таго за грудкі, зьняў і скамячыў ягоную шапку, а потым ударыў са сьпіны нагой яму паміж ног і трапіў па машонцы, што выклікала лёгкае парушэньне здароўя.
Як зачытаў пракурор, гэта рабілася «з жаданьня самасьцьвердзіцца ў вайсковым калектыве, каб усталяваць і далей падтрымліваць нестатутныя традыцыі, паказаць сваю значнасьць, фізычную сілу і ўяўную перавагу над іншымі ваеннаслужачымі, запалохаць і зьняважыць іх, падпарадкаваць іх сваёй волі, падвысіць свой нефармальны аўтарытэт».
Гэта, паводле абвінавачваньня, падрывала аснову вайсковых адносін — вайсковае таварыства, аслабляла вайсковую дысцыпліну, наносіла істотную шкоду правам і законным інтарэсам пацярпелага, дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам.
Уладзіслаў Шкулькоў сваёй віны не прызнаў.
«Я гэтага не зьдзяйсьняў», — коратка патлумачыў ён.
Андрэй Пятровіч прызнаў віну часткова.
«Вы толькі кажыце праўду», — празь сьлёзы спрабавала падтрымаць абвінавачаных маці Шкулькова пасьля паседжаньня.
На наступных паседжаньнях суд дапытае сьведак, абвінавачаных і пацярпелага.