Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка вызначыў, колькі грошай сплацяць за аварыі на БелАЭС


Будоўля Беларускай АЭС, 12 кастрычніка 2017 году
Будоўля Беларускай АЭС, 12 кастрычніка 2017 году

Аляксандар Лукашэнка 14 студзеня падпісаў указ «Аб адказнасьці за ядзерную шкоду», паведамляе ягоная прэс-служба. Сам указ пакуль не апублікаваны.

Паводле прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі, указ «стварае мэханізм фінансавага забесьпячэньня адказнасьці за страты, якія ўзьніклі пры ажыцьцяўленьні дзейнасьці па выкарыстаньні атамнай энэргіі».

Бюджэт на кампэнсацыі за інцыдэнты праз страхаваньне грамадзянскай адказнасьці вымяраецца ў «спэцыяльных правах запазычваньня» — у штучным плацежным сродку Міжнароднага фонду, роўным на момант публікацыі 1,397 даляра ЗША. За адзін ядзерны інцыдэнт максымальная сума «адказнасьці» — 150 млн спэцыяльных правоў запазычваньня, то бок каля 209,5 млн даляраў.

Страхаваньне БелАЭС будуць забясьпечваць празь некалькі кампаніяў: «Белдзяржстрах», «Белэксімгарант» і Беларускую нацыянальную перастраховачную арганізацыю.

На момант публікацыі не паведамлялася пра аварыі на БелАЭС, зьвязаныя з радыеактыўнымі матэрыяламі. Але падчас будоўлі здараліся іншыя інцыдэнты: былі нязначна пашкоджаныя два карпусы рэактараў (першы замянілі, другі не замянялі і зьбіраюцца выкарыстоўваць), у розных абставінах загінулі ня менш за 4 чалавекі. Здарэньні на будоўлі пэўны час замоўчваліся — пакуль пра іх не даведваліся з уласных крыніцаў незалежныя журналісты.

Ядзернае паліва для БелАЭС ужо вырабілі. Першы яе блёк дабудоўваюць. Беларуская АЭС узводзіцца за кошт крэдыту Расеі паводле тыпавога расейскага праекту ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд даляраў на будоўлю станцыі адкрытая да 2035 году. Увод у эксплюатацыю першага энэргаблёку заплянаваны на сьнежань 2019 году, другога — на ліпень 2020-га.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG