«Мы супраць захоўваньня ядзерных адходаў у Беларусі»,— пэтэцыя з такой назвай зьявілася на пляцоўцы petitions.by.
За першыя суткі пад ёй падпісаліся больш за 700 чалавек. Зварот будзе накіраваны ў міністэрствы прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя ды энэргетыкі, Палату прадстаўнікоў.
Ініцыятары нагадваюць, што адпрацаванае ядзернае паліва з БелАЭС будзе захоўвацца ў Беларусі — гэта прапісана ў дамове паміж беларускім і расейскім урадамі.
«Уся стратэгія ў любым выпадку зводзіцца да таго, што адпрацаванае ядзернае паліва ў тым ці іншым выглядзе будзе вернута ў Беларусь», — адзначаецца ў пэтыцыі.
Паводле ініцыятараў пэтыцыі, варыянты рэалізацыі выглядаюць наступным чынам.
- № 1. Накіраваньне апрамяненай цеплавыводнай зборкі (адпрацаванага ядзернага паліва) зь Беларускай АЭС на перапрацоўку ў Расею для працяглага захоўваньня, але зь вяртаннем высокаактыўных адходаў і іх пахаваньнем ў Беларусі.
- № 2. Накіраваньне апрамяненай цеплавыводнай зборкі зь Беларускай АЭС на перапрацоўку ў Расею з улікам працяглага «сухога» захоўваньня адпрацаванага ядзернага паліва на тэрыторыі Беларусі.
- № 3. Працяглае захоўваньне апрамяненай цеплавыводнай зборкі на тэрыторыі Беларусі без адпраўкі ў Расею.
Як адзначаюць ініцыятары пэтыцыі, ніводзін з прапанаваных варыянтаў ня можа засьцерагчы ад трагічных наступстваў узьдзеяньня «мірнага атаму».
«Мы катэгарычна супраць захоўваньня адпрацаваных ядзерных адходаў на тэрыторыі нашай краіны. Беларусь — ня сьметніца радыёактыўных адходаў», — гаворыцца ў звароце.
Азнаёміцца са зьместам экалягічнага дакладу, падрыхтаванага Дзяржаўнай навуковай установай «Сосны» сумесна з зацікаўленымі органамі і арганізацыямі можна на сайце Міністэрства энергетыкі Беларусі.