Аляксандар Лукашэнка 22 сьнежня падпісаў указ № 493 «Аб некаторых мерах па падвышэньні надзейнасьці беларускай энэргасыстэмы», паведамляе БелаПАН з спасылкай на прэсавую службу кіраўніка дзяржавы.
У ім вядзецца пра
- будаўніцтва пікава-рэзэрвавых энэргакрыніцаў,
- усталяваньне электрычных катлоў,
- узьвядзеньне адпаведнай інфраструктуры.
Гэта патрэбна для
- падтрыманьня балянсу энэргасыстэмы падчас максымальнага і мінімальнага спажываньня электраэнэргіі,
- стварэньня рэзэрваў магутнасьці на выпадак аварыйнага адключэньня энэргаблёка Беларускай АЭС,
- падвышэньня надзейнасьці і бясьпекі працы энэргасыстэмы.
Паводле Інтэрфаксу, агульны кошт стварэньня рэзэрвавых энэргакрыніцаў складзе 1 мільярд рублёў (каля 500 мільёнаў даляраў). Пра зацікаўленасьць у рэалізацыі гэтага праекту заявілі расейскія кампаніі.
Беларуская АЭС узводзіцца за кошт крэдыту Расеі паводле тыпавога расейскага праекту ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 мільярдаў даляраў на будаўніцтва станцыі адкрытая да 2035 году. Увод у эксплюатацыю першага энэргаблёку заплянаваны на сьнежань 2019 году, другога — на ліпень 2020-га.
Эколягі Беларусі і Расеі ня раз выказвалі крытыку рашэньня пабудаваць АЭС у Беларусі. Супраць яе будаўніцтва на дзяржаўным узроўні выступае Літва.