Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як караюць за экстазі ў іншых краінах


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

У Менску вынесьлі прысуды за вечарынку з псыхатропамі, на якой загінула дзяўчына. Свабода даведалася, якое пакараньне даюць за набыцьцё, ужываньне і захоўваньне МДМА (экстазі) для ўласнага карыстаньня ў ЗША, Швэцыі, Расеі і Польшчы.

ЗША, штат Каліфорнія

Валоданьне псыхатропным рэчывам МДМА для асабістага карыстаньня юрыдычна лічыцца не злачынствам, а правінай. Гэта правапарушэньне, якое мае меншую грамадзкую небясьпеку ў параўнаньні са злачынствам. За захоўваньне экстазі могуць караць зьняволеньнем да году ў акружной турме і/або штрафам да 1000 даляраў, калі гэта першы інцыдэнт у біяграфіі абвінавачанага.

Правінай лічыцца і кіраваньне аўтамабілем пад узьдзеяньнем экстазі, калі гэта першы выпадак. Караецца штрафам да 390 даляраў і/або ад 3 да 5 гадоў выпрабавальнага тэрміну. Ліцэнзія кіроўцы на гэты час прыпыняецца.

ЗША, штат Каларада

За ўжываньне МДМА і захоўваньне рэчыва да 4 грамаў для ўласнага карыстаньня можа пагражаць турэмнае зьняволеньне ад шасьці месяцаў да году ў турме і/або штраф у памеры ад 1000 да 100 000 даляраў.

Швэцыя

Спажываньне МДМА ў Швэцыі не караецца. Караюцца толькі захоўваньне, перадача, збыт.

Лёгкім злачынствам лічыцца захоўваньне да 50 таблетак. Калі гэта лёгкае злачынства і даказана, што МДМА набытае толькі для ўласнага выкарыстаньня, то звычайна абвінавачаным прад’яўляецца ніжняя мяжа пакараньня — 30 «дзённых штрафаў» або зьняволеньне на тэрмін да шасьці месяцаў. «Дзённы штраф» — сума, якая адпавядае дзённаму заробку.

Расея

У Расеі за набыцьцё, ужываньне і захоўваньне МДМА або іншых псыхатропаў судзяць паводле ч. 1 арт. 228 Крымінальнага кодэксу РФ. Злачынствы па гэтым артыкуле маюць нізкую ступень цяжкасьці.

Абвінавачанаму могуць даць штраф да 40 тысяч расейскіх рублёў (каля 600 даляраў), аднак ня больш за трохмесячны даход парушальніка, або пакараць абавязковымі працамі цягам 480 гадзін, папраўчымі працамі да 2 гадоў ці абмежаваньнем волі або заключэньнем на 3 гады.

Калі абвінавачаны мае малалетняе дзіця або супрацоўнічае падчас сьледзтва з праваахоўнымі органамі, гэта можа зьмякчыць прысуд. Пазбаўленьне волі, як правіла, не прызначаецца, калі няма судзімасьцяў і ёсьць станоўчыя характарыстыкі.

Польшча

Само ўжываньне псыхатропу не караецца. Караецца захоўваньне невялікай колькасьці рэчыва (да некалькіх таблетак экстазі) — штрафам, абмежаваньнем волі або зьняволеньнем на тэрмін да аднаго году з адтэрміноўкай ад 2 да 5 гадоў. Суд улічвае жыцьцёвыя абставіны абвінавачанага і прычыны ўжываньня наркотыку. Калі судзімасьцяў няма, даюць, як правіла, умоўны тэрмін.

Беларусь

У Беларусі за апошнія гады вядомыя два гучныя выпадкі пакараньня за набыцьцё, ужываньне і захоўваньне экстазі.

Жорсткі — 12 гадоў жанчыне за паўтары таблеткі МДМА ў 2016 годзе. Жанчына прыляцела ў Беларусь з Турэцкай Рэспублікі Паўночнага Кіпру. У яе багажы пры надглядзе знайшлі таблеткі экстазі, запакаваныя ў шкарпэтку — іх унюхаў службовы сабака.

Лагаднейшы — за вечарынку, на якой кампанія маладых людзей ужывала МДМА. Адна дзяўчына загінула ад перадазіроўкі. Сем фігурантаў асудзілі паводле часткі 1 арт. 328 (незаконнае абарачэньне наркатычных рэчываў), але за краты ніхто зь іх ня трапіў.

21-гадовага Антона пакаралі трыма гадамі абмежаваньня волі ва ўстанове адкрытага тыпу («хімія»). 18-гадовая Соф’я атрымала два гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія»). Яшчэ 5 фігурантаў асудзілі на два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на два гады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG