Дзесяткі актывістаў руху «Маці 328» у розных гарадах Беларусі працягваюць галадоўку, патрабуючы зьмякчэньня «наркатычнага» заканадаўства. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у беларускіх турмах адбываюць пакараньне 13 760 асуджаных за злачынствы, зьвязаныя з наркотыкамі. Гэта больш за траціну ад усіх асуджаных у месцах пазбаўленьня свабоды на 1 студзеня 2018 году.
Артыкул 328 Крымінальнага кодэксу — «Незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў» — прадугледжвае пакараньне ад 5 гадоў абмежаваньня волі да 25 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.
Асноўныя факты пра прымяненьне «наркатычнага» артыкула 328 у Беларусі
А як выглядаюць падобныя артыкулы і пакараньне за наркатычныя злачынствы ў суседзяў Беларусі?
Польшча
У Польшчы за захоўваньне наркотыкаў пагражае пазбаўленьне свабоды да 3 гадоў. У выпадках захоўваньня невялікай колькасьці наркотыкаў, такіх як марыхуна, амфэтамін або экстазі, суды пераважна караюць пазбаўленьнем волі ад некалькіх месяцаў да паўтара года ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам ад 2 да 5 гадоў.
За продаж наркотыкаў польскія суды караюць пазбаўленьнем волі ад 1 да 10 гадоў. За іх кантрабанду ў Польшчы пагражае нават да 15 гадоў турмы. Як і ў Беларусі, у Польшчы караюць за намер гандлю наркотыкамі. За гэта прадугледжана пазбаўленьне свабоды тэрмінам да 3 гадоў.
За схіленьне іншай асобы да ўжываньня наркотыкаў у Польшчы пагражае да 3 гадоў. У выпадку схіленьня малалетняй асобы можна атрымаць да 8 гадоў турмы.
Расея
За прыём наркатычных сродкаў у Расеі пагражае адміністрацыйнае пакараньне — штраф або 15 сутак арышту.
За распаўсюд наркотыкаў у Расеі караюць пазбаўленьнем волі: ад 4 да 8 гадоў турмы. Калі наркотыкі прадае цэлая арганізацыя, буйныя партыі, дзецям да 18 гадоў і гэтак далей, то турэмны тэрмін прыкметна вырастае — ад 15 да 20 гадоў турмы.
Яшчэ адзін спосаб пакараць за збыт наркотыкаў у Расеі — абмежаваць свабоду асуджанага. Гэта забарона выезду за межы вобласьці, абавязак рэгулярнай яўкі ў інспэктара, забарона без дазволу інспэктара зьмяніць месца працы, наведваць пэўныя месцы і ўстановы.
За намер распаўсюджваць кара ў Расеі складае ад 10 да 20 гадоў турмы.
Латвія
Ужываньне наркотыкаў без прызначэньня лекара зьяўляецца адміністрацыйным правапарушэньнем. У выпадку паўторнага незаконнага ўжываньня наркотыкаў на працягу 12 месяцаў чалавек можа быць асуджаны на пазбаўленьне волі тэрмінам да 2 гадоў.
Незаконнае набыцьцё і захоўваньне невялікай колькасьці наркотыкаў для асабістага карыстаньня ў Латвіі караецца штрафам у памеры каля 130 эўра або адміністрацыйным арыштам да 15 сутак.
Тыя ж дзеяньні, учыненыя зь вялікай колькасьцю наркотыкаў, могуць пацягнуць крымінальную адказнасьць (да 7 гадоў пазбаўленьня волі).
За гандаль наркотыкамі ў Латвіі пагражае турэмнае зьняволеньне на тэрмін ад 8 да 13 гадоў.
Дарэчы, у 2013 годзе ў Латвіі часткова дэкрыміналізавалі марыхуану. Калі чалавека засьпелі на гарачым у момант куплі ці захоўваньня наркотыкаў у невялікай колькасьці і без намеру іх рэалізацыі, то яму пагражае штраф памерам 280 эўра альбо вынясеньне папярэджаньня.
Літва
Паводле Крымінальнага кодэксу Літвы, за незаконны выраб, набыцьцё, захоўваньне, перавозку, перасылку, збыт наркатычных сродкаў першай катэгорыі або прэкурсараў псыхаактыўных рэчываў ці за любое іншае дзеяньне зь імі прадугледжана турэмнае зьняволеньне на тэрмін ад 2 да 10 гадоў.
КК Літвы падзяляе гандаль і збыт у коле сяброў. У другім выпадку пакараньне складае ад 2 да 8 гадоў турмы. Практыка ўмоўных прысудаў за наркатычныя злачынствы ў Літве адсутнічае.
Захоўваньне невялікай колькасьці псыхатропных рэчываў для ўласнага ўжытку караецца турмою тэрмінам да 2 гадоў. Да 2017 году за гэта пагражала адміністрацыйная адказнасьць.
Украіна
Ва Ўкраіне паняцьце адказнасьці за ўжываньне наркотыкаў у крымінальным заканадаўстве адсутнічае. Караецца незаконны выраб, набыцьцё, захоўваньне, перавозка або перасылка наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў або іх аналягаў.
Крымінальная адказнасьць пачынаецца з 0,005 грама наркатычнага рэчыва, у Расеі — з 0,5 грама, а ў Эўразьвязе — з 1-3 грамаў.
Першае нарказлачынства можа быць пакаранае як пазбаўленьнем волі на тэрмін да трох гадоў, так і арыштам да 6 месяцаў або штрафам да 1700 грыўняў (прыкладна 65$) ці папраўчымі работамі на тэрмін да 2 гадоў.
Пры паўторным учыненьні злачынства або калі ў абвінавачаньні фігуруюць вялікія аб’ёмы наркатычных рэчываў, пакараньне больш жорсткае — пазбаўленьне волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў. У выпадку прыцягненьня да злачынных дзеяньняў непаўналетніх наркадзялкі могуць пазбавіцца волі на тэрмін ад 5 да 8 гадоў.
Украінскае заканадаўства таксама прадугледжвае вызваленьне ад крымінальнай адказнасьці, але толькі пры ўмове, што вінаватая асоба добраахвотна здала наркатычныя сродкі, псыхатропныя рэчывы або іх аналягі і паказала крыніцу набыцьця гэтых рэчываў ці спрыяла раскрыцьцю злачынстваў, зьвязаных зь іх незаконным абарачэньнем.