Доля Беларусі ў расейскім імпарце сёлета складзе прыблізна 5,5%. Такое меркаваньне выказаў у размове са Свабодай кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук.
«А гэта азначае, што мы зноўку топчамся на месцы. Бо ў 2015 годзе гэткі ж самы паказьнік быў 5,4%, у 2016 — 5,7%, летась — 5,4%. Сёлета зноў істотных зьменаў няма», — канстатуе ён.
Паводле Раманчука, гэтыя лічбы красамоўна сьведчаць, што ніякіх перавагаў у так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі насамрэч няма.
«І ў Маскве, і ў Менску трубяць пра тое, што Саюзная дзяржава нібыта адкрывае межы, садзейнічае інтэграцыі, здымае розныя бар’еры, — разважае Раманчук. — Але гэта толькі прапаганда і ня болей за тое.
Сапраўднага свабоднага перамяшчэньня ні тавараў, ні рабочай сілы не існуе. У эканоміцы пануюць лябісты, чые інтарэсы выдаюцца за дзяржаўныя. Шмат ад якіх кіраўнікоў беларускіх прадпрыемстваў чую, што выйсьці на расейскі рынак безь вялікага хабару фактычна немагчыма».
Яшчэ адна лічба, паводле Раманчука, пераконвае, што інтэграцыя ў рамках так званай Саюзнай дзяржавы не ідзе наперад. Найбольшая прысутнасьць беларускіх тавараў у Расеі была зафіксаваная яшчэ ў 2000-м годзе. Тады адпаведны паказьнік раўняўся 8,8%.
А вось доля Расеі ў беларускім імпарце непараўнальна большая. У 2015 годзе яна складала 56,6%, у 2016 — 55,4%, у 2017 — 57,2%. Сёлета прагназуецца на ўзроўні каля 57%.