Мэсэнджэр для карпаратыўных камунікацыяў Slack пачаў блякаваць карыстальнікаў пасьля наведваньня імі краін і рэгіёнаў, якія трапілі пад санкцыі ЗША. Пра гэта паведамляе выданьне Mashable.
Паводле дадзеных СМІ, паведамленьні аб заблякаваньні Slack разаслаў карыстальнікам 20 сьнежня. Абмежаваньне датычыцца ўліковых запісаў, зьвязаных з Кубай, Іранам, Паўночнай Карэяй і анэксаваным Крымам. Акаўнты карыстальнікаў блякуюць без папярэджаньня.
Сайт TechCrunch адзначае, што абмежаваньні тычацца карыстальнікаў бясплатных груп Slack. Доступ да паслуг мэсэнджэра для платных карыстальнікаў пакуль не абмежавалі.
На блякаваньне сэрвісу паскардзіўся, у прыватнасьці, грамадзянін Ірану, які пражывае ў Канадзе. Ён выказаў здагадку, што яго забанілі з-за ягонага паходжаньня, бо ў кампаніі, дзе ён працуе, больш няма выхадцаў з Ірану.
Таксама паступаюць паведамленьні аб блякаваньні ад кампаніяў, чые супрацоўнікі наведвалі Крым. Паводле дадзеных TechCrunch, блякіроўкі закранулі і тых, хто распавядаў у сацсетках аб паездках у Іран.
Пры гэтым некаторыя карыстальнікі сацсетак сьцьвярджаюць, што былі заблякаваныя, нягледзячы на тое, што ніколі не наведвалі рэгіёны з абмежавальнага сьпісу ЗША і не працавалі з прадстаўнікамі гэтых краін.
У кампаніі Slack у адказ на запыт РБК заявілі, што кампанія абнавіла сыстэму геалякацыі, якая базуецца на IP-адрасах. Гэта прывяло да дэактывацыі акаўнтаў, зьвязаных з краінамі з санкцыйнага сьпісу ЗША.