Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Латвіі пачалі публікаваць архівы КДБ, у тым ліку сьпісы агентаў


Нацыянальны архіў Латвіі выклаў у інтэрнэт адсканаваныя картатэкі КДБ Латвійскай ССР.

У сьнежні будуць апублікаваныя:

  • агентурная картатэка ў альфабэтным парадку (10 612 картак), у якую ўваходзяць імёны агентаў, актыўных на момант спыненьня дзеяньня спэцслужбы і выключаных са службы. У ёй таксама ёсьць агульныя дадзеныя 1-га аддзелу КДБ (выведкі) аб асобах, якія мелі намер выехаць з СССР за мяжу, і імёны магчымых кандыдатаў для вярбоўкі ў выпадку вайны ці неспадзяванай сытуацыі;
  • картатэка статыстычнага ўліку агентуры КДБ (4141 картка), у якой тыя ж імёны пералічаныя па прыналежнасьці да структурных адзінак службы;
  • картатэка ўліку пазаштатных апэратыўных работнікаў (75 картак): асобаў, якія на грамадзкіх пачатках аказвалі КДБ «дапамогу ў контрвыведнай дзейнасьці на транспартных, прамысловых аб’ектах, а таксама асобных установах Мінабароны»;
  • апісаньне зьвязаных з працай спэцслужбаў матэрыялаў ЦК Кампартыі Латвіі;
  • тэлефонная кніга работнікаў КДБ.

Адпаведныя папраўкі да так званага закону аб КДБ, якія прадугледжваюць публікацыю архіваў савецкай спэцслужбы, былі прынятыя і ўступілі ў сілу ў Латвіі ў кастрычніку гэтага году.

З траўня 2019 года дзяржаўны архіў Латвіі пачне публікаваць у інтэрнэце і іншыя дакумэнты, зьвязаныя зь дзейнасьцю КДБ. C матэрыяламі ў выглядзе файлаў у фармаце PDF, у асноўным напісанымі па-расейску і ад рукі, можна будзе азнаёміцца, набраўшы ў браўзэры kgb.arhivi.lv альбо зайшоўшы на асноўны сайт архіва www.arhivi.gov.lv і затым выбраўшы разьдзелы Aktualitātes або Virtuālās izstādes un digitālie resursi.

Атрымаць доступ да іх зможа зарэгістраваны карыстальнік, які паказаў імя, прозьвішча, ідэнтыфікацыйны або пэрсанальны код, адрас электроннай пошты ў якасьці імені карыстальніка і пароль, а таксама мэту выкарыстаньня дакумэнтаў.

На афіцыйным сайце ўказваецца, што публікаваная ў гэтым месяцы картатэка прадастаўляе вельмі абмежаваныя аналітычныя магчымасьці без апэратыўных справаў і іншых матэрыялаў, якія плянуецца апублікаваць у траўні 2019 году. У прыватнасьці, маецца на ўвазе той факт, што стануць вядомыя імёны, але ня іх рэальнае супрацоўніцтва з КДБ і абставіны вярбоўкі.

Асоба, чые дадзеныя, якія зьмяшчаюцца ў картатэцы, выкарыстоўваюцца кім-небудзь з парушэньнем недатыкальнасьці прыватнага жыцьця, абразай гонару і годнасьці, можа падаць у суд у грамадзянскім парадку. Згодна з законам, выдаляць і сьціраць дадзеныя з публікаванага архіву нельга.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG