Такое рашэньне Саэйма Латвійскай Рэспублікі прыняла сёлета ў кастрычніку, Нацыянальны латвійскі архіў мае зрабіць даступнымі аблічбаваныя архівы КДБ да 31 сьнежня.
Архівы КДБ Латвіі стануць даступнымі ў сеціве да канца гэтага году, першыя дакумэнты Нацыянальны архіў Латвіі апублікуе ўжо на гэтым тыдні.
Пра гэта паведамляе латвійскі сайт DELFI. Ужо 3 сьнежня аблічбаваныя матэрыялы паступілі ў архіў, які зьбіраецца іх апублікаваць цалкам да 31 сьнежня.
Раней паведамлялася, што плянуецца раскрыць агентурныя картатэкі, картатэку ўліку пазаштатных супрацоўнікаў КДБ і тэлефонныя нататнікі
супрацоўнікаў КДБ, дзе можа захоўвацца інфармацыя аб пазаштатных агентах.
У 2014 годзе архівы КДБ канчаткова адкрыла Ўкраіна. У Беларусі архівы спэцслужбаў застаюцца закрытымі да сёньня. У МУС і КДБ Беларусі на просьбу рассакрэціць архівы адказваюць, што «заканадаўства да гэтага не абавязвае».