Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з расейскімі журналістамі 14 сьнежня заявіў, што Беларусь «застаецца пасьлядоўнай прыхільніцай інтэграцыі». Але на думку Аляксандра Лукашэнкі, як піша «Інтэрфакс», пад «глыбокай інтэграцыяй» Масква мае на ўвазе далучэньне Беларусі ў склад Расеі:
«Я разумею гэтыя намёкі: атрымайце нафту, але давайце разбурайце краіну і ўступайце ў склад Расеі, — казаў Лукашэнка. — Я заўсёды пытаю: такія рэчы ў імя чаго робяцца? Вы падумалі пра наступствы? Як на гэта паглядзяць у нашай і вашай краіне, і міжнародная супольнасьць? Ня кіем, дык палкаю інкарпаруюць краіну ў склад іншай краіны».
Лукашэнка заклікаў Маскву разьвіваць стасункі «без шантажу»: казаў, «шантажаваць Беларусь, нахіліць, стаць каленам на грудзі — марна».
«Для нас, запомніце, сьвятое — гэта сувэрэнітэт, я ўжо пра гэта казаў, — цытуе Лукашэнку БелТА. — Гэта адносная незалежнасьць, я лічу, што абсалютна незалежных дзяржаваў няма. І вы таксама не настолькі незалежныя, але сувэрэнныя. Калі нас хочуць, як Жырыноўскі прапаноўваў, падзяліць на вобласьці і ўпіхнуць у Расею — гэтага ня будзе ніколі. і калі такімі катэгорыямі кіраўніцтва Расеі думае — гэта на шкоду самой Расеі».