Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь Беларусі хочуць зрабіць другі Башкартастан, — Раманчук пра ўльтыматум Мядзьведзева


Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

Эканаміст Яраслаў Раманчук мяркуе, што шантаж з боку Расеі, зь якім сустрэўся цяпер Аляксандар Лукашэнка, мае больш палітычных прычын, чым эканамічных.

«Гэта шантаж з боку Расеі»

«Гэта палітычны ўльтыматум, па сутнасьці, ідзе шантаж. Вырашаецца стратэгічнае пытаньне, прэзыдэнтам чаго будзе Пуцін у 2024 годзе, калі зноў трэба будзе перавыбірацца. Можа, крыху раней, калі дойдзе да аб’яднаўчага рэфэрэндуму. Але тое, што ад Лукашэнкі зноў патрабуюць фактычна здаць краіну, для мяне відавочна», кажа Яраслаў Раманчук.

Раманчук згадвае, што гэты ціск пачаўся летась у Сочы, потым працягнуўся ў Санкт-Пецярбургу, і цяпер Мядзьведзеў агучыў гэта публічна.

«Пакуль Лукашэнка катэгарычна супраць, але паглядзім, ці будзе гэтага дастаткова. У пачатку 2000-х такое аб’яднаньне не ўдалося, бо тады не было палітычнай волі Пуціна. Лукашэнка ў канцы 90-х гадоў пры падтрымцы сваіх прыхільнікаў мог бы ўвайсьці на палітычны рынак Расеі, гэта быў ягоны праект, амбіцыйны і рызыкоўны, але шанец быў. Але ён ня ўдаўся, і сёньня гэта цалкам праект Пуціна».

«Беларускі ўрад паводзіць сябе не як урад незалежнай краіны»

«Бо якая ў Пуціна ідэя? Ну будзе яшчэ адзін Башкартастан па сутнасьці. Мядзьведзеў не казаў пра палітычныя зьмены, але зразумела, што ўвесьці такія рэчы, як адзіная валюта, немагчыма без рэфэрэндуму. Як Лукашэнка будзе адхрышчвацца ад рэфэрэндуму, ня ведаю, бо 20 гадоў ён не рыхтаваў краіну да такіх падзеяў, думаў, што будзе так вечна», — кажа Раманчук.

Ён зьвяртае ўвагу, што цяпер, фармуючы бюджэт нібыта паводле сусьветных правілаў гульні, Беларусь зноў спадзяецца на нейкую кампэнсацыю, просіць грошы ва ўраду іншай краіны.

«Беларускі ўрад паводзіць сябе не як урад незалежнай краіны. Гэта абуральна і крыўдна. Бо мы прэтэндуем на тое, каб быць кшталту Фінляндыі, нейкай незалежнай пляцоўкай у пытаньнях бясьпекі, а наяве вось так ставімся да сваёй незалежнасьці.

Чаму можа навучыць беларусаў Расея

Паводле Яраслава Раманчука, ні па адной з сфэраў, дзе Расея прапануе аб’яднаньне зь Беларусьсю, у яе самой няма дасягненьняў, таму Беларусі няма сэнсу аб’ядноўвацца.

«Прыкладам, Расея прапаноўвае аб’яднаць фінансавыя сыстэмы, але за мінулыя 20 гадоў Расея ніколі не была краінай з іфляцыяй, меншай за 2%. Банкаўская сыстэма вельмі слабая і трымаецца ўсяго на некалькіх добрых банках, а ўлічваючы пэрспэктыву санкцый дык і ўвогуле вельмі рызыкоўна зь ёй зьвязвацца.

Расейскі рубель ніколі ня быў добрым плацежным сродкам і не карыстаўся павагай саміх расейцаў; у іх, як і ў нас, народная валюта — амэрыканскі даляр. Узяць падатковую сыстэму ці мытню. 70% імпарту — гэта шэрая сфэра, усе павязана намэнклятурна-сілавымі структурамі. І каго яны будуць вучыць, як будаваць мытню? А аўтар падатковай рэформы спадар Макараў на сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу сам прызнаў, што адбыўся татальны правал гэтай рэформы».

Раманчук нагадаў, што ў Расеі больш за 20 мільёнаў бедных, краіна ня можа пабудаваць нармальную дарогу паміж дзьвюма сталіцамі.

«І што, Расея будзе прэтэндаваць на тое, каб некага вучыць, як кіраваць дзяржавай? Ды мы ў выпадку аб’яднаньня проста памяняем адны карупцыйныя кланы на другія, але карысьці ніякай. Таму і кажу, што гэта проста чарговы палітычны ўльтыматум Лукашэнку», — мяркуе Яраслаў Раманчук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG