На пытаньне, ці ўдасца Расеі прымусіць Беларусь да аб’яднаньня нацыянальных валют і іншых інтэграцыйных крокаў, Свабодзе адказаў былы старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч.
«Ёсьць рэчы, якія не павінны прадавацца ні за якія грошы, — гэта незалежнасьць»
«І тады, у пачатку 2000-х, не ўдалося, і цяпер наўрад ці ўдасца. Беларусь хоча захаваць сувэрэнітэт і незалежнасьць. Аб’яднаньне з Расеяй — гэта страта незалежнасьці», — перакананы Багданкевіч.
Паводле яго, паколькі Расея вялікая і памерамі валавога нацыянальнага прадукту несупастаўная зь Беларусьсю, яна заўсёды будзе дамінаваць. Таму, каб ня быць у падпарадкаваньні, Беларусі трэба захаваць і незалежную валюту, і іншыя атрыбуты незалежнасьці.
Адносна імавернай грашовай выгады ад аб’яднаньня грашовых сыстэм дзьвюх краінаў Станіслаў Баганкевіч сказаў, што ёсьць рэчы, якія не павінны прадавацца ні за якія грошы, — гэта незалежнасьць.
«І чаму абавязкова трэба прадавацца ад таго, што няма сваёй нафты і газу? Колькі краінаў ёсьць, якія ня маюць нафты і газу, але жывуць, разьвіваюцца эканамічна і палітычна», — сказаў былы старшыня Нацбанку Беларусі.
«Расея, якую мы сёньня назіраем — гэта дзікая Расея»
Ён дадаў, што падзяляе думку Станіслава Шушкевіча, які нядаўна ў інтэрвію сказаў, што мы маглі б сябраваць з Расеяй, калі б яна была іншай — дэмакратычнай, прадказальнай у палітычным пляне, — але яна такой не зьяўляецца.
«Калі б яна была цывілізаванай эўрапейскай краінай, можна было б яшчэ пра гэта думаць, але Расея, якую мы сёньня назіраем — гэта дзікая Расея. Якая гатовая парушаць міжнародныя дамовы, гатовая страляць у так званых сваіх братоў. Хіба можна думаць пра аб’яднаньне з такой краінай?» — лічыць Багданкевіч.
Багданкевіч назваў «дзікасьцю» інцыдэнт у Керчанскай пратоцы, калі 25 лістапада расейскія вайскоўцы адкрылі агонь па караблях украінскіх ВМС, захапілі іх і арыштавалі ўкраінскіх маракоў, абвінаваціўшы іх у парушэньні дзяржаўнай мяжы.
«Аб’яднаньне валют — апошні этап, толькі калі ўсе іншыя пытаньні адзінства вырашаныя»
У пачатку 2000-х гадоў, калі Расея зноў прапанавала Беларусі аб’яднаць грошы, Станіслаў Багданкевіч ужо быў на пэнсіі. Што вядома былому старшыні Нацбанку Беларусі пра захады Расеі ў аб’яднаньні валют? Ці моцным тады быў ціск зь яе боку на Беларусь?
«Ціск заўсёды быў, але калі краіна займае ясную пазыцыю, дык ніякі ціск ня дасьць выніку. Тады і Лукашэнка цьвёрда выказаўся за захаваньне незалежнасьці. Магчыма, найперш для захаваньня асабістай аўтарытарнай ўлады, на якую замахваецца Расея», — кажа Багданкевіч.
Паводле Багданкевіча, тады ўдалося не саступіць ня толькі дзякуючы Аляксандру Лукашэнку, які адхіліў прапанову аб’яднаць валюты, але і дзякуючы пазыцыі старшыні Нацбанку Паўла Калавура.
«Іншыя высокія асобы ў дзяржаве таксама былі супраць. Як Павал Калавур, які абараніў дысэртацыю на тэму сувэрэнітэту нацыянальнай валюты. Ён пісаў у гэтай працы, што аб’яднаньне валют — апошні этап аб’яднаньня; толькі калі ўсе іншыя пытаньні адзінства вырашаныя, можна думаць пра адзіную валюту.
Мусіць быць адзіная сыстэма фармаваньня цэнаў, адзіная мытная сыстэма, шмат чаго. А ў нас жа нічога гэтага ня вырашана. Нездарма ж нядаўна Лукашэнка пасварыўся з Пуціным. Няма адзінай сыстэмы», — падкрэсьлівае Багданкевіч.
«Мы эўрапейская краіна, і ідэал для нас — дэмакратыя, а не аўтарытарызм»
На думку былога старшыні Нацбанку, з аднаго боку, Расея больш рынкавая, з другога — ня менш аўтарытарная. Таму ягоная пазыцыя застаецца нязьменнай — сёньня трэба захоўваць сувэрэнітэт, і ня толькі з эканамічных рэзонаў, але і палітычных.
«Мы ўсё ж эўрапейская краіна, і ідэал для нас — гэта дэмакратыя, а не аўтарытарызм», — лічыць Багданкевіч.
«Колькі можна быць нахлебніцай? Адсюль і пагроза незалежнасьці»
Ці ўдасца беларускаму кіраўніцтву дамовіцца пра кампэнсацыю стратаў ад падатковага манэўру ў Расеі? Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што шанцы застаюцца.
«Мяркую, Расея саступіць чарговы раз, ёй важна захоўваць Беларусь як прыдатак сваёй імпэрыі, і таму яна пойдзе на некаторыя саступкі. Іншая рэч, што Беларусі трэба заканчваць з гэтым. Колькі можна быць нахлебніцай? Менавіта адсюль галоўная пагроза незалежнасьці», — кажа Багданкевіч.
Паводле яго, Лукашэнка пакуль манэўруе, і гэта яму ўдаецца нядрэнна, але было б добра, каб яму яшчэ хапіла палітычнага духу перабудоўваць сыстэму кіраваньня дзяржаўнымі кампаніямі і прадпрыемствамі.
«Велізарныя прыбыткі маем, прыкладам, ад калійнай солі ці некаторых іншых тавараў, а куды іх трацім? Трацім на ўтрыманьне стратнага „Гомсельмашу“ ды іншых стратных кампаній. Маглі б падняць заробак настаўнікам, іншым бюджэтнікам, а трацім упустую, і так шмат дзе. Такія ясныя рэчы, а Лукашэнка 20 гадоў не вырашае гэтай праблемы і давёў да таго, што яму зноў ставяць ультыматум — аб’ядноўвай грошы», — кажа Багданкевіч.