Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У аэрапорце Барыспаль адбылася аварыя самалёта «Белавія». Пацярпелых няма

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У аэрапорце Барыспаль 9 сьнежня адбылася аварыя самалёту кампаніі «Белавія» праз жорсткую пасадку, піша Glavcom.ua. Паводле папярэдніх зьвестак, загінулых няма.

У кампаніі «Белавія»​ Свабодзе паведамілі, што пацярпелых сярод пасажыраў і экіпажу няма, праводзіцца расьсьледаваньне.

Агенцтва Unian паведаміла, што адну зь дзьвюх палосаў зачынілі для палётаў. Паводле прэс-службы аэрапорту, Барыспаль «працуе ў рэжыме абмежаванай бачнасьці». Сыноптыкі ў нядзелю чакалі ў Кіеве мокры сьнег з дажджом.

Паводле папярэдняй інфармацыі, пры вырульваньні самалёт зьбіў ліхтары. У час пасадкі самалёт выкаціўся за межы ўзьлётнай паласы​.

«Аэрапорт працуе ў штатным рэжыме, — паведаміў украінскаму выданьню «Вести» дырэктар «Барыспаля» Павел Рабікін. — Падчас вырульваньня самалёт „Белавія“ зьбіў ліхтары. Мы на нейкі час зачынялі паласу для таго, каб ачысьціць яе. Самалёт самастойна дайшоў да месца стаянкі. Самалёт належыць Беларусі і яны будуць высьвятляць прычыны таго, што адбылося. У яго падрапаны абцякальнік. Іншых пашкоджаньняў няма».

Таксама кіраўнік аэрапорта дадаў, што на час надзвычайнага здарэньня быў напружаны пэрыяд у працы «Барыспаля», 11 самалётаў былі перанакіраваныя ў іншыя аэрапорты

У кампаніі «Белавія» Свабодзе паведамлі: «На жаль, афіцыйнай інфармацыі няма».

Два рэйсы «Белавія» з Барыспалю ў Нацыянальны аэрапорт Менск затрымалі прынамсі на 7 гадзінаў. Ці зьвязана гэта з аварыяй, у менскім аэрапорце Свабодзе камэнтаваць адмовіліся.

Падобная сытуацыя адбылася летась, 22 сьнежня, калі борт «Белавія» сышоў з паласы ў аэрапорце Барыспаль — падчас руху самалёт скаціўся з рулявой дарожкі на грунт адною стойкаю шасі.

У 2008 годзе інцыдэнт зь беларускім самалётам здарыўся ў Ерэване. У ноч з 13 на 14 лютага, вылятаючы ў Менск, самалёт «Белавія» пры ўзьлёце сышоў з паласы, перавярнуўся на адно крыло і ўдарыўся ім аб зямлю. Адбыўся выбух, лайнэр разваліўся на дзьве часткі. З палаючага самалёта ўдалося эвакуаваць усіх 18 пасажыраў і траіх чальцоў экіпажу. Некалькі чалавек атрымалі раненьні рознай ступені цяжкасьці. Аварыя здарылася, бо самалёт ня быў апрацаваны вадкасьцю, якая ахоўвае яго ад абледзяненьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG