Аварыя самалёта Boeing 737-500 кампаніі «Белавія» адбылася ўвечары 9 сьнежня падчас вырульваньня пасьля пасадкі ва ўкраінскім аэарапорце «Барыспаль» пад Кіевам.
Як расказалі Свабодзе ў авіякампаніі «Белавія», пацярпелых сярод пасажыраў і экіпажу няма. Уласна пасадка «прайшла штатна», здарэньне адбылося ўжо на зямлі. Самалёт атрымаў «нязначныя пашкоджаньні».
Цяпер праводзіцца расьсьледаваньне здарэньня. Паводле папярэдняй вэрсіі, расказалі ў кампаніі, самалёт «у час прабегу правай стойкай шасі закрануў грунт, камандзір карабля выправіў бакавое адхіленьне самалёта, пасьля чаго самалёт прадоўжыў рух па паласе і заруліў на стаянку».
Раней дырэктар «Барыспалю» расказваў, што аэрапорт «працуе ў штатным рэжыме». Паласу, на якой адбылася аварыя, на пэўны час закрывалі, каб ачысьціць. У час здарэньня праз умовы надвор’я быў «напружаны пэрыяд» у працы «Барыспалю», 11 самалётаў накіравалі ў іншыя аэрапорты. Два рэйсы «Белавія» з Барыспалю ў Нацыянальны аэрапорт Менск затрымалі прынамсі на 7 гадзінаў.
***
Падобная сытуацыя адбылася летась, 22 сьнежня, калі борт «Белавія» сышоў з паласы ў аэрапорце Барыспаль — падчас руху самалёт скаціўся з рулявой дарожкі на грунт адной стойкай шасі.
У 2008 годзе інцыдэнт зь беларускім самалётам здарыўся ў Ерэване. У ноч з 13 на 14 лютага, вылятаючы ў Менск, самалёт «Белавія» пры ўзьлёце сышоў з паласы, перавярнуўся на адно крыло і ўдарыўся ім аб зямлю. Адбыўся выбух, лайнэр разваліўся на дзьве часткі. З палаючага самалёта ўдалося эвакуяваць усіх 18 пасажыраў і траіх чальцоў экіпажу. Некалькі чалавек атрымалі раненьні рознай ступені цяжкасьці. Аварыя здарылася, бо самалёт ня быў апрацаваны вадкасьцю, якая ахоўвае яго ад абледзяненьня.