Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэцяя спроба Юліі Цімашэнкі. Спрэчкі аб фаварыце ўкраінскіх выбараў


Юлія Цімашэнка выступае на форуме ў Кіеве 30 лістапада 2018 году
Юлія Цімашэнка выступае на форуме ў Кіеве 30 лістапада 2018 году

Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла 6 сьнежня законапраект, згодна з якім з 1 красавіка будучага году спыняецца дзеяньне дамовы аб дружбе, супрацоўніцтве і партнэрстве паміж Украінай і Расеяй. Сярод тых, хто падтрымаў гэты крок, не было лідэра фракцыі «Бацькаўшчына», вэтэрана ўкраінскай палітыкі Юліі Цімашэнкі. Яе наогул не было ў гэты дзень у краіне, але сама адсутнасьць экс-прэм’ера пры такім важным галасаваньні была расцэненая некаторымі назіральнікамі як выкрут.

Цімашэнка цяпер валодае найбольшымі шанцамі на перамогу на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны, прызначаных на канец сакавіка 2019 года. Па выніках апытаньня, праведзенага ў канцы лістапада міжнародным International Republican Institute (IRI), за яе гатовыя прагаласаваць 17% выбаршчыкаў, за яе бліжэйшых супернікаў, цяперашняга прэзыдэнта Пятра Парашэнку і экс-міністра абароны Анатоля Грыцэнку — каля 10%. Іншыя апытаньні даюць Цімашэнка большую перавагу — паводле іх, яна набрала б 20 і больш працэнтаў галасоў і мае найбольшыя шанцы на перамогу ў другім туры над большасьцю канкурэнтаў.

Дарэчы, украінцы цалкам талерантна ставяцца да магчымасьці абраньня — упершыню ў гісторыі краіны — жанчыны на пасаду кіраўніка дзяржавы: паводле дадзеных кіеўскага Міжнароднага інстытуту сацыялёгіі, за кандыдата-жанчыну ў прынцыпе гатовыя галасаваць 72% выбаршчыкаў.

У Юліі Цімашэнкі доўгая і бурная палітычная біяграфія. Яна двойчы (2005, 2007-10) узначальвала ўкраінскі ўрад, двойчы балятавалася на пасаду прэзыдэнта, але абодва разы прайграла: у 2010 годзе — Віктару Януковічу, у 2014-м — Пятру Парашэнку. Пры Януковічы яна была асуджаная і правяла тры гады ў турме па абвінавачаньні ў перавышэньні паўнамоцтваў пры падпісаньні газавых пагадненьняў з Расеяй у канцы 2009 году. З-за кратаў яе вызвалілі толькі падзеі 2014 году, у выніку якіх Януковіч зьбег з краіны.

Тым ня менш, апанэнты ня раз вінавацілі Цімашэнку ў гульнях з Масквой — гэтая тэма гучыць і ў цяперашняй перадвыбарнай кампаніі. Алею ў агонь падлівае і той факт, што ў той час як расейскія афіцыйныя СМІ вельмі рэзка адзываюцца пра Пятра Парашэнку, у адрас яго галоўнай суперніцы з Масквы гучыць значна менш крытыкі.

Прэзыдэнцкія выбары 2014 ва Ўкраіне
Прэзыдэнцкія выбары 2014 ва Ўкраіне

Магчыма, якраз таму ўвагу палітычных камэнтатараў прыцягнуў — і выклікаў неадназначныя рэакцыі — артыкул нямецкага палітоляга Андрэаса Умлянда «Што магло б азначаць прэзыдэнцтва Цімашэнкі?». Асноўныя яго палажэньні такія:

  • Цімашэнцы «ўдалося стварыць празаходнюю партыю», якая «папулярная дзякуючы ня толькі яе асобе, але і сваім сацыяльна-эканамічным ініцыятывам»;
  • хоць Цімашэнка «належыць да старой кагорты постсавецкіх прызначэнцаў, яна адрозьніваецца ад іх» рашучасьцю і моцнай загартоўкай, атрыманай у тым ліку дзякуючы гадам зьняволеньня;
  • лідэрка «Бацькаўшчына» «больш сур’ёзна падыходзіць да праблемы зьніжэньня алігархічнага ўплыву ва Ўкраіне, чым Парашэнка»;
  • папулізм Цімашэнка і яе партыі «ня так ужо незвычайны і для многіх заходніх апазыцыйных сіл», і ў выпадку прыходу да ўлады «Цімашэнка і яе каманда значна скарэктуюць свае пазыцыі».

Андрэас Умлянд растлумачыў свае высновы ў інтэрвію Радыё Свабода, якое ўзяў у яго Яраслаў Шымаў з расейскай рэдакцыі.

— Украінскі выбаршчык — дастаткова непрадказальны, а лідэрства Юліі Цімашэнкі ў апытаньнях грамадзкай думкі не выглядае такім ужо значным. Чаму вы лічыце яе перамогу найбольш верагодным зыходам сакавіцкіх выбараў?

— Я зыходжу ў асноўным з вялікага апытаньня Цэнтру Разумкова, групы «Рэйтынг» і Інстытуту сацыялёгіі, якія апыталі больш за 10 тысяч чалавек у кастрычніку-лістападзе. Справа ня толькі ў тым, што і Юлія Цімашэнка, і яе партыя «Бацькаўшчына» лідэруюць у рэйтынгах, але і тое, што Цімашэнка, паводле гэтага апытаньня, перамагае любога суперніка ў другім туры. А вось Пётр Парашэнка вельмі дрэнна выглядае ў гэтым апытаньні. Гэта цяпер можа, вядома, змяніцца ў сувязі з Томасам [чаканым стварэньнем і аўтакефаліяй новай Украінскай праваслаўнай царквы — РС] і з ваенным становішчам. Але пакуль у Цімашэнкі больш за ўсё шанцаў стаць наступным прэзыдэнтам. Больш за тое, «Бацькаўшчына2, магчыма, выйграе парлямэнцкія выбары.

— Вы ў цэлым пазытыўна адзываецеся аб палітычных якасьцях Цімашэнкі, якая стварыла, як вы адзначаеце у сваім артыкуле, партыю не выключна пэрсаналістычную, а заснаваную на пэўнай праграме. Адначасова ў адрас Юліі Ўладзіміраўны на працягу ўсёй яе кар’еры гучаць даволі абгрунтаваныя абвінавачаньні ў крайнім папулізьме. Вам гэта не здаецца небясьпекай?

— Праграма «Бацькаўшчыны» сама па сабе даволі размытая. У прынцыпе ва Ўкраіне толькі крайнія партыі, накшталт «Свабоды» ці камуністаў, маюць выразныя праграмы. Але «Бацькаўшчына» адносна старая партыя, яна мае разьвітую рэгіянальную структуру па ўсёй краіне. Яна, здаецца, з 2002 году знаходзіцца ў парлямэнце, нейкім чынам разьвіваецца — гэта навіна. Большасьць украінскіх партый цэнтрысцкіх, нацыянал-дэмакратычных, узьнікалі, а потым зьнікалі, гэта такія амаль аднадзёнкі, накшталт «Нашай Украіны» [партыя трэцяга прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі — РС]. А партыя Цімашэнкі існуе і знаходзіцца на пярэднім пляне ўкраінскай палітыкі. Я проста канстатую, што такая даўгавечнасьць — гэта само па сабе добра для разьвіцьця дэмакратыі.

— У адрас Юліі Цімашэнкі, калі яна была прэм’ер-міністрам і пасьля гэтага, вылучаліся абвінавачваньні ў тым, што яна вяла нейкую нячыстую гульню з Масквой, што ўмовы газавага кантракту, заключанага яе ўрадам з Расеяй у 2009 годзе, былі нявыгадныя для Ўкраіны. На вашу думку, у выпадку абраньня прэзыдэнтам Цімашэнка можа пад выглядам рэгуляваньня канфлікту з Расеяй пачаць паступовы дрэйф Украіны ў бок, выгадны Крамлю?

— Я б гэта амаль цалкам выключыў, таму што ведаю трохі асяродзьдзе Юліі Цімашэнкі, такіх людзей, як Барыс Тарасюк або Рыгор Нямыра, я не магу сабе ўявіць, што яны пайшлі б у гэтым кірунку. Наконт кантракту 2009 году — я не юрыст і не эканаміст, каб гэта цалкам ацаніць, але памятаю, што гэта быў вельмі напружаны пэрыяд, і ціск на заключэньне гэтага кантракту зыходзіў у той час ня толькі з боку Крамля, але і з боку Эўразьязу, які хацеў аднаўленьня паставак сыбірскага газу ў Эўропу, якія тады былі перапыненыя. Таму, мне здаецца, гэты кантракт, за які Цімашэнку ўвесь час крытыкуюць, быў вымушанай мерай. Я ня ўпэўнены, што яго сапраўды можна прыпісаць ёй як нейкае прарасейскае дзеяньне.

Юлія Цімашэнка і Ўладзімір Пуцін, кіраўнікі ўрадаў сваіх краін, у Маскве ў 2009
Юлія Цімашэнка і Ўладзімір Пуцін, кіраўнікі ўрадаў сваіх краін, у Маскве ў 2009

— Уведзенае цяпер тэрмінам на месяц ваеннае становішча можа згуляць на руку прэзыдэнту Парашэнку ў тым, што тычыцца выніку прэзыдэнцкіх выбараў?

— Цяпер тут высокі палітычны напал, і ў сувязі з гэтым можа зьмяніцца папулярнасьць тых ці іншых палітыкаў. У прыватнасьці, я не выключаю, што рэйтынг Парашэнкі падрасьце ў сувязі з новым абвастрэньнем сытуацыі з Расеяй. Магчыма, тады ў яго ёсьць шанец быць пераабраным вясной 2019 году.

— А другі фактар — чаканы аб’яднаўчы сабор новай Украінскай праваслаўнай царквы, таксама можа адыграць вялікую палітычную ролю?

— Відавочна, гэта будзе посьпех для Парашэнкі. Наколькі гэта адаб’ецца на яго рэйтынгу, пакуль што цяжка сказаць. Але, па меншай меры, ужо можна прадбачыць, што ў другім туры паміж сабой будуць змагацца Цімашэнка і Парашэнка.

— Афіцыйныя расейскія СМІ пасьля ўвядзеньня ваеннага становішча дружна сталі сьцьвярджаць, што выбары ва Ўкраіне наогул адменяць ці перанясуць. Наколькі рэальная такая пэрспэктыва?

— Ня думаю, што гэта здарыцца. Можа быць, і ёсьць у прэзыдэнцкай адміністрацыі або ў партыі Парашэнкі людзі, якія хацелі б так зрабіць, але ўнутрыпалітычныя рызыкі такога пераносу занадта вялікія, — кажа нямецкі палітоляг, аналітык Інстытута эўраатлянтычнага супрацоўніцтва Андрэас Умлянд, які працуе ва Ўкраіне.

Кіеўскі палітоляг Яўген Магда, аўтар кнігі «Шосты» — пра прэзыдэнтаў Украіны і пэрспэктывы цяперашніх выбараў, прытрымліваецца больш скептычных поглядаў на палітыку Юліі Цімашэнка і яе шанцы ўзначаліць ўкраінскую дзяржаву.

— Калі вы пісалі сваю кнігу, прысьвечаную ўкраінскім прэзыдэнтам, вы меркавалі ў глыбіні душы, што можа быць ня «шосты», а «шостая», і што гэтая шостая будзе даўно і добра вядомая украінскім выбаршчыкам Юлія Уладзіміраўна Цімашэнка?

— Меркаваў. Але я думаю, што ва ўмовах вайны ва Ўкраіне будзе ўсё ж такі шосты прэзыдэнт. Прычым далёка ня факт, што ён будзе менавіта ў 2019 годзе.

— То бок, вы належыце да прыхільнікаў той тэорыі, што выбары будуць усё-ткі перанесеныя?

— Не, я проста думаю, што дзейны прэзыдэнт яшчэ ня страціў шанцаў захаваць сваё месца, а ён — ня шосты, а пяты за гады незалежнасьці Ўкраіны. Як Кучма, які прабыў на пасадзе два прэзыдэнцкія тэрміны, быў другім прэзыдэнтам.

— На чым вы засноўваеце такія здагадкі? Дапаможа Томас і цяперашняя сытуацыя з ваенным становішчам?

— Ня толькі. Насамрэч ва Ўкраіне шмат хто ня вызначыўся са сваім выбарам. Сытуацыя досыць дынамічна мяняецца. Тут трэба адзначыць, што з пачатку 2018 году, за 15 месяцаў да прэзыдэнцкіх выбараў, ва Ўкраіне пастаянна прасоўваюць ідэю аб тым, што прэзыдэнтам стане менавіта Юлія Цімашэнка. Але я пакуль ня бачу для гэтага стоадсоткавых падстаў.

— Вы кажаце — прасоўваюць. А хто? Няўжо ёсьць нейкая змова на карысьць Юліі Уладзіміраўны?

— Не, я ня думаю, што змова. Хутчэй, у вачах многіх, лёгіка падзей: яна ўжо больш за 20 гадоў ва ўкраінскай палітыцы. Гэта будзе яе трэцяя спроба стаць прэзыдэнтам. Двойчы яна прайгравала — у 2010 годзе Віктару Януковічу, а ў 2014-м — Пятру Парашэнку. Цяпер трэці шанец і, мабыць, апошні. Многія лічылі яшчэ ў 2014 годзе, што яна скончыла актыўную палітычную кар’еру. Аказалася, што гэта ня так, яна цяпер зьяўляецца лідэрам рэйтынгаў. Але быць лідэрам рэйтынгаў і выйграць выбары — розныя рэчы.

— У чым сакрэт, на вашу думку, такога яе доўгажыхарства ў краіне з гэтак бурным палітычным жыцьцём, як Украіна? Усё ж такі гэтая зьява даволі ўнікальная.

— Юлія Уладзіміраўна — вялікі спэцыяліст у славеснай эквілібрыстыцы. У яе ёсьць дастаткова просты рэцэпт: калі яна была ва ўладзе, а яна двойчы была прэм’ерам, то ў інфармацыйнай прасторы краіны стваралася ўражаньне, што ўсё абсалютна добра — малочныя рэкі, кісялёвыя берагі і булкі на дрэвах. Калі Цімашэнка не ва ўладзе, то ў краіне, на яе думку, усё кардынальна дрэнна, мы стаім наўскрай прорвы. Цімашэнка застаецца сапраўды самым дасьведчаным прэтэндэнтам на прэзыдэнцкую пасаду, але для таго, каб дамагчыся мэты, ёй давядзецца ўсё-ткі пастарацца.

З заходнімі палітыкамі. Зьлева направа: тагачасныя міністры замежных спраў Францыі – Жан-Марк Эро, Нямеччыны – Франк-Вальтэр Штайнмаер і Юлія Цімашэнка. Кіеў, 2016 год
З заходнімі палітыкамі. Зьлева направа: тагачасныя міністры замежных спраў Францыі – Жан-Марк Эро, Нямеччыны – Франк-Вальтэр Штайнмаер і Юлія Цімашэнка. Кіеў, 2016 год

— Якую пазыцыю яна можа заняць, да прыкладу, у канфлікце з Расеяй? У ходзе яе кар’еры было шмат розных чутак пра сапраўдны характар яе адносінаў з Масквой, з расейскім кіраўніцтвам. У гэтым пляне ў Цімашэнкі ёсьць нейкая прастора для манэўру, або цяпер сытуацыя такая, што ніхто ня можа разыгрываць прарасейскую карту ва ўкраінскай палітыцы?

— Рабіць гэта могуць толькі прадстаўнікі прарасейскай апазыцыі, якія заўсёды гістарычна былі зьвязаныя з Масквой. Цімашэнка не можа сабе дазволіць, каб пра яе зноў пачалі казаць як пра «газавую прынцэсу». Яна толькі што дапусьціла важную палітычную памылку, не прыняўшы ўдзелу ў галасаваньні па спыненьні дамовы аб дружбе з Расіяй, які быў падпісаны ў 1997 годзе. Вядома, яна знаходзіцца з візытам у Злучаных Штатах, але гэта, на мой погляд, быў прыгожы выкрут для таго, каб не галасаваць за спыненьне дамовы аб дружбе з Расіяй.

— А для чаго ёй гэта трэба?

— Яна досыць гнуткі палітык. Многія памятаюць газавую дамову 2009 году, якая аказалася вельмі нявыгаднай для Ўкраіны, але ў якой была 20-працэнтная скiдка па цане на газ. Здавалася, што гэта прывядзе Цімашэнку да прэзыдэнцкай улады. Але калі гэтага ня здарылася, паўсталі шматмільярдныя страты для ўкраінскай эканомікі, паколькі Віктар Януковіч на пасадзе прэзыдэнта або ня змог, або не захацеў пераглядаць гэтую дамову.

— Калі ўявіць, што Юлія Цімашэнка з трэцяй спробы ўсё ж такі зойме прэзыдэнцкі пост, якім, на ваш погляд, можа быць яе прэзыдэнцтва?

— Думаю, мы зноў пачуем, як ва Ўкраіне ўсё выдатна пад яе кіраўніцтвам. Але чакаць безумоўнага павароту да Расеі я б усё ж такі ня стаў. Украіна страціла за час баявых дзеяньняў на ўсходзе ня менш за 10 тысяч сваіх грамадзян — гэта істотны фактар для ўсяго грамадзтва. Плюс яшчэ каля 300 тысяч чалавек ваявалі на ўсходзе, і яны выдатна разумеюць, супраць каго яны ваявалі. Рэвэрансы ў бок Крамля ўкраінскае грамадзтва ня ўспрыме. Я магу цьвёрда сказаць, што добрасуседзтва з Расеяй — гэта пытаньне, магчыма, некалькіх наступных пакаленьняў, але ня блізкай будучыні.

— Калі зірнуць шырэй на ўкраінскую палітычную сцэну, лёгка заўважыць, што прозьвішчы тых, хто там на пярэднім пляне, каторы ўжо год паўтараюцца. Адбудзецца нарэшце пераздача карт, актыўны прыток новых асоб у першы эшалён ўкраінскай палітыкі? Калі так, то што для гэтага спатрэбіцца?

— Практычна ўсе асноўныя кандыдаты ў прэзыдэнты пачыналі сваю палітычную кар’еру яшчэ пры Леанідзе Кучме, прэзыдэнцтва якога скончылася ў 2004 годзе. Гэта значыць, ужо 15 гадоў мы ня бачым прытоку сьвежай крыві на палітычны Алімп. Для гэтага павінна якасна зьмяніцца грамадзтва Ўкраіны, яно павінна стаць менш патэрналісцкім, больш ініцыятыўным, павінна вырасьці роля сярэдняй клясы. Думаю, што сур’ёзныя зьмены ў грамадзтве і ва ўкраінскай арміі, дарэчы, як у адлюстраваньні грамадзтва, адбудуцца гадоў праз 7–10. Тады, з аднаго боку, да ўлады пачнуць прыходзіць актыўныя людзі, якія нарадзіліся ўжо ў незалежнай Украіне, а з другога — на пасады палкоўнікаў і генэралаў прыйдуць людзі, якія ў 2014–15 гадах былі лейтэнантамі і капітанамі і атрымалі баявы досьвед пры абароне сувэрэнітэту краіны, — лічыць украінскі палітоляг, выканаўчы дырэктар Інстытуту сусьветнай палітыкі Яўген Магда.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG