Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Ўкраіны пачало «інфармацыйна-аналітычнае дасьледаваньне» выбарчай кампаніі Юліі Цімашэнкі на прэзыдэнціх выбарах 2010 году, расказаў на Facebook украінскі дэпутат Уладзімер Ар’еў.
Праверка пачалася на запыты Ўладзіміра Ар’ева ды іншых дэпутатаў: яны падазраюць, што Юлія Цімашэнка атрымала для прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году 4 млн эўра ад Муамара Кадафі — тагачаснага кіраўніка Лібіі.
У выпадку, калі дасьледаваньне выявіць нешта крымінальнае, НАБУ можа распачаць дасудовае расьсьледаваньне. Цімашэнка пакуль не камэнавала дасьледаваньне НАБУ.
Цімашэнка, былая прэм’ер-міністарка Ўкраіны і лідэрка палітычнай партыі «Батьківщина», цяпер дэпутатка Вярхоўнай Рады. Ва Ўкраіне дэпутатаў могуць пазбаўляць недатыкальнасьці ў выпадку сур’ёзных абвінавачаньняў, як гэта нядаўна зрабілі з дэпутаткай Надзеяй Саўчанкай.
Раней таксама выявілася, што зарэгістраваная ў ЗША кампанія замаўляла для Цімашэнкі на 2018 год паслугі лабіста Бары Бэнэта, былога памочніка Дональда Трампа. Але Цімашэнка двойчы адмовілася адказаць Свабодзе пра паходжаньне дзясяткаў тысяч даляраў на паслугі лабістаў. Бэнэт жа казаў, што будзе працаваць толькі асабіста на Цімашэнку, каб арганізаваць некалькі ейных візытаў у ЗША.
Кадафі, Сарказі і Лукашэнка
Праз падазрэньні ў атрыманьні грошай ад Кадафі на палітычную дзейнасьць раней быў затрыманы, але пазьней адпушчаны з-пад варты пад судовы нагляд экс-прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі. Сьледчыя вывучаюць зьвесткі пра тое, што Кадафі тайна даў Сарказі 50 мільёнаў эўра (62 мільёны даляраў) на прэзыдэнцкія выбары 2007 году.
Кадафі кіраваў Лібіяй ад 1969 году да сваёй сьмерці ў 2011-м, калі быў захоплены і забіты паўстанцамі ў час рэвалюцыі.
Аляксандар Лукашэнка лічыў Кадафі саюзьнікам, называў «братам», прыяжджаў у Лібію ў 2000 годзе і прымаў Кадафі ў Беларусі ў 2008-м. Пасьля забойства Кадафі Лукашэнка крытыкаваў ААН і абвінавачваў NATO ў згвалтаваньні, катаваньнях і забойстве Кадафі — «горш, чым фашысты», казаў ён.
Лукашэнка таксама заяўляў, што Кадафі расказаў яму, што даў Сарказі не 50, а 100 млн даляраў.