Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юлія Цімашэнка паведаміла пра дамоўленасьць перадаць Надзею Саўчанку Ўкраіне


Надзея Саўчанка
Надзея Саўчанка

Лідэр партыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка заявіла, што ўжо існуе дамоўленасьць аб перадачы Ўкраіне асуджанай у Расеі лётчыцы Надзеі Саўчанкі.

«Паводле нашай інфармацыі, ёсьць рашэньне аб тым, што яна будзе перададзеная ва Ўкраіну ці ў абмен, ці па міжнародных прававых дакумэнтах для адбыцьця пакараньня ва Ўкраіне. Ёсьць вялікія шанцы», — сказала Юлія Цімашэнка ў эфіры ток-шоў «Шустэр Live».

Паводле яе словаў, «гэтыя шанцы атрымалі ўсясьветныя лідэры першага ўзроўню — прэзыдэнт ЗША і канцлер Нямеччыны», якія пераканалі Расею перадаць украінскую лётчыцу Кіеву.

У сваю чаргу, як сьцьвярджае адвакат Саўчанкі Ільля Новікаў, перамовы дзяржсакратара ЗША Джона Керы ў Расеі па лёсе ўкраінскай лётчыцы прайшлі пасьпяхова, рашэньне пра яе лёс будзе прынятае цягам двух тыдняў.

«Паводле маіх зьвестак, яго перамовы ў частцы, якая тычыцца Надзеі Саўчанкі, прайшлі пасьпяхова. На перамовах была агучаная публічна дата, калі будзе вызначаны спосаб, якім яна вернецца ва Ўкраіну», — сказаў адвакат.

Але гэта не азначае, што Надзея Саўчанка на працягу двух тыдняў вернецца ва Ўкраіну, у гэты пэрыяд будзе ўсяго толькі прынятае рашэньне расейскім кіраўніцтвам аб парадку абмену.

Напярэдадні кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў пацьвердзіў, што на сустрэчы з прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным дзяржсакратар ЗША Джон Керы сапраўды паставіў пытаньне пра справу Саўчанкі. «Ён атрымаў адказ, які вядомы ўсім: пра гэта казалі і прадстаўнікі МЗС, прэс-служба Крамля. Мне тут няма чаго дадаць», — сказаў кіраўнік МЗС РФ.

Акрамя таго, напярэдадні кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта РФ Сяргей Іваноў заявіў, што абмен асуджанай Надзеі Саўчанкі тэарэтычна магчымы толькі пры поўным выкананьні заканадаўства РФ.

«Што тычыцца абмену, тэарэтычна гэта магчыма. „А“- пры поўным выкананьні заканадаўства РФ, і „Б“ — рашэньне пра гэта можа прыняць толькі прэзыдэнт РФ», — сказаў Іваноў журналістам у пятніцу.

22 сакавіка расейскі суд асудзіў Надзею Саўчанку да 22 гадоў пазбаўленьня волі. Прысуд яшчэ не набыў моц, але Надзея забараніла сваім адвакатам абскардзіць яго, каб не адцягваць магчымасьць палітычнага рашэньня, якое дазволіла б ёй вярнуцца ва Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG