Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Маскоўскага патрыярхату забараніў сьвятарам удзельнічаць у стварэньні адзінай памеснай царквы ва Ўкраіне


Прэзыдэнт Расеі Пуцін і Патрыярх Кірыл
Прэзыдэнт Расеі Пуцін і Патрыярх Кірыл

Сынод Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП) сёньня на паседжаньні абмеркаваў сытуацыю, якая склалася ў сувязі з «дзеяньнямі Канстантынопальскага Патрыярха Варфаламея, і ціскам з боку ўкраінскай дзяржавы», каб прымусіць сьвятароў гэтай царквы да ўдзелу ў аб’яднаўчым саборы па стварэньні адзінай памеснай праваслаўнай царквы ва Ўкраіне.

«Сёньня мы назіраем, што дзяржава ў дачыненьнях з царквой скочваецца да нейкага таталітарызму, і гэта непакоіць сьвятароў і мільёны нашых вернікаў», — паведаміў журналістам кіраўнік сынадальнага інфармацыйнага аддзелу УПЦ МП архіяпіскап Клімэнт.

Паводле яго, у Маскоўскім патрыярхаце лічаць аб’яднаўчы сабор, які мусіць адбыцца 15 сьнежня, «абсалютна нелегітымным»:

«Тыя, хто яго склікае, ня маюць права гэтага рабіць, апроч таго, як ужо заяўлена, у ім будуць браць удзел людзі, якія насамрэч для царкоўнай супольнасьці і ня толькі Ўкраіны, а і ва ўсім праваслаўным сьвеце, ня ёсьць сьвятарамі і архіепіскапамі. Яны ёсьць раскольнікамі. Менавіта таму сынод яшчэ 13 лістапада заявіў, што ўдзел у такім мерапрыемства абсалютна немагчымы».

Сёньня ж сталі вядомыя падрабязнасьці запрашэньня Канстантынопальскага патрыярха Варфаламея, накіраванага кіраўніку Маскоўскага патрыярхату мітрапаліту Ануфрыю для ўдзелу ў аб’яднаўчым саборы. У лісьце паведамлялася, што той таксама можа прэтэндаваць на кіраўніцтва памеснаю царквою Ўкраіны, але пасьля выбараў яе новага кіраўніка, Ануфрый страціць тытул Мітрапаліта Кіеўскага.

Напярэдадні сынод Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага Патрыярхату на чале з патрыярхам Філарэтам ухваліў рашэньне аб правядзеньні напярэдадні аб’яднаўчага сабору, 13 сьнежня, свайго архіярэйскага сабору. Сьвятары Кіеўскага патрыярхату таксама прапанавалі адкрытую працэдуру галасаваньня за кіраўніка Адзінай памеснай царквы.

«На падставе рашэньня Сыноду эпіскапаў ад 13 лістапада 2018 года, эпіскапату, духавенству, манашаству і вернікам Украінскай праваслаўнай царквы ўдзельнічаць у так званым аб’яднаўчым саборы ня благаслаўляецца. Сьвяты сынод асабліва зьвяртае ўвагу, што ніхто зь ліку сьвятароў або вернікаў не ўпаўнаважваецца прадстаўляць Украінскую праваслаўную царкву на гэтым сходзе», — адзначаецца ў сёньняшнім рашэньні сыноду УПЦ МП.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG