Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канстантынопальскі патрыярхат прызначыў дату аб’яднаўчага сабору праваслаўных цэркваў Украіны


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка і Ўсяленскі патрыярх Варфаламей падчас сустрэчы ў Стамбуле. Архіўнае фота, 3 лістапада 2018 году
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка і Ўсяленскі патрыярх Варфаламей падчас сустрэчы ў Стамбуле. Архіўнае фота, 3 лістапада 2018 году

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што Канстантынопальскі патрыярхат прызначыў на 15 сьнежня правядзеньне аб’яднаўчага сабору праваслаўных цэркваў краіны, на якім будзе абвешчана аб стварэньні адзінай памеснай царквы і будзе выбраны яе кіраўнік.

«Усяленскі патрыярх Варфаламей паінфармаваў мяне, што падпісаў адпаведныя лісты герархам Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату, Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы і Ўкраінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату з запрашэньнем узяць удзел у гэтай надзвычай важнай гістарычнай падзеі», — заявіў Пятро Парашэнка.

Паводле яго, месцам для правядзеньня аб’яднаўчага сабору будзе Сафійскі сабор, які на працягу стагодзьдзяў была цэнтрам праваслаўнага ўкраінскага рэлігійнага жыцьця.

11 кастрычніка Ўсяленскі патрыярхат вырашыў даць аўтакефалію УПЦ і адмяніць далучэньне Кіеўскай мітраполіі да РПЦ, якое адбылося ў 1686 годзе. На знак пратэсту РПЦ разарвала адносіны з Канстантынопальскай царквой.

Высокапастаўлены прадстаўнік Канстантынопальскага (Усяленскага) патрыярхату архіяпіскап Тэльміскі Ёў заявіў, што царква Маскоўскага патрыярхату зь юрыдычнага пункту гледжаньня больш не прысутнічае ва Ўкраіне, а ўсе ўкраінскія сьвятары мусяць падпарадкоўвацца Ўсяленскаму патрыярху.

3-га лістапада Парашэнка і Ўсяленскі патрыярх Варфаламей падпісалі ў Стамбуле пагадненьне аб супрацоўніцтве і ўзаемадзеяньні паміж Украінай і Канстантынопальскай царквой.

Ва Ўкраіне цяпер дзейнічае некалькі праваслаўных рэлігійных арганізацый. Найбуйнейшыя зь іх — Украінская праваслаўная царква (Маскоўскага патрыярхату), Украінская праваслаўная царква (Кіеўскага патрыярхату) і Ўкраінская аўтакефальная праваслаўная царква.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка і Вярхоўная рада раней зьвярнуліся да Канстантынопальскага (Ўсяленскага) патрыярха Варфаламея з просьбай садзейнічаць стварэньню Адзінай аўтакефальнай украінскай праваслаўнай царквы. Супраць такога кроку рэзка выступае Расейская праваслаўная царква, якая прыгразіла разарваць сувязі з Канстантынопалем і ўжо цяпер перастала згадваць Усяленскага патрыярха на набажэнствах.

27 лістапада сынод Усяленскага патрыярхату ў Стамбуле зацьвердзіў праект статуту Адзінай памеснай праваслаўнай царквы Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG