Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Стамбуле пачынаецца сынод Усяленскага патрыярхату, на якім павінны канчаткова зацьвердзіць томас для Ўкраіны


Ілюстрацыйнае фота. Усяленскі патрыярх Варфаламей
Ілюстрацыйнае фота. Усяленскі патрыярх Варфаламей

27 лістапада ў Стамбуле пачынаецца трохдзённае пасяджэньне сыноду Усяленскага патрыярхату, на якім, як чакаецца, прымуць рашэньне аб зацьвярджэньні томасу аб аўтакефаліі для Ўкраінскай праваслаўнай царквы.

Як паведаміў раней прэзыдэнт Пятро Парашэнка, афіцыйны Кіеў адправіць на сынод прадстаўніка Украіны — гэта будзе намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Расьціслаў Паўленка.

Парашэнка заяўляў, што ўжо ў сьнежні чакае скліканьня аб’яднальнага сабору ўкраінскіх праваслаўных цэркваў.

На Аб’яднаўчым саборы кіраўнікі ўкраінскіх праваслаўных цэркваў — УПЦ КП, УАПЦ і УПЦ МП — павінны прыняць рашэньне аб аб’яднаньні царквы і выбраць яе прадстаяцеля. Менавіта яму ў будучыні павінны даць томас аб аўтакефаліі Ўкраінскай праваслаўнай царквы, рашэньне аб чым 11 кастрычніка прыняў сынод Усяленскага патрыярхату (мацярынскай структуры ўсіх праваслаўных цэркваў сьвету).

11 кастрычніка Сусьветны патрыярхат вырашыў даць аўтакефалію УПЦ і адмяніць далучэньне Кіеўскай мітраполіі да Расейскай царквы, якое адбылося ў 1686 годзе. На знак пратэсту РПЦ разарвала адносіны з Канстантынопальскай царквой.

Высокапастаўлены прадстаўнік Канстантынопальскага (Сусьветнага) патрыярхату архіяпіскап Тэлміскі Іёў заявіў, што царква Маскоўскага патрыярхату з юрыдычнага пункту гледжаньня больш не прысутнічае ва Ўкраіне, а ўсе ўкраінскія сьвятары мусяць падпарадкоўвацца Ўсяленскаму патрыярху. 3 лістапада Парашэнка і Сусьветны патрыярх Барталамей падпісалі ў Стамбуле пагадненьне аб супрацоўніцтве і ўзаемадзеяньні паміж Украінай і Канстантынопальскай царквой.

Ва Украіне цяпер дзейнічаюць некалькі праваслаўных рэлігійных арганізацый. Найбуйнейшыя зь іх — Украінская праваслаўная царква (Маскоўскага патрыярхату), Украінская праваслаўная царква (Кіеўскага патрыярхату) і Украінская аўтакефальная праваслаўная царква.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка і Вярхоўная рада раней зьвярнуліся да Канстантынопальскага (Ўсяленскага) патрыярха Барталамея з просьбай садзейнічаць стварэньню адзінай аўтакефальнай украінскай праваслаўнай царквы. Супраць такога кроку рэзка выступае Расейская праваслаўная царква, якая прыгразіла разарваць сувязі з Канстантынопалем і ўжо цяпер перастала згадваць Сусьветнага патрыярха на набажэнствах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG