Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Bellingcat: украінскія караблі былі абстраляныя ў міжнародных водах


Артылерыйскія катэры "Нікапаль", "Бярдзянск" і рэйдавы буксір "Яны Капу" (зьлева направа), захопленыя расейскімі памежнікамі. Керч, 26 лістапада 2018 году.
Артылерыйскія катэры "Нікапаль", "Бярдзянск" і рэйдавы буксір "Яны Капу" (зьлева направа), захопленыя расейскімі памежнікамі. Керч, 26 лістапада 2018 году.

Расьсьледавальная група Bellingcat прыйшла да высновы, што ўкраінскія караблі, атакаваныя 25 лістапада караблямі памежнай службы ФСБ Расеі, былі абстраляныя ў міжнародных водах.

Да такой высновы журналісты прыйшлі, вывучыўшы фатаграфіі і відэаздымкі наступстваў канфлікту ў Керчанскай пратоцы, якія знаходзяцца ў адкрытым доступе.

У прыватнасьці, на адным з відэаздымкаў расейскага тэлеканалу «Звязда» ў некалькіх сотнях мэтраў ад захопленага ўкраінскага артылерыйскага катэра «Бярдзянск» можна ўбачыць сухагруз, які не ўдзельнічаў у інцыдэнце. Выкарыстоўваючы сайт сачэньня за судамі MarineTraffic, у Bellingcat вызначылі, што ён стаяў на якары ў Керчанскай пратоцы ў адным і тым жа месцы на працягу ўсяго 25 лістапада. Гэта дало магчымасьць атрымаць зьвесткі пра месца ўкраінскіх караблёў падчас нападу на іх расейскіх вайскоўцаў і зрабіць выснову аб тым, што катэр «Бярдзянск» знаходзіўся «у 22,72 кілямэтрах ад берага Крыму і больш чым у 500 мэтрах за межамі заяўленых Расеяй тэрытарыяльных водаў».

Акрамя гэтага, прааналізаваўшы кулявыя адтуліны на «Бярдзянску», выданьне прыйшло да высновы, што «расейскія войскі стралялі не для таго, каб пашкодзіць судна, а для таго, каб нанесьці шкоду непасрэдна экіпажу».

  • У расьсьледаваньні таксама сказана, што расейскі памежны карабель «Дон» тараніў украінскі буксір «Яны Капу» ня менш чатырох раз — пра гэта сьведчыць відэазапіс і характар пашкоджаньняў.
  • Пры гэтым Bellingcat адзначае, што, хутчэй за ўсё, украінскія караблі ў нейкі момант заходзілі як у заяўленыя Расеяй як свае тэрытарыяльныя воды ля берагоў анэксаванага Крыму, так і ў расейскія воды ў Керчанскай пратоцы. Аднак у момант абстрэлу і затрыманьня яны ўжо былі ў міжнародных водах.
  • Украіна сьцьвярджае, што яе караблі маюць права бесьперашкодна праходзіць Керчанскую пратоку па дамове 2003 году з Расеяй.
  • У расьсьледаваньні ўтрымліваецца заклік да Ўкраіны прадаставіць дадатковую інфармацыю аб каардынатах караблёў у момант атакі на іх. Каардынаты, паведамленыя раней ФСБ Расеі, не супярэчаць высновам Bellingcat.

Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры

Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.

  • Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
  • Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
  • Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
  • Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
  • Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
  • Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
  • Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
  • Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
  • Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам –​ грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
  • У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG