Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп пра захоп Расеяй украінскіх караблёў: «Нам не падабаецца тое, што адбываецца, так ці інакш»


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пракамэнтаваў журналістам абвастрэньне адносінаў паміж Расеяй і Ўкраінай.

«Нам не падабаецца тое, што адбываецца, так ці інакш. Нам не падабаецца тое, што адбываецца. Спадзяемся, што сытуацыя будзе ўрэгуляваная. Я ведаю, што Эўропа ад гэтага не ў захапленьні. Яны таксама працуюць над гэтым. Мы ўсе над гэтым працуем».

26 лістапада Вярхоўная Рада Ўкраіны зацьвердзіла законам указ прэзыдэнта Пятра Парашэнкі аб увядзеньні ваеннага становішча ў сувязі з «чарговым актам агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі 25 лістапада ў раёне Керчанскай пратокі супраць караблёў Ваенна-марскіх сілаў Украіны».

​25 лістапада Расея заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі — «Бярдзянск», «Яны Капу», «Нікапаль» — захопленыя Расеяй у выніку канфлікту ў Азоўскім моры.

Куды плылі ўкраінскія караблі?

Украінскія караблі накіроўваліся з Адэсы ў Марыюпаль, што дазволена ў адпаведнасьці з артыкуламі 17, 38 Канвэнцыі ААН па марскім праве і артыкулам 2 Дагавору паміж Украінай і РФ 2003 году аб супрацоўніцтве ў выкарыстаньні Азоўскага мора і Керчанскай пратокі.

Але караблі сьпярша былі заблякаваныя расейскімі вайсковымі суднамі, Керчанскую пратоку перакрылі сухагрузам, каб яны не змаглі прайсьці. Расея падняла ў паветра зьнішчальнікі і верталёты.

Апроч таго, расейскі карабель «Дон», пайшоў на таран украінскага рэйдавага буксіра, відэа апублікаванае ў інтэрнэце. У выніку буксір быў пашкоджаны і ня змог самастойна рухацца.

Бой у Азоўскім моры

Увечары 25 лістапада расейскія вайсковыя караблі атакавалі ўкраінскія, у выніку чаго былі параненыя 6 украінскіх маракоў, двое зь іх у цяжкім стане. Усяго Расея захапіла больш за 20 украінскіх маракоў.

Што кажуць у Расеі

Расейскі бок распачаў крымінальную справу па факце парушэньня мяжы. Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці праз Керчанскую пратоку незаконна, хоць яшчэ 2 месяцы таму праблемаў з гэтым не ўзьнікала.

Расея зьвінаваціла Ўкраіну ў правакацыі. Масква заяўляе, што праверкі ўкраінскіх суднаў законныя. Кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў заявіў, што Ўкраіна выкарыстоўвае напружаную сытуацыю ў Азоўскім моры як падставу для ўзмацненьня міжнароднага ціску на Расею.

Міжнародная рэакцыя

Рада Бясьпекі ААН у панядзелак, 26 лістапада, зьбіраецца на экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве. Шэраг эўрапейскіх краінаў рэзка асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры, аднак рэакцыя Эўразьвязу і NATO пакуль стрыманая.​

Перадгісторыя канфлікту

Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. У Кіеве было прынятае рашэньне ўмацаваць вайсковы флёт у Азоўскім моры і перакінуць частку караблёў з Адэсы ў Марыюпаль і Бярдзянск.

А што ад гэтага Беларусі?

На думку вайсковага ээкспэрта Аляксандра Алесіна, любое абвастрэньне паміж Расеяй і Ўкраінай не на карысьць Беларусі.

«Бо абодва бакі запатрабуюць дэманстрацыі падтрымкі, а станавіцца на бок аднаго з бакоў у гэтым канфлікце — значыць ісьці супраць уласных інтарэсаў, несьці рэпутацыйныя ды іншыя страты. Зь беларускага боку я чакаю дыпляматычных захадаў, заклікаў не пашыраць канфлікту, сесьці за стол перамоваў ды іншыя агульныя словы. Калі прагучыць ад Менску міратворчая прапанова, прыкладам стаць пасярэднікам у канфлікце, мяркую, яна ня будзе пачутая, бо на сцэну выйдуць магутныя міжнародныя гульцы — ААН, Эўразьвяз ды іншыя», — мяркуе Аляксандар Алесін.

МЗС Беларусі пакуль не адрэагавала на новы віток канфлікту паміж Расеяй і Ўкраінай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG