Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўкраінскія маракі не стралялі ў адказ?


Вайна ёсьць вайна. Адзін бок у ёй цярпіць больш, другі менш, але звычайна страты нясуць абодва праціўнікі. А бой у Азоўскім моры ў гэтым сэнсе нейкі дзіўны. Параненыя толькі ўкраінскія вайскоўцы, захопленыя ў палон (больш як два дзясяткі ўзброеных матросаў і афіцэраў) таксама толькі ўкраінцы. Арыштаваныя судны — усе ўкраінскія. Чаму яны не абараняліся, калі па іх стралялі, калі ўзьнікла пагроза палону і захопу іхных караблёў?

Усё, што было потым і што дагэтуль застаецца ў загалоўках усіх сусьветных СМІ, лягічна і зразумела. Украінскія ўлады абвяшчаюць ваеннае становішча, устрывожаны Захад выказвае пратэсты і абмяркоўвае магчымасьць увядзеньня супраць Масквы новых санкцыяў; крызіс у Керчанскай пратоцы становіцца тэмай для дэбатаў у Радзе Бясьпекі ААН... А вось чаму ўкраінскія вайскоўцы не абараняліся, калі іх атакавалі — ніхто не абмяркоўвае, нібы гэта нейкае другараднае пытаньне, адказ на якое сам па сабе ўсім зразумелы.

Адметна, што гэтая тэма практычна ніяк не закранаецца і ва ўкраінскіх СМІ. Праўда, у першых паведамленьнях агенцыі УНІАН 26 лістапада са спасылкай на крыніцы ў сілавых структурах акупаванага Крыму коратка паведамлялася, што ўкраінскія маракі пры затрыманьні нібыта ўсё ж аказалі супраціў, але пазьней гэтая тэма нікім і ніяк не разьвіваецца. Ці быў той супраціў, а калі быў, то які — незразумела.

Зьяўляюцца паведамленьні пра значную колькасьць стралковай зброі на захопленых караблях, прадрабязнасьці пра раненьні вайскоўцаў, пра тое, як вёўся абстрэл з расейскага боку. Пра дзеяньні ўкраінскіх экіпажаў пасьля пачатку абстрэлу і спробаў захапіць іх у палон — нічога.

Дакладна гэтае ж пытаньне вісела ў паветры ўвесну 2014 году, калі ўкраінскія вайсковыя часткі ў Крыме адна за другой без усялякага супраціву складвалі зброю, пакідалі пазыцыі, дазвалялі блякаваць казармы і арсэналы, уцякалі з паўвыспы. Потым значная частка афіцэраў і генэралаў прысягнула на вернасьць Расеі, пры гэтым адкрыта здрадзіўшы прысязе, якую раней давала на вернасьць Украіне.

Тады, у 2014-м, Аляксандар Лукашэнка пасьля працяглай паўзы агучыў супярэчлівую афіцыйную пазыцыю Беларусі ў гэтай праблеме, у якой знайшлося месца і гэтаму відавочнаму пытаньню. Вось красамоўны фрагмэнт з прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі расейскім журналістам 17 кастрычніка 2014 году:

«Я ўкраінцам пасьля інаўгурацыі Парашэнкі і ўсім журналістам сказаў: хлопцы, вы што, лічыце, што Крым ваш? Чаму вы тады не ваявалі за гэты Крым? Чаму вы яго аддалі Расеі без адзінага стрэлу? Значыць, вы ня лічыце, што гэта ваша тэрыторыя...»

Ну добра, тады панавала палітычнае бязладзьдзе. Украінскія генэралы былі ў разгубленасьці, ня ведалі, чые загады выконваць. Армія, кажуць, была дэмаралізаваная і небаяздольная. А цяпер?

Яшчэ зусім нядаўна, у красавіку 2018-га, зьявілася паведамленьне, што ўкраінская армія ўвайшла ў топ-8 наймацнейшых армій Эўропы (пасьля Францыі, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Італіі, Гішпаніі, Польшчы і Грэцыі). Як падлічылі складальнікі рэйтынгу, аналітыкі Global Firepower, колькасьць Узброеных сілаў Украіны складае 182 тысячы чалавек, 2214 танкаў, 11 868 баявых бронемашын, 240 самалётаў...

Дык чаму яны не абараняліся? Хтосьці скажа: сілы былі няроўныя, баяліся праліць кроў, магла б пачацца вайна... А хіба кроў не пралілася? Хіба вайна ня йдзе? Хіба ўкраінскія тэрыторыі не акупаваныя ўжо чатыры гады? І хіба ўкраінскія вайсковыя статуты не абавязваюць салдатаў і афіцэраў абараняць радзіму са зброяй у руках — асабліва ў выпадку, калі вораг нападае?

Да таго ж перамогу ва ўзброеным канфлікце (асабліва перамогу маральную) атрымлівае далёка не заўсёды той, у каго больш гармат і кулямётаў. Калі б зімой 1939-га маленькая Фінляндыя паслухмяна паддалася ўльтыматумам агрэсіўнага СССР, апраўдваючыся бессэнсоўнасьцю супраціву і слабасьцю сваіх сапраўды нешматлікіх узброеных сілаў, ня стала б у 1940-м незалежнай Фінляндыяй: новапрызначаныя камісары Карэла-Фінскай ССР ужо сядзелі ў абозе Чырвонай Арміі, рыхтуючыся ўехаць у Хэльсынкі на танках пад чырвоным сьцягам.

У гэтыя хвіліны беларускія тэлеканалы ўсьлед за расейскімі паказваюць прыніжальныя, яўна змушаныя маналёгі палонных украінскіх маракоў. «Усьведамляў, што мае дзеяньні носяць правакацыйны характар», — паўтарае чыюсьці чужую фразу маладзенькі напалоханы матрос. Голас за кадрам паведамляе, што сярод палонных — афіцэры Службы бясьпекі Украіны. Атрымліваецца, і яны паслухмяна здаліся ў палон?

...Палітычнае кіраўніцтва Украіны, увёўшы ваеннае становішча, апэлюе да сусьветнай супольнасьці, заклікае да новых санкцый супраць Расеі, да цьвёрдай пазыцыі Эўразьвязу і NATO. Пры гэтым усім зразумела, што ні NATO, ні Эўразьвяз ня будуць абараняць незалежнасьць і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, калі яна ня будзе рабіць гэта сама, сіламі ўласнай арміі.

...Беларусь тым часам маўкліва стаіць у баку, назіраючы за тым, што ў любую хвіліну можа здарыцца і зь ейнай незалежнасьцю.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG