Міжнародны дзіцячы конкурс песьні «Эўравізія-2018» пройдзе 25 лістапада ў Менску. Пра значнасьць падзеі для краіны сьведчыць той факт, што Аляксандар Лукашэнка асабіста прыняў юных выканаўцаў у Палацы Незалежнасьці. Спаборнічаць будуць прадстаўнікі 20 краінаў з 18 магчымых, а сьпявачка з Аўстраліі Джаэль Ўена пазмагаецца за галоўную ўзнагароду «Эўравізіі» ўжо чацьвёрты раз. Беларус Даніэль Ястрэмскі будзе выконваць кампазыцыю «Time» на расейскай і ангельскай мовах.
1. Беларусь прымае ў сябе «Эўравізію» другі раз
Дзіцячая «Эўравізія» праводзіцца з 2003 году. Сёлета Беларусь прымае ў сябе конкурс другі раз, упершыню конкурс праводзіўся ў Менску ў 2010 годзе. У адрозьненьне ад дарослай «Эўравізіі», краіна — пераможца дзіцячага конкурсу не атрымлівае аўтаматычнага права на правядзеньне яго налета.
2. Пастаянная ўдзельніца «Эўравізіі» — Аўстралія. Хто яшчэ можа браць удзел у конкурсе
У дзіцячым конкурсе песьні «Эўравізіі» могуць удзельнічаць краіны, якія ўваходзяць у Эўрапейскую вяшчальную раду або ў Раду Эўропы. Таксама могуць удзельнічаць і дзяржавы, разьмешчаныя ў Азіі — Армэнія, Азэрбайджан, Грузія, Ізраіль, Кіпр; і ў Эўропе, і ў Азіі — Расея і Казахстан; і краіна паўднёвага паўшар’я — Аўстралія.
Усяго ў конкурсе ў розны час бралі ўдзел 37 краін.
3. 20 краін з 18 магчымых — сёлета рэкордная колькасьць удзельнікаў
Паводле правілаў дзіцячай «Эўравізіі», у конкурсе могуць браць удзел да 18 краін (у 2010 годзе, калі Беларусь упершыню прымала форум, у ім спаборнічалі 16 дзяржаў). Аднак гэтым разам арганізатары зрабілі выключэньне для Ізраілю як краіны — пераможцы дарослай «Эўравізіі-2017», і Ўкраіна, якая заяўляла пра адмову ад удзелу ў конкурсе з прычыны фінансавых цяжкасьцяў, вярнулася ўжо пасьля дэдлайну падачы заявак.
Сёлета дэбютуюць Казахстан і Ўэльс. Таксама вернуцца Азэрбайджан, Ізраіль і Францыя. Кіпр удзельнічаць у конкурсе адмовіўся.
Беларусь удзельнічае ў дзіцячым конкурсе з 2003 году, у дарослым — з 2004-га.
4. У трох з 16 конкурсаў беларусы сьпявалі на роднай мове
У асноўным беларускія дзеці сьпяваюць на конкурсе па-расейску. Толькі тройчы выконваліся песьні па-беларуску:
- 2003 год, «Танцуй», Вольга Сацюк, 4-е месца.
- 2004 год, «Сьпявайце са мной», Ягор Ваўчок, 9-е месца.
- 2014 год, «Сокал», Надзея Місякова, 7-е месца.
5. Даніэль Ястрэмскі будзе сьпяваць «Time» па-расейску і па-ангельску
14-гадовы Даніэль Ястрэмскі, які прадстаўляе Беларусь, нарадзіўся ў ЗША, але жыве ў Менску, будзе выконваць кампазыцыю «Time» па-ангельску і па-расейску.
Даніэль — пераможца рэспубліканскага конкурсу юных выканаўцаў «Маладзічок», выступаў ад Беларусі на дзіцячай «Новай хвалі», праходзіў кастынгі ў тэлешоў «Украіна мае талент» і «Голас. Дзеці», вучыўся ў эстраднай акадэміі Ігара Крутога.
6. Скандалы з нацыянальнымі адборамі
З 2003-га па 2013 год на дзіцячай «Эўравізіі» было толькі тэлеглядацкае галасаваньне, а з 2014 году — 50 на 50 (журы і тэлегледачы).
Гэта часам выклікае скандалы, як сёлета зь фіналістам нацыянальнага конкурсу Даніэлем Ястрэмскім. Ён атрымаў максымальную колькасьць галасоў ад тэлегледачоў, нягледзячы на тое, што журы яму аддало толькі 4 балы (пры максымальных 12). Гэта дазволіла яму абысьці на 1 бал найбліжэйшую канкурэнтку Марыю Жыліну.
Удзельнікі нацыянальнага адбору засталіся незадаволеныя гэтым вынікам і напісалі адкрыты ліст на імя старшыні Белтэлерадыёкампаніі Івана Эйсманта, што ня згодныя з накруткамі SMS-галасаваньня.
7. «Менск-арэна» ўмяшчае 15 тысяч гледачоў, усе квіткі распрададзеныя
Месцам правядзеньня фіналу «Эўравізіі», як і ў 2010 годзе, стане самая вялікая пляцоўка Беларусі — спартова-забаўляльны комплекс «Менск-Арэна», які можа ўмясьціць 15 тысяч гледачоў. Квіткі на фінал распрададзеныя, каштавалі яны даволі дэмакратычна — ад 5 да 11 рублёў.
Дызайн сцэны, на якой пройдзе конкурс, распрацавала беларуская мастачка Галіна Гоманава. Паводле задумы аўтаркі, адзіная кампазыцыя — быццам «сонечная сыстэма»: тут зьявяцца дзьве круглыя сцэны, мост паміж імі і доўгія подыюмы ў залю. Побач — зялёны пакой для ўдзельнікаў падчас галасаваньня, ён будзе як бы лунаць у зорным небе. Купал арэны ўпрыгожаць шмат’ярусныя сьвятлодыёдныя жырандолі.
8. На стварэньне лягатыпу дызайнэра Максіма Букаса натхніў Максім Багдановіч
Лягатыпам дзіцячай «Эўравізіі-2018» па выніках конкурсу, у якім удзельнічалі больш за 300 чалавек з розных краін, стала ўзыходзячая зорка. Аўтар малюнка Максім Букас паказаў яе ў выглядзе вэртыкальна перакуленых гукавых хваляў у стылістыцы беларускага арнамэнту. Крыніцай натхненьня яму паслужыў верш Максіма Багдановіча «Зорка Вэнэра».
Слоган «Эўравізіі-2018» — «LightUp!» («Запальвай!»)
9. З удзельнікамі «Эўравізіі» сустрэўся Лукашэнка
Дзеці фатаграфаваліся ў крэсьле Аляксандра Лукашэнкі ў Палацы Незалежнасьці.
«Вы ўжо пераможцы, — сказаў ён удзельнікам конкурсу. — Вы ўжо павінны быць радыя і задаволеныя, што зьяўляецеся пераможцамі ў сваёй краіне, а тут ужо як пашанцуе».
10. Галоўны прыз — шкляны мікрафон
Летась Эўрапейская вяшчальная рада заснавала галоўны прыз для пераможцы, распрацаваны швэдзкім дызайнэрам Кеелам Энгманам, — шкляны мікрафон з каляровымі лілеямі ўнутры, якія сымбалізуюць патокі гуку.