Напярэдадні Свабода паведаміла пра рашэньне аднаго з заснавальнікаў гурту «Крама», гітарыста Сяргея Трухановіча, завяршыць сваю дзейнасьць у калектыве. Ён гэта патлумачыў ідэйнымі разыходжаньнямі з вакалістам Ігарам Варашкевічам.
Сам Варашкевіч незадоўга да гэтага даў вялікае інтэрвію Onliner.by, дзе сярод іншага таксама выказаў прэтэнзіі да свайго маладзейшага калегі.
Ігар Варашкевіч папярэджвае, што сёньняшняя гутарка — ня спроба адказу Сяргею Трухановічу: маўляў, не збіраецца зь ім «бадацца», бо ведае, што той рэальна зрабіў для «Крамы».
Але ўдакладняе прынцыповыя моманты. Па-першае, назву гурту прыдумаў ён, бо «Крама» была ў сьпісе варыянтаў яшчэ для «Бонды». Па-другое, не пагаджаецца, што песьні ў «Рокісе» нібыта рабілі «пад Варашкевіча»: наадварот, пачалі браць за аснову менавіта ягоныя прапановы.
«Хачу больш блюзу, а мяне скіроўваюць у поп-хард-рок»
У любым выпадку ад першапачатковага складу музыкаў гурту «Рокіс», зь якога потым паўстала «Крама», фармальна нікога не засталося: Ільля Шэўчык, Анатоль Горбач і Руслан Праўда адышлі ад спраў яшчэ раней. Неўзабаве кампанію ім складзе Сяргей Трухановіч.
Сам Ігар Варашкевіч быў запрошаны на вакантнае месца вакаліста «Рокіса» замест Ігара Вайцяхоўскага, але не ўпісаўся ў зададзены фармат. Вынікам чаго стала зьмена шыльды. Зрэшты, абнаўленьне пайшло толькі на карысьць: «Крама» хутка стала знакавым гуртом беларускай рок-сцэны.
— Ігар, ёсьць мноства прыкладаў, калі ўзьнікаюць непаразуменьні паміж творчымі асобамі, якія прэтэндуюць на лідэрства. Атрымліваецца, сытуацыя не такая ўжо экстраардынарная?
— Гэта нармальна, проста канфлікт занадта зацягнуўся. Справа ў тым, што я іду ў адным творчым кірунку, а Сяргей крыху ў іншым. Я хачу больш блюзу і року, а ён за «лайтовы» варыянт, магчыма, сам да канца не ўсьведамляючы. А я да поп-хард-року ня маю ніякага дачыненьня. І гэта цягнецца ўжо 10 гадоў.
Два апошнія альбомы — «Усё жыцьцё — дзіўны сон» і «Белая вада» — запісаныя ў канфлікце. Рабіць выгляд, што ўсё добра? Для мяне гэта ненармальна. Дарэчы, Сярожа аднойчы ўжо сыходзіў, працавалі безь яго. Дык ён кажа, што гэта была ня «Крама». А я лічу, што, наадварот, самая што ні на ёсьць.
— Ваш канфлікт чыста творчы ці ўжо перакінуўся і на чалавечыя стасункі?
— Я нармальна стаўлюся да Сяргея як прафэсіянала. Але ён бярэцца за тое, чаго ня можа рабіць: хоча быць адначасова і кампазытарам, і інструмэнталістам, і аранжыроўшчыкам, і прадусарам, і дырэктарам. Так не бывае! Жыцьцё паказвае: усё мае свой пачатак і свой канец. І гэты канец павінен быў адбыцца яшчэ гадоў 10 таму...
У мяне ляжаць гатовыя песьні. Сяргей лічыць, што безь ягонай магічнай рукі нічога не атрымаецца, увесь час дае зразумець, што я безь яго ніхто. Дурдом нейкі, так у калектыве быць не павінна. Прыблізна тое, каб гітарыст «Чайфа» Валодзя Бегуноў увесь час існаваньня гурта бубніў, што Ўладзімір Шахрын безь яго — поўны нуль. Трухановіч на сябе коўдру пацягнуў настолькі моцна, што больш трываць немагчыма. Доўгія гады я маўчаў, а цяпер бачу, што мне гэта непатрэбна.
«Наведвала думка назваць гурт «Выпадковыя людзі»
— Магчыма, за столькі гадоў мае месца агульная стома і ня варта рабіць пасьпешлівых крокаў?
— Усё можа быць... Па вялікім рахунку, мне ўсё роўна, чым ён будзе займацца. Кідаецца то туды, то сюды. Хоць за гэтыя гады можна было спакойна запісаць два альбомы. І прычына не ўва мне, а ў ім. Ён нібыта ні пры чым, лічыць сябе «ідэальным». Гэта ягоная галоўная праблема. Недатыкальны, бязгрэшны, звышчалавек. Такіх людзей у сьвеце няма.
На кантакт не ідзе: калі пачынаеш сур’ёзна размаўляць, усё адфутбольвае. Абмяркоўваем, што вось у гэтым фрагмэнце гітара будзе лішняя. Адказ адзін: «Ды ты не разумееш!». Ніхто нічога не разумее — ні я, ні Андрэй Лявончык, ні Саша Ванкевіч. Ён адзін прафэсіянал, астатнія — «выпадковыя людзі». У тым ліку і я. Гэта нармальна? Думаю, што не. Хачу нават гурт так назваць — «Выпадковыя людзі». Гэта калі ўжо ўсё даводзіць да абсурду...
— Ці можна сытуацыю параўноўваць з тымі «разводамі», якія ў свой час перажылі NRM, «Палац», «Ляпісы», «Верасы», «Песьняры»?
— На «Краме» што, сьвет клінам сышоўся? Добра, знакавы праект, але сапраўды падобная сытуацыя была ў Лявона Вольскага зь Пітам Паўлавым. Там канфлікт яшчэ больш сур’ёзны, у нас з Трухановічам не да такой ступені, мы ўсё ж суіснавалі як музыкі. Але мне надакучыла слухаць, што я непрафэсійны чалавек. Я напісаў гэтыя песьні, а ня ён.
Сяргей ставіць перад фактам, што ягоныя аранжыроўкі важнейшыя за мае песьні. Ну быць такога ня можа! Пры тым, што шмат чаго я прыдумаў сам. Напрыклад, ягоная песьня «Неба — лёс арла» на 90% напісана мной, ягоны толькі ўступ. Дык калі ты ня лічыш мяне музыкам, прафэсіяналам, навошта амаль 30 гадоў са мной граеш? Вось гэтага не разумею.
«Была спроба паразмаўляць праз інтэрвію»
— Наколькі ў Беларусі крытычная сытуацыя з гітарыстамі такога ўзроўню?
— Гітарыстаў, якія граюць такую музыку, сапраўды мала. Гэтага ў Сяргея не аднімеш. Кепска, што ён ператварыўся ў настаўніка, вучыць людзей граць на гітары. І ў гурце сябе гэтак жа паводзіць. Але калектыў — гэта іншая рэч. Займайся сваімі справамі дома і ў інстытуце. Калі чалавеку кажуць, што той ня мае рацыі, а ён ня чуе, то як рэагаваць? Зь якога перапуду ён недатыкальны? Хоча займацца ўласнымі праектамі — на здароўе.
Дзеля справядлівасьці, я сабе даў зарок увогуле на гэтую тэму не размаўляць, папросту бессэнсоўна. Але ж так атрымалася, што вось зноў...
— Значыць, сам-насам выказаць узаемныя прэтэнзіі ўжо немагчыма? Я пра інтэрвію Onliner.by...
— Тое, што я сказаў, — толькі невялікая вяршыня айсбэрга. У пэўным сэнсе гэта спроба паразмаўляць вось так, праз інтэрвію — хоць і не плянаваў, выпадкова атрымалася.
Сяргей з публікацыі пабачыў толькі тое, што Варашкевіч яго пакрыўдзіў. І ўсё, больш ніякіх высноваў. Так і не дайшло, што яму хацелі сказаць. Затое дае зразумець, што я жыву за яго кошт. Маўляў, ён запісаў песьні, за якія я атрымліваю грошы. Але ж напісаў іх я, значыць, дзякуючы мне, ён мае грошы ад канцэртаў. Я ж за тое не дакараю...
10 апошніх гадоў я паклаў, каб «Крама» загучала. За ўласныя грошы набываў фірмовыя інструмэнты. Хацелася, каб гэта быў блюз-рок-гурт, а не поп-хард-рок-праект Трухановіча. У адказ чуецца адно: «Вы нічога не разумееце і ня робіце». Нейкая мышыная валтузьня, дзіцячы сад...
— 17 лістапада ў Менску мае адбыцца канцэрт «Крамы». Форс-мажору ня будзе, рэпэтыцыі ідуць?
— Усё мы і так ведаем, без рэпэтыцый, так што канцэрт будзе. Іншая справа, што агульнай справе такія гісторыі не спрыяюць. Я ж кажу: ляжыць матэрыял, хоць заўтра можна альбом запісаць, усё маем. Апроч жаданьня...
Ігар Варашкевіч нарадзіўся ў Баранавічах 15 жніўня 1960 году. Скончыў мастацка-прамысловы факультэт Дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытуту, спэцыялізацыя — інтэр’еры. Цягам 1983-1989 гадоў быў вакалістам, потым лідэрам гурту «Бонда». Пасьля распаду каманды ў 1989-м перайшоў у гурт «Рокіс», які ў 1991 годзе пераўтварыўся ў «Краму». Грае ў калектыве дагэтуль.