Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Крумкачоў» могуць не пусьціць у першую лігу футбольнага чэмпіянату празь юрыдычную калізію


Заўзятары «Крумкачоў», 2016 год
Заўзятары «Крумкачоў», 2016 год

Футбольны клюб «НФК Крумкачы», які па выніках сэзону ў другой лізе чэмпіянату Беларусі атрымаў права гуляць у першым дывізіёне, сутыкнуўся з чарговымі складанасьцямі.

Сёлета рашэньнем Беларускай фэдэрацыі футболу (БФФ) «Крумкачы» былі дыскваліфікаваныя з вышэйшай лігі: менскай камандзе адмовілі ў ліцэнзіі за «сыстэматычныя парушэньні» патрабаваньняў рэглямэнту — парушэньне тэрмінаў падачы дакумэнтаў і зрыў працэсу ліцэнзаваньня.

​У «Крумкачоў» зьмяніліся заснавальнікі, каманда заявілася ў другую лігу, заняла па выніках сэзону другое месца і атрымала падвышэньне ў рангу. Але легалізавацца ў першай лізе, дзе патрабаваньні рэглямэнту больш жорсткія, чым у аматарскім футболе, аказалася ня так проста: клюб з такой назвай ужо існуе, рэгістраваць новы фэдэрацыя не зьбіраецца.

Фэдэрацыя футболу: сярод чальцоў асацыяцыі «Крумкачы» ужо ёсьць

19 сакавіка арбітраж БФФ канчаткова адхіліў заяву футбольнага клюбу «Крумкачы» наконт рашэньня камітэту клюбнага ліцэнзаваньня. Такім чынам, каманда страціла месца ў эліце і магла заявіцца толькі ў другую лігу ўнутранага чэмпіянату. Тады ў звароце да заўзятараў «Крумкачы» адзначылі, што іх «прысудзілі да найвышэйшай меры», хоць калектыў быў гатовы да чэмпіянату-2018 як кадрава, так і фінансава.

30 сакавіка Беларуская фэдэрацыя футболу задаволіла заяўку «НФК Крумкачы» на ўдзел у першынстве другой лігі чэмпіянату Беларусі.

Адным з заснавальнікаў абноўленых «Крумкачоў» стаў вядомы піяніст і футбольны заўзятар Юры Бліноў. Па выніках першынства каманда заняла другое месца і атрымала права на падвышэньне ў рангу.

Аднак, як пацьвердзіў Свабодзе дырэктар дэпартамэнту ліцэнзаваньня БФФ Андрэй Мішаеў, у працэсе атрыманьня ліцэнзіі на выступленьне ў першай лізе ўзьніклі праблемы з назвай.

«Справа ў тым, што сярод чальцоў асацыяцыі ўжо ёсьць футбольны клюб з назвай „Крумкачы“ — той, дзе сярод заснавальнікаў Дзяніс Шунто (былы кіраўнік і заснавальнік „Крумкачоў“. — РС), — патлумачыў спартовы чыноўнік. — Адпаведна, ня можа зьявіцца яшчэ адна каманда з аналягічным найменьнем. Таму мусім абмеркаваць пытаньне зь юрыдычнай службай, каб вызначыцца з канчатковай пазыцыяй».

Дзяніс Шунто
Дзяніс Шунто

Сам Дзяніс Шунто сьцьвярджае, што ня мае дачыненьня да абноўленай каманды, проста даў дазвол на выкарыстаньне назвы на час выступаў у другой лізе. Як цяпер вырашаць юрыдычную калізію, ён адказаць ня здолеў.

Дырэктарат «Крумкачоў»: працуем найперш над тым, каб захаваць назву

Дырэктар «НФК Крумкачы» Алег Давідовіч адзначае, што захаваньне назвы каманды — момант прынцыповы. Брэнд «Крумкачы» стаў знакавай зьявай у беларускім спорце, пра што сьведчыць і заўзятарская адданасьць: матчы з удзелам каманды ў другой лізе зьбіралі больш гледачоў, чым асобныя гульні прадстаўнікоў эліты.

«Пакуль усё ў падвешаным стане, — гаворыць ён. — Гэта ня столькі прэтэнзіі, такія патрабаваньні рэглямэнту. Справа ў тым, што другая ліга аматарская, а ўжо ў першым дывізыёне клюб мусіць уступіць у асацыяцыю Беларускай фэдэрацыі футболу. Адпаведна, трэба выканаць шэраг правілаў. Пакуль абмяркоўваем пытаньні ў штатным рэжыме. Працуем найперш над тым, каб захаваць назву. Шукаем агульныя падыходы, каб і фэдэрацыі было добра, і нашым заўзятарам».

Фанацкая атрыбутыка «Крумкачоў»
Фанацкая атрыбутыка «Крумкачоў»

​«Крумкачы»: гісторыя ўзьлёту і падзеньня

Футбольны клюб «Крумкачы» заснаваны 20 сакавіка 2014 году. Каманда пасьлядоўна прайшлі ўсе прыступкі — аматарскую другую лігу, паўпрафэсійную першую, а ў 2016-м ужо праводзілі дэбютны сэзон у кампаніі наймацнейшых удзельнікаў чэмпіянату Беларусі. Аднак неўзабаве паўсталі фінансавыя праблемы: «Крумкачы» аказаліся адзінымі ў элітным дывізіёне, хто ня меў дзяржаўнай падтрымкі. За імі не было ні гарадзкіх адміністрацый, ні буйных прадпрыемстваў. Дапамогі тытульных спонсараў не хапала.

Сэзон-2017 зноў пачаўся з абмеркаваньня фінансавага становішча. Пазычаныя ў БАТЭ 150 тысяч даляраў трэба было вяртаць, але зрабіць гэта ў агавораны тэрмін не ўдалося. Эканамічны суд Менску вынес рашэньне спагнаць грошы ў загадным парадку. Пачалі набірацца даўгі па заробках гульцам і трэнэрам. Летась увосень праз краўдфандынг удалося сабраць блізу 30 тысяч рублёў — чвэрць ад сумы, патрэбнай, каб скончыць першынства.

Эмблема клюбу
Эмблема клюбу

На пачатку гэтага году паведамлялася, што клюб не ўратуе ўжо нішто. У гэты момант знайшоўся армянскі інвэстар, які пагадзіўся ўкласьці амаль 600 тысяч даляраў, а таксама вырашыць праблему з даўгамі — пры ўмове, што каманда будзе гуляць у вышэйшай лізе.

Аднак Беларуская фэдэрацыя футболу адмовіла «Крумкачам» у ліцэнзаваньні, усе апэляцыі засталіся незадаволеныя. Заснавальнікі апынуліся перад дылемай — або самаліквідавацца, або заявіцца ў другую лігу і пачаць з чыстага аркуша.

Зь першай жа спробы абноўленай камандзе ўдалося ўзьняцца да першага дывізіёну, але наступствы «клянаваньня», відавочна, пры гэтым улічаныя не былі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG