«УКантакце» дадала магчымасьць спампаваць архіў дадзеных пра свой профіль у сацыяльнай сетцы. Функцыя працуе ў тэставым рэжыме.
Не заўжды і ня ўсе дадзеныя карыстальнікаў могуць адлюстроўвацца ў «яўным выглядзе» інтэрфэйсаў «УКантакце», адзначыў упраўляючы дырэктар сацыяльнай сеткі Андрэй Рогазаў.
Па спасылцы можна спампаваць архіў копій усіх дадзеных. «УКантакце» прапануе спампаваць архіў у zip-фармаце або зашыфраваць дадзеныя ключом OpenPGP.
Запыт архіва неабходна пацьвердзіць праз смс на нумар, да якога прывязаны акаўнт. Спасылку для спампоўваньня архіву можна адкрыць і зь іншага профілю.
Што памятае «ЎКантакце»?
Архіў акаўнта, зарэгістраванага ў 2009 годзе, утрымліваў наступную інфармацыю:
- гісторыя зьменаў імя і прозьвішча;
- інфармацыя, пададзеная на старонцы (дата нараджэньня, сваякі, інтарэсы, улюбёная музыка, кіно, кнігі);
- гісторыя зьменаў нумара тэлефона і яго прывязкі;
- IP-адрасы рэгістрацыі і апошніх уваходаў у акаўнт;
- адпраўленыя і атрыманыя паведамленьні ў чатах і дыялёгах;
- пасты і фатаздымкі, якія вы лайкнулі;
- геалякацыя;
- паведамленьні на «сьцяне»;
- фатаздымкі і фотаальбомы, а таксама здымкі, на якіх вас адзначылі;
- відэазапісы;
- захаваныя аўдыёзапісы і плэйлісты;
- падпіскі на прыватныя акаўнты і паблікі;
- загружаныя дакумэнты і створаныя тавары;
- усталяваныя дадаткі «ЎКантакце»;
- імпартаваныя кантакты;
- акаўнты, якія былі ўнесеныя ў «чорны сьпіс»;
- звароты ў тэхпадтрымку сацсеткі;
- гісторыя грашовых пераводаў праз «УКантакце».