Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Без кардонаў і надгляду. Як у Латвіі адсьвяткавалі стагодзьдзе незалежнасьці


Латвійская армія на вайсковым парадзе ў Рызе, 18 лістапада 2018 году
Латвійская армія на вайсковым парадзе ў Рызе, 18 лістапада 2018 году

100 гадоў таму Латвія абвясьціла пра сваю незалежнасьць — Народная Рада Латвіі прагаласавала за нацыянальную і самастойную дзяржаву.

На вуліцах Рыгі 18 лістапада цяжка было сустрэць чалавека бяз стужкі, сьцяга або бутаньеркі ў нацыянальных колерах. З раніцы ў самым цэнтры сталіцы, каля манумэнта Свабоды, распачаўся сьвяточны канцэрт. Рэпартаж Свабоды зь месца падзей.

Латвійскі салдат на парадзе падчас цырымоніі з нагоды 100-годзьдзя незалежнасьці Латвіі ў Рызе
Латвійскі салдат на парадзе падчас цырымоніі з нагоды 100-годзьдзя незалежнасьці Латвіі ў Рызе

Ні праверак, ні паліцыі

Людзі віруюць па вуліцы, іх без праверак і кардонаў лёгка прапускаюць на сьвята. Каля манумэнта зьмяняецца ганаровая варта, гучыць музыка. Цікава, што пастаяць у такой варце можна ня толькі вайскоўцам, але і ўсім, хто выкажа такое жаданьне. Усяго некалькі паліцыянтаў проста сочаць за парадкам непадалёк ад манумэнту.

Да помніка прыносяць кветкі (як тлумачаць грамадзяне Латвіі, «гэта падарунак на сьвята самім сабе»). Пазьней тут распачнецца канцэрт.

Прэзыдэнты Эстоніі, Фінляндыі, Латвіі і Ісьляндыі нясуць вянкі да помніка Свабоды
Прэзыдэнты Эстоніі, Фінляндыі, Латвіі і Ісьляндыі нясуць вянкі да помніка Свабоды

За некалькі дзён да сьвяткаваньня горад ужо ўпрыгожаны, на вуліцах нацыянальная сымболіка, адразу ў некалькіх месцах на дамах паказваюць тэматычныя кліпы, увечары ідзе лазэрнае шоў.

У кавярнях і барах шмат людзей з нацыянальнай сымболікай ужо напярэдадні сьвята, стужкі заплеценыя ў валасах, прымацаваныя да вопраткі.

Вайскоўцы NATO прымаюць удзел у парадзе
Вайскоўцы NATO прымаюць удзел у парадзе

Гімн сьпяваюць усе

Бліжэй да абеду людзі рушаць на вайсковы парад, які праходзіць уздоўж ракі Даўгавы. «Трэба было займаць месца на дрэвах, каб было відаць», — чую ад сямейнай пары, якая прыйшла паглядзець парад.

Латвійскія салдаты на парадзе
Латвійскія салдаты на парадзе

Сапраўды, дзеці залазяць на дрэвы абапал дарогі, каб паглядзець на падзею, паліцыянты не зьвяртаюць на гэта ніякай увагі. Іх наогул амаль не відаць, пры гэтым ніякай цісканіны няма: людзі свабодна перасоўваюцца і займаюць месцы. На парадзе, як і ля манумэнта Свабоды, няма ніякіх кардонаў і праверак, уздоўж шляху параду за гадзіну да яго пачатку сабралася дзясяткі тысяч людзей.

Італьянскі вайсковы духавы аркестар на парадзе
Італьянскі вайсковы духавы аркестар на парадзе

«У нас кожны год праходзіць парад, і мы кожны год ходзім, але гэтым разам мусіць быць цікавей, бо стагодзьдзе», — адказвае сямейная пара і спрабуе разглядзець шэрагі вайскоўцаў.

На парад людзі ідуць выключна з уласнага жаданьня. Сёньня тут пройдуць 1700 вайскоўцаў (уключна з прадстаўнікамі саюзьнікаў Латвіі па NATO з Чэхіі, Даніі, Эстоніі, Фінляндыі ды іншых краінаў), баявая тэхніка; праляцяць самалёты, верталёты. А вось прадукцыю мясцовых заводаў, як у Беларусі, на такіх падзеях не паказваюць.

Салдаты ЗША
Салдаты ЗША

Парад пачынаецца з гімна, які сьпяваюць усе прысутныя (адзінае выключэньне — турысты). Расейскамоўныя людзі лёгка падхопліваюць словы гімна. Наогул, па-расейску гаворыць толькі кожны чацьвёрты, але, калі запытацца на гэтай мове, людзі лёгка пераходзяць на яе.

Канадзкія вайскоўцы
Канадзкія вайскоўцы

«Разумееце, нашы людзі сапраўды любяць сваю краіну, для іх гэта важнае сьвята. У нашай гісторыі былі моманты, калі незалежнасьць даводзілася абараняць далёка ня з кветкамі ў руках, і людзі ведаюць пра гэта», — дзеліцца думкамі жыхарка Рыгі, калі карэспандэнт спытаў пра такую папулярнасьць і параду, і ўсяго сьвята.

Румынскія афіцэры на парадзе
Румынскія афіцэры на парадзе

Парад ідуць глядзець з моста, там лепш відаць. Але ёсьць яшчэ адзін лайфхак: парад сканчаецца за гістарычным цэнтрам, бліжэй да манумэнта Свабоды, і калі прыйсьці туды, то можна разгледзець усіх вайскоўцаў, шлях якіх нават нічым не агароджаны.

Прэзыдэнт выступае — і зноў ніякіх кардонаў

Бліжэй да вечара на плошчы каля манумэнта Свабоды пачынаецца шоў: выступаюць музыкі, прамаўляюць палітыкі і дзеячы культуры. Клясычная музыка тут зьмяняецца на фольк- і рок-кампазыцыі.

(У першым шэрагу зьлева направа) Латвійскія прэм'ер-міністар Марыс Кучынскіс, старшыня парлямэнту Інара Муйжніецэ і прэзыдэнт Раймандс Вэюаніс; прэзыдэнт Ісьляндыі Гудні Торлясыюс Ёўганэсан (у другім шэрагу зьлева направа), прэзыдэнт Эстоніі Керсьці Кальюлайд і прэзыдэнт Фінляндыі Саўлі Нійністэ
(У першым шэрагу зьлева направа) Латвійскія прэм'ер-міністар Марыс Кучынскіс, старшыня парлямэнту Інара Муйжніецэ і прэзыдэнт Раймандс Вэюаніс; прэзыдэнт Ісьляндыі Гудні Торлясыюс Ёўганэсан (у другім шэрагу зьлева направа), прэзыдэнт Эстоніі Керсьці Кальюлайд і прэзыдэнт Фінляндыі Саўлі Нійністэ

​Прэзыдэнт Латвіі Раймандс Вэюаніс выступае а восьмай вечара, нікога з прысутных пры гэтым зноў жа не абшукваюць і кардонаў не зьяўляецца.

Кароткая прамова — і людзі ідуць глядзець на фэервэрк, самы дарагі ў гісторыі Латвіі, амаль 235 тысяч эўра.

Польскія вайскоўцы
Польскія вайскоўцы

«Паглядзім, што такое дарагое запусьцяць у неба»

Сёлетні фэервэрк самы дарагі ў гісторыі Латвіі. На яго выдаткавалі ў дзесяць разоў болей, чым на ранейшых сьвятах у гонар Дня Незалежнасьці.

«Паглядзім, што ж так дорага каштуе, што запусьцяць сёньня ў неба», — можна пачуць ад гараджан.

Але людзі глядзяць на шоў без нэгатыўных выказваньняў: чуваць захопленыя і ўражаныя воклічы.

Даўгава-Дзьвіна асьвятляецца рознакаляровымі фэервэркамі. Гэтае шоў называецца «Стагодзьдзе сонца», і яго мэта — з дапамогай сьвятла ды піратэхнікі расказаць пра гісторыю краіны і яе шлях да незалежнасьці.

Сонца тут — сымбаль паганства, досыць папулярнага ў сучаснай Латвіі. З гэтай нагоды нават выйшаў фільм «Балтыйскія плямёны» братоў Райтыса і Лаўрыса Абэле, які паказвае войны і побыт балтыйскіх плямёнаў у XIII стагодзьдзі.

Фэервэрк скончаны, але на галоўнай сцэне каля манумэнту Свабоды, а таксама ў дзясятках іншых лякацый па ўсёй Рызе працягваюцца канцэрты, пэрформансы ды іншыя забавы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG