Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сур’ёзная колькасьць амэрыканскіх войскаў ва Ўсходняй Эўропе прадухіліць яшчэ адну вайну»


Славамір Дэмбскі
Славамір Дэмбскі

Міністры абароны ЗША і Польшчы абмеркавалі на мінулым тыдні магчымасьць стварэньня буйной ваеннай базы ЗША на польскай тэрыторыі.

Джым Мэтыс і Марыюш Блашчак сустрэліся ў сераду ў Пэнтагоне, пасьля чаго кіраўнік польскага абароннага ведамства заявіў, што прапанова Варшавы наконт пастаяннай прысутнасьці арміі ЗША ў Польшчы «была добра ўспрынятая».

Польскія ўлады, як адзначалася афіцыйнай Варшавай раней, бачаць у пастаяннай ваеннай прысутнасьці ЗША ў Польшчы больш магутны фактар стрымліваньня магчымай расейскай агрэсіі, чым прысутнасьць у краіне войскаў NATO на ратацыйнай аснове.

Польшча гатова выдзеліць да двух мільярдаў даляраў на стварэньне абʼекта, дзе могуць на пастаяннай аснове разьмяшчацца ваенныя і іх семʼі. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп праявіў цікавасьць да гэтай ідэі, назваў прапанову «вельмі важным укладам». Прэзыдэнт Польшчы Дуда прапанаваў назваць базу «Форт Трамп».

Гаворка пра магчымасьці расейскай агрэсіі ў дачыненьні да суседніх дзяржаваў таксама ішла ў чацьвер і на канфэрэнцыі ў Цэнтры стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў у Вашынгтоне, дзе пра гэта казаў дырэктар Польскага інстытута міжнародных спраў (Polski Instytut Spraw Międzynarodowych) Славамір Дэмбскі (Sławomir Dębski).

Славамір Дэмбскі — польскі гісторык, палітоляг і першы дырэктар Цэнтра польска-расейскага дыялёгу і згоды (з 2011 па 2016 год), якому расейскія спэцслужбы забаранілі ўезд у Расею ў траўні 2018 года. Дэмбскі прыляцеў у Маскву па запрашэньні Інстытута сусьветнай эканомікі і міжнародных адносін Расейскай акадэміі навук, але быў затрыманы ў аэрапорце расейскай пагранслужбай, а праз некалькі гадзін дэпартаваны. Як пазьней заявіў расейскі пасол у Польшчы, дэпартацыя Славаміра Дэмбскага стала адказам на абмежаваньне ўезду ў Польшчу двум расейскім палітолягам, якія падтрымалі анэксію Крыма Расеяй.

У інтэрвію Рускай службе «Голаса Амэрыкі» Славамір Дэмбскі пракамэнтаваў магчымасьць стварэньня буйной базы амэрыканскіх войскаў у Польшчы.

— Стварэньне вялікай ваеннай базы ЗША ў Польшчы, пра што цяпер гаварылі міністры абароны ЗША і Польшчы — навошта гэта трэба Вашынгтону і Варшаве?

— Мы павінны ўлічваць тое, што пасьля 2014 мы жывем у цалкам новай стратэгічнай сытуацыі. Мы павінны быць гатовыя да магчымасьці таго, што Расея гатовая і можа выкарыстаць вайну як інструмэнт зьнешняй палітыкі, і таму ўсе эўрапейскія краіны NATO павінны валодаць надзейным мэханізмам стрымліваньня, каб такую магчымасьць не дапусьціць. Гэта не азначае, што такое абавязкова здарыцца, але мы ня можам выключаць таго, што, калі сусьветны палітычны расклад прадаставіць Расеі такую магчымасьць расейскаму кіраўніцтву, яно можа заявіць пра правы на тэрыторыі, якія гістарычна ўваходзілі ў Расейскую Імпэрыю. Гэтая канфэрэнцыя ў Цэнтры міжнародных і стратэгічных дасьледаваньняў вельмі добра дэманструе, што ў расейскай палітыцы бытуюць не занадта відавочныя пакуль ідэі, якія пазьней могуць быць выкарыстаныя для аднаўленьня расейскага кантролю над былымі сатэлітамі Масквы ва Усходняй Эўропе. ЗША і іх эўрапейскія саюзьнікі павінны зрабіць вельмі яснай сваю ваенна-палітычную прысутнасьць на ўсходніх флянгах NATO.

— І вы думаеце, што такая сіла, як «Форт Трамп», як ужо назваў гэтую магчымую базу арміі ЗША ў Польшчы прэзыдэнт Дуда, зможа ў гэтым дапамагчы?

— Так, я думаю, што відавочная прысутнасьць амэрыканскіх войскаў можа моцна падвысіць цану патэнцыйных крокаў Расеі па ўсталяваньні таго кантролю, пра які я ўжо сказаў, і які, вядома, падарваў бы мір у Эўропе, усталяваны пасьля заканчэньня «халоднай вайны». Для такой прысутнасьці ёсьць і яшчэ адно апраўданьне: мы павінны дакладна паставіць мяжу на шляху разваг пра «зоны асаблівых інтарэсаў», або пра нейкія краіны, бясьпека і сувэрэнітэт якіх ня важныя. Вельмі доўгі час для такога барʼера не было ніякіх прычын, таму што ў Эўропе быў мір, і не прадбачылася ніякая вайна, да якой нам трэба было б быць гатовым. Зараз вайна вярнулася ў Эўропу, і ЗША, NATO у цэлым павінны зьмяніць расстаноўкі сваіх ваенных сіл. Таму Польшча цяпер вядзе перамовы ня толькі з ЗША, але і з іншымі нашымі саюзьнікамі аб тым, як зрабіць гэта найбольш эфэктыўна. Я ўпэўнены, што знаходжаньне сурʼёзнай колькасьці амэрыканскіх войскаў на ўсходніх флянгах прадухіліць яшчэ адну вайну ў Эўропе.

— Польшча непасрэдна мяжуе з і Расеяй, якая, як лічаць у Вашынгтоне, фактычна вядзе вайну супраць Украіны, і з самой Украінай, якая зьяўляецца ахвярай гэтай вайны. Што гэтыя чатыры зь лішнім гады вайны азначалі для Польшчы?

— Так, гэтая сытуацыя зрабіла пытаньні бясьпекі для нашай краіны вельмі адчувальнымі. У 2014 годзе ў мяне была вельмі своеасаблівая сытуацыя, калі ў нядзелю раніцай у дзьверы майго дома пастукаліся двое маіх суседзяў з пытаньнем пра тое, ці ня прыйдзе цяпер вайна ў Эўропу, і ці ня варта пераяжджаць далей, каб не патрапіць у цэнтар канфлікту. Я тады сказаў: «Пакуль што няма чаго, калі ласка, супакойцеся — кіраўніцтва NATO, ЗША, сама Польшча, робяць усё магчымае для таго, каб прадухіліць такі сцэнар. У нас павінен быць двухкампанэнтны падыход да Расеі. Першы кампанэнт — вельмі надзейны мэханізм стрымліваньня, і, як я ўжо сказаў, роля ЗША ў гэтым проста крытычная, таму што, нягледзячы на ўсе размовы пра большы ўклад Эўропы ў «агульны кацёл» NATO, а таксама пра неабходнасьць аўтаномнасьці Эўропы ў сфэры бясьпекі, пакуль рэальнай здольнасьцю стварыць такое стрымліваньне валодаюць Злучаныя Штаты. Другі кампанэнт — гэта працяг размовы з Расеяй, тлумачэньне ёй, якія павінны быць яе крокі для аднаўленьня таго якаснага міру, які ў нас быў да расейскай агрэсіі супраць Украіны (і раней — да яе агрэсіі ў дачыненьні да Грузіі). І гэтая размова таксама абсалютна неабходная, але пры разуменьні таго, што пры гэтым мы не ідзем на недапушчальныя кампрамісы.

— Ці правільна я разумею, што вы не зьяўляецеся прыхільнікам ідэі стварэньня агульнаэўрапейскай арміі, якую пэрыядычна вылучаюць палітыкі ў Эўропе, а, хутчэй, разьлічваеце на ўмацаваньне абароннага супрацоўніцтва з Вашынгтонам?

— Ну, давайце будзем рэалістамі: мы ўжо знаходзімся ў альянсе, дзе прысутнічаюць ЗША, Канада і многія эўрапейскія краіны. І, як сябры гэтага альянсу, мы павінны думаць у катэгорыях ужо існага хаўрусьніцтва, разьвіваючы адносіны з ЗША, і ў той жа час спрабуючы гэтым разьвіцьцё адносінаў унесьці ўклад у агульнаэўрапейскую бясьпеку. Ідэя агульнаэўрапейскай арміі зусім ня новая — прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі ў інтэрвію Financial Times у 2006 годзе ўжо прапаноўваў стварэньне 100-тысячнага эўрапейскага кампанэнта агульных сіл NATO. Але нам не патрэбныя паралельныя структуры, так што, калі намаганьні эўрапейцаў у рамках NATO будуць проста больш эфэктыўнымі, то гэта пойдзе на карысьць агульнай справе. І на самой справе гэта цалкам адпавядала б палітыцы прэзыдэнта Трампа, які гэтага дамагаецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG