ЗША пашыраюць сваю вайсковую прысутнасьць у рэгіёне Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Што гэта нясе Беларусі?
На мінулым тыдні памочнік дзяржсакратара ЗША ў справах Эўропы і Эўразіі Ўэс Мітчэл расказаў аб стратэгіі ЗША ў дачыненьні Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Перад Злучанымі Штатамі стаіць задача «ўмацаваць Захад, каб супрацьстаяць росту ўплыву сапернікаў». «Сёньня нацыянальны сувэрэнітэт і тэрытарыяльная цэласнасьць памежных дзяржаў, такіх як Украіна, Грузія і нават Беларусь, зьяўляюцца тым надзейным бастыёнам, які абараняе ад расейскага нэаімпэрыялізму», — заявіў Мітчэл.
Гэта азначае, што ЗША вяртаюцца ў гэты рэгіён у якасьці актыўнага гульца. Злучаныя Штаты практычна адсутнічалі тут з 2009 году, са сканчэньнем прэзыдэнцтва Джорджа Буша-малодшага. Адміністрацыя Барака Абамы прапанавала Расеі канцэпцыю «перазагрузкі», што ў практычным пляне азначала адмову Вашынгтона ад канкурэнцыі з Масквой за ўплыў на постсавецкай прасторы. Да чаго гэта прывяло, можна спытаць ва ўкраінцаў.
Прэзыдэнт Дональд Трамп таксама прыйшоў да ўлады з ідэямі частковага ізаляцыянізму, пэўнага дыстанцыяваньня Злучаных Штатаў ад вострых сусьветных праблем. ЗША выйшлі з шэрагу міжнародных дамоваў, Трамп нават ставіў пад сумнеў ранейшую ролю Амэрыкі ў NATO.
Але лёгіка эскаляцыі канфлікту з Расеяй плюс настойлівыя просьбы краінаў Балтыі і Польшчы прывялі да таго, што ЗША пашыраюць сваю вайсковую прысутнасьць у рэгіёне Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Вялікі рэзананс выклікаў візыт прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды 19 верасьня ў Вашынгтон, падчас якога ён прапанаваў стварыць на тэрыторыі яго краіны пастаянную амэрыканскую базу пад назвай «Форт Трамп».
Таму цяпер ЗША зьмяняюць акцэнты ў сваёй замежнай палітыцы на карысьць Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, палічыўшы, што кантроль за гэтым рэгіёнам нельга пакорліва пакідаць за Расеяй.
Дарэчы, Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў казаў, што ўрэгуляваньне ўкраінскага крызісу немагчымае без ЗША. Ну дык вось, у Вашынгтоне прыслухаліся.
На жаль, падобна, што непазьбежным наступствам гэтых пераменаў можа стаць мілітарызацыя рэгіёну, абвастрэньне ваеннага супрацьстаяньня паміж Расеяй і Захадам.
20 кастрычніка Дональд Трамп заявіў пра рашэньне ЗША выйсьці з Дамовы аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасьці (ДРСМД) з Расеяй, патлумачыўшы гэта тым, што РФ яго парушае. Гэты дакумэнт быў падпісаны ў 1987 г. паміж Злучанымі Штатамі і СССР. У адпаведнасьці зь ім, абодва бакі ліквідавалі ракеты з далёкасьцю паражэньня ад 500 да 5500 кілямэтраў. Але ў апошнія гады Масква і Вашынгтон рэгулярна вінавацяць адно аднаго ў парушэньні ДРСМД.
Наступствы разбурэньня гэтай дамовы будуць сумнымі. Бо ДРСМД зьяўляецца часткай цэлай сыстэмы абмежаваньня ядзерных узбраеньняў. Адмова ад яе можа выклікаць ланцуговую рэакцыю, і разваліцца ўся гэтая сыстэма.
Тыя ракеты сярэдняй далёкасьці, якія былі зьнішчаны паводле ДРСМД, разьмяшчаліся ў Нямеччыне. Калі зараз абодва бакі выйдуць з дамовы, то можна выказаць здагадку, што новыя падобныя амэрыканскія ракеты будуць разьмешчаны ўжо не ў заходняй Нямеччыне, а ў Польшчы, Румыніі, магчыма, нават у краінах Балтыі. Гэта значыць, што пад пагрозай апынецца ўся сыстэма расейскіх стратэгічных ракетна-ядзерных сіл і цэнтраў іх кіраваньня аж да Ўралу.
Відавочна, аналягічныя расейскія ракеты будуць нацэленыя на Эўропу. Невыпадкова эўрапейцы ўстрывожыліся. Міністар замежных спраў Нямеччыны Хайка Маас назваў рашэньне Трампа «вартым шкадаваньня».
Цалкам магчыма, што гэта не канчатковае рашэньне ЗША, а заява Трампа — толькі пагроза, папярэджаньне, спосаб ціску на Маскву. Падвышаць стаўкі ў ходзе перамоў — гэта ў стылі амэрыканскага прэзыдэнта.
Якія непасрэдныя наступствы ўсё гэта можа мець для Беларусі? Да гэтага часу краіна была малапрыкметнай у замежнай палітыцы ЗША. Зараз, мяркуючы па заяве важнага чыноўніка Дзярждэпартамэнту, Вашынгтон зьбіраецца абараняць Беларусь ад «расейскага нэаімпэрыялізму». Пакуль незразумела, як гэта будзе выглядаць на практыцы. Але можна меркаваць, што ў палітыцы ЗША ў дачыненьні да афіцыйнага Менску будуць істотна зрушаныя акцэнты. Геапалітыка, прагматызм могуць выціснуць каштоўнасны падыход, тэма дэмакратыі, правоў чалавека адыдзе на другі плян.
З другога боку, пасол Расеі ў Менску Міхаіл Бабіч 21 кастрычніка ў інтэрвію тэлеканалу «Беларусь-1» заявіў, што «любы напад на Беларусь Масква будзе лічыць нападам на Расею з усімі наступствамі, якія вынікаюць з гэтага».
Пакуль цяжка прагназаваць, ці стварае новая сытуацыя вялікія магчымасьці Беларусі для геапалітычнага балянсаваньня, ці, наадварот, яна істотна абмяжоўвае прастору для манэўру. Бо ўплывы ЗША і Расеі на Менск — несувымерныя.
Можна меркаваць, што калі ДРСМД сапраўды абрынецца, пачнецца гонка ўзбраеньняў у рэгіёне, то Беларусі будзе цяжка ўтрымацца ў стане цяперашняга адноснага, як кажуць адмыслоўцы, «сытуацыйнага нэўтралітэту». Расея яўна захоча выкарыстаць беларускую тэрыторыю, каб пагражаць NATO. І размова пойдзе ўжо не пра авіябазу, а пра ракетную базу. Прычым гэта будуць ужо не «Іскандэры» з далёкасьцю палёту да 500 км, разьмешчаныя цяпер у Калінінградзкай вобласьці, а новыя ракеты са значна большай далёкасьцю, якія могуць дасягаць тэрыторыі эўрапейскіх дзяржаў.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.