Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На голую стаўку не пражывеш». Як дзяржава аплочвае працу настаўніка


Паводле Міністэрства адукацыі за 8 месяцаў 2018 году сярэдні заробак складаў 759 рублёў, а у пэдагагічных работнікаў — 714 рублёў. Паволе ж Белстату, у жніўні сярэдні заробак у сыстэме адукацыі быў 616 рублёў. То бок летам, без факультатываў, кляснага кіраўніцтва ды іншай дадатковай працы заробак быў меншы амаль на сотню. А колькі пэдагогі зарабілі ў верасьні? Напярэдадні Дня настаўніка Свабода спытала пра заробкі трох школьных настаўніц і выкладчыцу сталічнай ВНУ.

Сьвятлана, настаўніца сярэдняй школы ў правінцыі: «Выкручваемся як можам»

«Атрымліваю за месяц чыстымі 500 рублёў, гэта за стаўку, 21 гадзіна на тыдзень, у мяне першая настаўніцкая катэгорыя. Але далей, як пойдуць розныя інтэлектуальныя спаборніцтвы дзяцей, а за гэта прэміі, дык будзе 550, а можа нават і 600 рублёў, але ня болей. Калі ж настаўнік мае паўтары ці дзьве стаўкі, дык можа зарабляць 700–750 рублёў. Але такіх настаўнікаў няшмат, можа 10% ад усіх, бо ўсім не хапае для гэтага гадзінаў. У нашай школе толькі ўсе „англічане“ гэтак працуюць, бо настаўнікаў ангельскай мовы не хапае.

Як яшчэ можна дарабіцца настаўніку? Набіраюць, прыкладам, да стаўкі настаўніка яшчэ стаўку сацыяльнага пэдагога, ці вядуць працоўнае навучаньне, яшчэ што-небудзь. Неяк выкручваюцца, але з кожным годам гэта цяжэй рабіць, бо нам „абразаюць“ нават колькасьць гадзін на дадатковае навучаньне. Прыкладам, я цяпер займаюся з адоранымі дзецьці, якія пойдуць на алімпіяды, займаюся бясплатна, бо РАНА на гэта не вылучае гадзін. Літаральна сёлета нам „абрэзалі“ гадзіны на ўсё.

Колькі атрымала за верасень? Мы ўжо бачылі разьліковыя лісты за верасень, хаця заробак яшчэ не атрымалі. Было абяцана падвышэньне на 20%, але гэта не ад заробку, а ад тарыфнай стаўкі. Дык выходзіць, што агулам мы атрымаем дадатак рублёў 30. Гэта будзе неўзабаве, у кастрычніку».

Памеры заробкаў дырэктара школы і намесьнікаў Сьвятлане невядомыя.

«Яны, вядома, атрымліваюць больш, хаця ня думаю, што ўдвая. Але ў іх і агульная працоўная нагрузка большая. Усё ж яны і ў школе больш часу праводзяць, і ў выходныя дні часьцей працуюць», — сказала суразмоўца.

2. Ірына, настаўніца пачатковай школы ў Менску: «Безь дзяжурства ў нядзелю не пражывеш»

«У мяне стаўка настаўніка і шмат гадзінаў выхавальніка, агулам атрымліваецца 1,5 стаўкі. І яшчэ я кожную нядзелю працавала як дзяжурная. За гэта атрымала прэмію 150 рублёў, па 30 рублёў за нядзелю. Такім чынам: 350 рублёў было авансу і 500 у заробак. Усяго 850 рублёў за працу ва ўсе дні месяца, акрамя суботаў».

Паводле Ірыны, у яе 30 гадоў стажу і вышэйшая настаўніцкая катэгорыя.

«Маладыя настаўнікі, вядома, атрымліваюць менш».

Як падпрацоўваюць настаўнікі?

«У нас асаблівы каледж, няма ніякіх факультатываў, толькі асноўны прадмет, і можна дабраць толькі выхавальнікам. І кляснага кіраўніцтва ў нас няма. Некаторыя бяруць падпрацоўку ў 5-х клясах, бо на голай стаўцы не пражывеш. Толькі дзіву даесься, калі на ўсю краіну крычаць, што настаўнікам зноў дадалі грошай. Я гэтага не адчуваю. Калі б не дзяжурствы ў нядзелю, дык было б зусім дрэнна. А як іх ня будзе, што тады, ня ведаю».

3. Натальля, выкладчыца ў менскай ВНУ: «Ну чаму нашу працу гэтак ня цэняць?!»

«Працую старэйшым выкладчыкам, ў мяне няма навуковай ступені, але працоўны стаж вялікі, больш за 30 гадоў. У нас стаўка 750 гадзінаў на вучэбны год, але я перапрацоўваю: у мяне, прыкладам, сёлета 854 гадзіны, але 104 лішнія гадзіны ніяк не аплочваюцца».

Паводле Натальлі, верасень для пэдагогаў — найцяжэйшы месяц.

«Бо за летні адпачынак усе ўжо патрацілі адпускныя, якія, калі іх атрымлівалі, здаваліся значнаю сумаю, бо адразу за два месяцы, але гэта насамрэч невялікія грошы. Калі ў верасьні пэдагогі выходзяць на працу, дык мараць дацягнуць да авансу, а потым гэтаксама да заробку. Але прыходзіць кастрычнік, а зь ім зноў расчараваньне і крыўда: „Ну чаму нашу працу гэтак ня цэняць?“. Вось у верасьні атрымала аванс 190 рублёў і цяпер заробак 260. Гэта меней, чым было за травень. Ведаю, што калегі таксама абураліся, зьвярталіся ў бухгальтэрыю, там нібыта адказалі, што яшчэ не налічылі прэміі. Але тая прэмія — як каму. Звычайна зусім малая і нічога не вырашае. І падпрацаваць у нас магчымасьцяў фактычна няма».

Паводле Натальлі, у беларускіх ВНУ зусім не наладжаная сыстэма ацэнкі якасьці працы выкладчыка, ад якой наўпрост мусіць залежаць ягоны заробак. «Таксама ня ўлічваецца, як ацэньваюць працу выкладчыка ягоныя студэнты».

Пра заробкі адміністрацыі факультэту, дзе працуе Натальля, яна дакладна ня ведае, але мяркуе, што яны «на парадак вышэйшыя», чым у яе.

3. Вольга, выкладчыца матэмытыкі сярэдняй школы ў Менску. «Кожны трэці ў нас пэнсіянэр, на гэта і разьлік»

Вольга атрымала за працу ў верасьні 750 рублёў «чыстымі», але спадзяецца, што далей «выйдзе на 800» — калі налічаць за працу ў платных групах. Цяпер у Вольгі 1,5 стаўкі, а ў мінулым навучальным годзе было 2, і тады яе заробак даходзіў да 850 рублёў на месяц.

«Усё роўна мала, але нават ня гэта засмучае. Нам абяцалі, што здымуць залішнія патрабаваньні ў справаздачнасьці, але амаль нічога не зьмянілася, проста зноў тонем ў паперах, асабліва ў пачатку году», — дзеліцца набалелым настаўніца.

У Вольгі больш за 30 гадоў стажу, яна атрымлівае, акрамя заробку, яшчэ і пэнсію і кажа, што для яе «ўжо ня грошы галоўнае, а здароўе».

«А з грашыма ў іх такая палітыка. Нас, пэнсіянэраў, у школе ўжо амаль траціна, сярод матэматыкаў дык дакладна. Вось яны там наверсе і палічылі: а навошта ім падвышаць заробкі, калі пойдуць на пэнсію і ўсё роўна будуць крыху больш мець грошай? Вялікі вам дзякуй».

Вольга кажа, што некаторыя платныя паслугі ў школе зусім нявыгадныя настаўніку, таму ён ад іх ухіляецца.

«100 рублёў у маім заробку — гэта за кляснае кіраўніцтва. Шмат гадоў я клясны кіраўнік, можна сказаць — вэтэран гэтай працы. Вы не ўяўляеце, якая гэта нэрвовая нагрузка! Але інакш не заробіш зусім. Што да іншага, дык 4 гады таму мяне фактычна прымусілі заняцца рэпэтытарствам у школе. Вучань за 4 заняткі плаціў 10 рублёў, зь якіх мне перападала толькі 2 рублі. Гэта было выгадна вучню, выгадна школе, дзяржаве, але ня мне, настаўніку. Ня дзіва, што настаўнікі ад такой падпрацоўкі ўцякаюць. Але сёлета у мяне будзе платная група, дык рублёў 15 ад яе на месяц атрымаю і, відаць, буду яе весьці далей, бо грошы ўсё ж патрэбныя».

Таксама Вольга вітае такі стымул настаўніцкай працы ў школе, як плата за падрыхтоўку вучняў да міжшкольных алімпіядаў. Калісьці яе вучань заняў высокае месца на гарадзкой матэматычнай алімпіядзе, і той перамогай Вольга дагэтуль ганарыцца.

«Тады нам за алімпіяды нічога не плацілі, але ўсё роўна працавалі. Цяпер, ведаю, даюць прэміі, і гэта вельмі добра».

Міністэрства адукацыі паабяцала, што да 2025 году заробкі настаўнікаў павялічацца ўдвая. Ці яны ў гэта вераць? Сьвятлана са школы ў раёне непадалёк ад сталіцы адказала гэтак:

«Калегі на гэты конт сьмяюцца. Летась таксама абяцалі падвысіць заробкі, але мы падлічылі, што цяпер яны сталі меншыя на 4%».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG