Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня толькі #загонбрсм. Пазаклясныя нагрузкі настаўнікаў, якія яны і колькі за іх плацяць


Пасьля зьяўленьня скандальнага відэа, як настаўніца заганяе вучняў у БРСМ, Свабода распытала беларускіх пэдагогаў, чым яны яшчэ мусяць займацца ў школах, апрача прафэсійнага абавязку — вучыць дзяцей.

Пералік дадатковых абавязкаў настаўніка адрозьніваецца ў залежнасьці ад таго, ці ён клясны кіраўнік, ці проста выкладчык-прадметнік, дзе працуе — у сталіцы ці ў райцэнтры.

1. Клясны кіраўнік адказны за сьняданкі і абеды дзяцей

«Аплату школьнага харчаваньня перавялі ў АРІП. І кантраляваць наяўнасьць сродкаў у дзяцей на картках павінны настаўнікі, запаўняць кожны дзень, на колькі дзіця чаго наела, таксама павінны настаўнікі. Гэта забірае шмат часу, і за гэта нічога ня плацяць»,— кажа настаўніца з Полацку.

2. Рамонт клясаў

Хоць Міністэрства адукацыі сьцьвярджае, што рамонт школы праводзіцца толькі за кошт бюджэту і на гэта выдзяляюцца сродкі, дырэктары школ і настаўнікі гэта абвяргаюць.

«Рамонт кляса робіцца за кошт бацькоў. Клясны кіраўнік „выбівае“ ў бацькоў грошы на рамонт. Як угаворвае — асобнае пытаньне, хоць ён ня мае права зьбіраць грошы і не дакранаецца да гэтых грошай, бо цяпер паўсюль створаныя апякунскія рады. Але калі ў клясе рамонт ня будзе зроблены, вінаваты ўсё адно клясны кіраўнік, бо ён дрэнна працуе з бацькамі.

Калі ў настаўніка кляса няма, а ёсьць кабінэт (у мяне такі варыянт), то як хочаш, так і круціся. Безумоўна, некаторыя рэчы робіць школа, аднак значную частку абсталяваньня для свайго кабінэта купляеш за свой кошт. За гэта нічога ня плацяць», — кажа настаўніца з Барысава.

3. Абавязковая падпіска на газэты і часопісы

Настаўнік сам павінен выпісаць пэўныя дзяржаўныя выданьні і арганізаваць падпіску ў клясе. У розных школах гэта робіцца па-рознаму. У адных кожны настаўнік павінен проста здаць грошы на падпіску, у другіх — сам мусіць падпісацца і паказаць квітанцыю.

«Настаўнікам абавязкова трэба выпісваць тры выданьні: „СБ — Беларусь сегодня“, „Витебские вести­“ і раёнку. Кожныя паўгода адпраўляюць сьпісы ва ўпраўленьні адукацыі, хто на што падпісаўся, трэба абавязкова прынесьці квітанцыі. Гэта кожнаму, а яшчэ „скідваемся“ на „Настаўніцкую газету“ і на даволі дарагі часопіс „Планета“», — кажа настаўніца полацкай школы.

У адной менскай гімназіі раз на квартал з настаўнікаў зьбіраюць пэўную суму, парадку 8–10 рублёў, каб выпісаць газэты і часопісы для школьнай бібліятэкі.

«Робіцца гэта добраахвотна-прымусова. Я пацікавілася, што выпісваюць, і былі там зусім дзіўныя для школьнай бібліятэкі выданьні: „Белорусская военная газета“, „Налоговый вестник“.

Аднойчы мы, маладыя спэцыялісты, узбунтаваліся і напісалі зварот у Мінадукацыі. Атрымалі адказ, што ніхто нікога ня мае права прымушаць падпісвацца. Паказалі адказ дырэктрысе. Яна пазьней адыгралася на нас, пазбавіла прэміі», — кажа настаўніца менскай гімназіі.

Ніякая кампэнсацыя за падпіску не прадугледжаная.

4. Праца ў выбарчых камісіях

У лік сябраў участковых выбарчых камісій трапляюць толькі некаторыя настаўнікі, гэтыя сьпісы складзеныя даўно. Але хто туды трапіў, адмовіцца ня можа, сьцьвярджае настаўніца адной з бабруйскіх школ.

«А калі ўсё ж адмовісься, то знойдуць да чаго прычапіцца. І не таму, што дрэнная адміністрацыя школы, а зжывуць са сьвету самую лепшую адміністрацыю. Таму што адміністрацыя школы гэтых пытаньняў ніяк не вырашае. Бо за выбары адказвае ня школа і не ўпраўленьне адукацыі, а выканкамаўскія ідэолягі».

Настаўніца таксама выказала сваю крыўду: чаму прынята абвінавачваць настаўнікаў, што яны несумленна лічаць галасы?

«Калі „наяжджаюць“ на настаўнікаў, калі яны, прабачце, сваімі задніцамі закрываюць сталы і не даюць назіральнікам нешта пабачыць, то я перакананая, што ад гэтага падліку нічога не залежыць. Нават калі дакладна падлічыць і падпісаць пратакол, выніковыя пратаколы недзе пасярэдзіне робяцца такімі прыгожымі, якія патрэбны вэртыкалі. То бок усё залежыць ад старшыні камісіі і сакратара, якія складаюць гэтыя выніковыя пратаколы, а не ад настаўнікаў», — кажа настаўніца з Полацку.

За ўдзел у працы выбарчых камісій настаўнікі атрымліваюць плату ў памеры аднадзённага заробку.

5. Збор мэталалому і макулятуры

На кожную школу даводзяць лічбы збору другаснай сыравіны — паперы і мэталу, і яны не заўсёды рэальныя.

«Можа, у часы Савецкага Саюзу, калі гэта нічога не каштавала, паўсюль валяліся жалезкі, гэта было лёгка. А цяпер мэтал на вуліцы не валяецца. На школу даведзены плян — 1 тона мэталалому. А дзе яго ўзяць?

З макулятурай таксама праблема, бо цяпер такую колькасьць пэрыёдыкі, як у савецкія часы, людзі не выпісваюць. Але мы знайшлі выйсьце: дапамагаюць добрыя людзі зь сеткавых крамаў, кшталту „Эўраопту“, „Алмі“, аддаюць рэклямныя праспэкты. Так і выкручваемся», — кажа настаўніца з Бабруйску.

За сабраны мэталалом і макулятуру настаўнікам і вучням нічога ня плацяць, гэта лічыцца экалягічнай акцыяй школы.

6. Запаўненьне спартовых трыбун

Менскія настаўнікі водзяць школьнікаў на розныя спартовыя мерапрыемствы — менавіта школьнікамі і пэдагогамі часам запоўненыя трыбуны на хакейных і тэнісных турнірах, якія наведваюць высокія чыноўнікі.

«Абавязкова падчас зімовых вакацый нам трэба забясьпечыць яўку на Калядны турнір па хакеі, па 10 чалавек з кожнага кляса.

Летам, у адпачынак, настаўнікаў просяць прыйсьці на парад — таксама за адгул падчас навучальнага году», — кажа настаўніца сталічнай гімназіі.

Праход на стадыёны для школьнікаў і настаўнікаў бясплатны.

7. Агітацыя дзяцей у БРСМ, у піянэры

У некаторых школах няма такога ціску, каб усе пагалоўна ўступалі ў БРСМ ці ў піянэры. І робіцца гэта не такімі мэтадамі, не такім крыкам, як на роліку зь менскай гімназіі.

«Але калі б іх не было зусім, атрымала б адміністрацыя школы, якая дрэнна працуе», — кажа настаўніца з Полацку.

«Што да БРСМ, я не ўступіла туды ні ў школе, ні ва ўнівэрсытэце. Калі я прыйшла працаваць у гімназію па разьмеркаваньні, завуч па выхаваўчай працы мяне прымушала ўступіць, але я катэгарычна адмовілася. Аднак сацыяльны пэдагог, мая калега і добрая сяброўка, некалькі разоў прасіла падтрымаць БРСМ матэрыяльна — здаць 4 рублі, інакш у яе былі б непрыемнасьці. Здавала, і ня раз», — прызнаецца малады пэдагог менскай гімназіі.

Гэтыя грошы ніхто не кампэнсуе.

8. Шмат справаздачаў і дакумэнтаў

У дакумэнтах Мінадукацыі чорным па белым напісана, што ад настаўнікаў ня маюць права патрабаваць ніякіх паперак па мэтадычнай працы, кажа настаўніца з Бабруйску.

«Я кіраўніца мэтадычнага аб’яднаньня школы — і павінна пісаць аграменны пратакол паседжаньня, кожны з настаўнікаў павінен мне здаць свае нататкі. А калі ня здасьць, я павінна сама выдумляць за яго выступ і пісаць у пратакол. А потым правяраючыя будуць тыкаць: а чаму малы такі пратакол, чаму няма дадаткаў, і гэтак далей...

Адміністрацыя, канечне, бывае розная, аднак сярэдняе зьвяно — завучы — вельмі шмат працуюць, там неверагодная колькасьць паперак, і на іх навальваецца нашмат больш, чым на шараговага настаўніка», — прызнаецца настаўніца з Бабруйску.

Гэты дадатак да працы таксама безаплатны.

9. Іншыя нагрузкі і абавязкі

Экскурсіі на «Лінію Сталіна», культпаходы ў тэатры, у музэі.

«Аднак гэта яшчэ сюды-туды. Да прыкладу, нас пастаянна заганяюць на розныя чытаньні. Адна са школ кожны год праводзіць Спаса-Эўфрасіньнеўскія чытаньні. Можа, гэта і цікава рэлігійнаму чалавеку. Але ёсьць людзі іншых канфэсій, якія не цікавяцца праваслаўем, праваслаўнай культурай, і мы павінны там сядзець. На кожную школу прыходзіць разнарадка: забясьпечыць 20 чалавек», — кажа настаўніца з Полацку.

Гэтыя нагрузкі ўваходзяць у службовыя абавязкі настаўнікаў і дадаткова не аплачваюцца.

А што з заробкамі? «Па 500» ня кожны настаўнік мае

Заробак настаўніка залежыць ад многіх фактараў: стаўкі, катэгорыі, кляснага кіраўніцтва, надбавак за праверку сшыткаў, даплат за мэтадычную літаратуру. Аднак, нягледзячы на пастаянныя абяцаньні кіраўніцтва павысіць аплату працы пэдагогаў, «па 500 даляраў» атрымліваюць далёка ня ўсе.

Паводле Белстату, у студзені-верасьні сярэдні заробак настаўніка складаў 634 рублёў.

«У мяне 1,25 стаўкі. І мой заробак яшчэ залежыць ад прэміі — гэта 20%. Афіцыйна мне налічылі за кастрычнік каля 700 рублёў бруднымі. На рукі чыстымі атрымалася ў гэтым месяцы 500, раней было менш», — кажа настаўніца з 30-гадовым стажам і першай катэгорыяй з Полацку.

Маладая спэцыялістка зь менскай гімназіі ня мае катэгорыі, яна ня клясная кіраўніца, у яе адна стаўка, таму заробак яшчэ меншы — 300 рублёў.

Настаўніца з Бабруйску мае 25 гадоў стажу, вышэйшую катэгорыю, даплаты за факультатывы. Атрымлівае каля 700 рублёў.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG