Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп сустрэўся ў суботу, 10 лістапада, з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам у Парыжы напярэдадні мэмарыяльнай цырымоніі да стагодзьдзя заканчэньня Першай усясьветнай вайны. Трамп і Макрон абмеркавалі сытуацыю вакол Ірану, канфлікты ў Сырыі і Емэне, праблемы глябальнага гандлю і зьмены клімату.
Канфлікт зазначаўся, але ня здарыўся
За суткі да сустрэчы Трамп ў твітэры рэзка раскрытыкаваў словы Макрона аб неабходнасьці стварэньня агульнаэўрапейскай арміі, здольнай абараніць аб’яднаны кантынэнт ад такіх гігантаў, як ЗША, Расея і Кітай. Трамп назваў гэтыя словы абразьлівымі і чарговым разам адзначыў, што ЗША адыгрываюць ключавую ролю ў фінансаваньні NATO: «Магчыма, Эўропе спачатку варта было б несьці справядлівую долю выдаткаў на NATO, якое галоўным чынам фінансуюць ЗША!» — напісаў Трамп у твітэры.
На прэс-канфэрэнцыі па выніках сустрэчы Трамп і Макрон ня сталі спрачацца, а сышліся ў меркаваньні, што Эўропа павінна больш траціць на абарону, у тым ліку і на фінансаваньне NATO. Макрон пры гэтым падкрэсьліў, што яго прапановы аб разьвіцьці абароннага патэнцыялу ЭЗ не супярэчаць агульнай пазыцыі. Абгрунтоўваючы сваю ідэю эўрапейскай арміі, францускі прэзыдэнт памацаў Трампа за калена.
Агульнаэўрапейская армія
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, выступаючы ў пачатку тыдня ў Вердэне, папярэдзіў, што эўрапейцы больш ня ў стане спадзявацца на абарону з боку ЗША. Раней з падобнымі духам і сэнсам выказваньнямі выступала канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель. Такія настроі эўрапейскіх лідэраў былі выкліканыя канфрантацыйнай пазыцыяй, якую прэзыдэнт ЗША заняў падчас двух апошніх самітаў NATO. Ён паўтараў, што пераважна ЗША забясьпечваюць бясьпеку хаўрусьнікаў за свой кошт.
Адпаведна Эманюэль Макрон заявіў у эфіры радыёстанцыі Europe-1: «Мы павінны абараняць сябе, маючы на ўвазе Кітай, Расею і нават Злучаныя Штаты Амэрыкі».
«Хто тут аказваецца галоўнай ахвярай? Эўропа і яе бясьпека. Я хачу пачаць рэальны дыялёг аб бясьпецы з Расеяй — краінай, якую я паважаю, эўрапейскай краінай. Нам патрэбная Эўропа, якая будзе ў стане абараняць сябе самастойна, не спадзеючыся ў гэтым цалкам на Злучаныя Штаты», — сказаў Макрон.
Прэзыдэнт Францыі ўжо пайшоў насустрач патрабаваньням Трампа — унёсак Францыі ў бюджэт NATO вырашана павялічыць. Акрамя таго, Макрон кантралюе працэс стварэньне эўрапейскіх сіл хуткага рэагаваньня, у якіх будуць удзельнічаць спэцыяльныя сілы дзевяці эўрапейскіх дзяржаваў, у тым ліку брытанскія і нямецкія вайскоўцы. Аднак гэтыя сілы паводле сваёй колькасьці ня могуць лічыцца арміяй.
Далейшы плян урачыстасьцяў
У суботу ўвечары Эманюэль Макрон сустракаецца з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель у горадзе Кампʼен на поўначы Францыі, дзе ў 1918 годзе было падпісана пагадненьне аб замірэньні паміж хаўрусьнікамі і Нямеччынай. Пазьней у Парыжы заплянаваны ўрачысты абед для запрошаных кіраўнікоў урадаў.
Чакалася, што прэзыдэнт Трамп з жонкай наведаюць вайсковыя могілкі, на якіх пахаваныя амэрыканцы, якія загінулі ў бітве ў лесе Бэлё — першай буйной баталіі амэрыканскай арміі ў Першай усясьветнай вайне. Могілкі знаходзяцца прыкладна ў 80 км ад Парыжу. Амэрыканскі прэзыдэнт скасаваў гэты візыт, спасылаючыся на непагадзь.
Гэта выклікала крытыку ў ЗША: «Цяжка паверыць, што прэзыдэнт даехаў да Францыі, каб адзначыць гэтую адметную гадавіну, а потым аддаў перавагу сядзеньню ў гатэлі ля тэлевізара замест таго, каб ушанаваць памяць амэрыканцаў, якія аддалі свае жыцьці за перамогу стогадовай даўнасьці», — напісаў у твітэры Дэвід Фрум, былы спічрайтэр Джорджа Буша малодшага.
Трамп па-ранейшаму плянуе прыбыць да магілы невядомага салдата ля Трыюмфальнай аркі ў Парыжы, дзе адбудзецца нядзельная цырымонія. У нядзелю пасьля поўдня Эманюэль Макрон і Ангела Мэркель прыбудуць на Парыскі форум міру, на якім будуць прысутнічаць таксама Ўладзімір Пуцін і прэзыдэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган.
Аднак прэзыдэнта Трампа там ня будзе, што яго дарадца ў нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан патлумачыў надзвычайнай занятасьцю.