Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі гарвыканкам «ня вызначыў даты», калі павесяць «дошку БНР»


Неафіцыйны дазвол на дошку кіраўніцтва Менгарвыканкаму дало яшчэ 1 сакавіка. На новую дошку сабралі грошы цягам трох гадзінаў — старая была ўжо ня ў вельмі добрым стане, бо чакала ўстаноўкі чвэрць стагодзьдзя.

Дырэктар крамы Symbal.by Павал Белавус атрымаў адказ ад менскіх уладаў наконт даты ўстаноўкі мэмарыяльнай шыльды на менскім доме, дзе 25 сакавіка 1918 году была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Паводле адказу намесьніка старшыні Менгарвыканкаму Ігара Юркевіча, які Павал Белавус апублікаваў на Facebook, дата рашэньня «ня вызначаная, бо на гэты момант разглядаецца пытаньне аб мэтазгоднасьці прыняцьця такога рашэньня».

«Зараз дашлю новы зварот з пытаньнем, калі плянуецца прыняць рашэньне і вызначыць дату», — піша Белавус.

Юркевіч у адказе на зварот абяцае, што будзе ўлічаная думка «ўсіх зацікаўленых» і нагадвае, што ў Менгарвыканкам паступіла «больш за тры тысячы пісьмовых і электронных зваротаў» ад грамадзянаў і юрыдычных асобаў адносна ўстаноўкі дошкі.

Ці праўда, што грамадзкасьць супраць «дошкі БНР» у Менску? >>

Колькі з тых зваротаў былі за тое, каб дошку павесілі, а колькі супраць, Юркевіч не ўдакладніў. Але электронная пэтыцыя за «дошку БНР» сабрала на момант публікацыі больш як 3300 подпісаў. Колькі грамадзянаў было супраць «дошкі БНР», Юркевіч раней адмовіўся казаць, хоць яго прасілі сказаць, што гэта за «шэраг грамадзянаў».

Раней ад уладаў дабіліся адказу пра колькасьць зваротаў адносна перайменаваньня станцыі мэтро «Плошча Леніна», што пад плошчай Незалежнасьці, у «Плошча Незалежнасьці». Аказалася, што 31 ліст быў з адмоўным стаўленьнем да прапановы, а пэтыцыі за перайменаваньне падпісалі 155 чалавек адну і 571 чалавек другую. Назву станцыі, якую часам у жарт называюць «Незаленіна» або «Ленінежнасьці», дагэтуль не прывялі ў адпаведнасьць з назвай плошчы, перайменаванай у 1991 годзе.

Месяц працы і 133 кіляграмы бронзы. Як рабілі дошку ў гонар абвяшчэньня незалежнасьці БНР
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:08 0:00

Тым часам беларускія ўлады фактычна ігнаруюць абвяшчэньне незалежнасьці БНР у якасьці даты, зьвязанай зь незалежнасьцю сучаснай Беларусі. Адзначаць зьбіраюцца 100-годзьдзе БССР, а адлічваць незалежнасьць сучаснай Беларусі прапануюць не з 1991 году, а з 1994-га, калі да ўлады прыйшоў Аляксандар Лукашэнка.

Што важна ведаць пра «дошку БНР»

У сакавіку 2018 году кіраўніцтва Менгарвыканкаму дазволіла ўсталяваць мэмарыяльную дошку на вуліцы Валадарскага, 9. Менавіта тут 25 сакавіка 1918 годзе была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Дом, дзе была абвешчана Трэцяя Ўстаўная грамата БНР.
Дом, дзе была абвешчана Трэцяя Ўстаўная грамата БНР.

  • Шыльду зрабілі з бронзы на ўзор папярэдняй, якую скульптар Алесь Шатэрнік адліў з сплаву алюмінію і крэмнію яшчэ ў 1993 годзе. Надпіс на новай дошцы зроблены афіцыйным правапісам; такое было патрабаваньне ўладаў.
  • Грошы на новую шыльду сабралі талакой усяго за тры гадзіны.
  • Дошку плянавалі ўсталяваць напярэдадні 23 сакавіка, але не ўсталявалі цягам наступнага году.
  • 941 подпіс сабрала летась пэтыцыя за ўсталяваньне памятных знакаў на будынках зьвязаных з гісторыяй БНР.
  • Ініцыятар усталяваньня «дошкі БНР», старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца сказаў, што больш займацца дошкай ня будзе, бо «ёсьць іншыя арганізацыі, каб падымаць гэтае пытаньне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG