Менгарвыканкам адказаў на зварот з прапановай дэмантажу помніка Леніну на плошчы Незалежнасьці, што сабраў больш за 800 подпісаў на Petitions.by.
У адказе, падпісаным намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму Ігарам Юркевічам, згадваюць гісторыю ўсталяваньня помніка. Калі ў 1930–1934 гадах у Менску будавалі Дом ураду, там вырашылі ўсталяваць помнік Уладзіміру Леніну. У конкурсе перамог праект архітэктара Дому ўраду Ёсіфа Лангбарда і скульптара Мацея Манізэра, помнік адкрылі 7 лістапада 1933 году.
«Цяпер помнік В.І. Леніну ёсьць часткай ансамблю Дому ўраду, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці другой катэгорыі і ўнесены ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, — піша Юркевіч у адказе на пэтыцыю. — Згодна з разьдзелам 16 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб культуры дадзеная гісторыка-культурная каштоўнасьць знаходзіцца пад аховай дзяржавы».
Ці магчыма выключыць помнік са складу суседняга будынку-каштоўнасьці, прадстаўнік Менгарвыканкаму ня піша.
«Ленін — гэта чужы нам элемэнт, які праліў кроў многіх грамадзянаў нашай краіны, помнік яму ня можа стаяць на галоўнай плошчы нашай Радзімы, — пісалі ў пэтыцыі. — Мы лічым, што помнік можа быць усталяваны ў музэі пад адкрытым небам, у які можна сабраць падобныя помнікі, як напамін пра той час, які ў нашай свабоднай, незалежнай краіне ніколі больш не павінен паўтарыцца. Мы лічым, што на гэтым месцы мусіць стаяць іншы помнік, для гэтага трэба правесьці творчы конкурс сярод скульптараў нашай краіны».
Цяпер на плошчы Незалежнасьці стаіць ня той помнік, які паставілі ў 1933 годзе, а адноўлены ў 1945 годзе паводле эскізаў Манізэра пасьля зьнішчэньня нацыстамі ў 1941-м. Некалі — ад 1933 году да 1991-га (зь перапынкам на нацысцкую акупацыю) сама плошча, на якой стаіць помнік, насіла імя Леніна.
У 1991 годзе плошча атрымала сучасную назву, але ўтварыўся кур’ёз: станцыю мэтро «Плошча Леніна» пад плошчай Незалежнасьці так і не перайменавалі. Падчас галасавога абвяшчэньня станцыяў у мэтро ўдакладняюць: «Станцыя „Плошча Леніна“, выхад да плошчы Незалежнасьці». У інтэрнэце часам жартуюць пра «плошчу Незаленіна» або «плошчу Ленінежнасьці».
Ва Ўкраіне ўжо завяршылі «ленінапад». Што ў Беларусі?
Сёлета ў чэрвені зьнесьці помнік Леніну адмовіліся горадзенскія ўлады, хоць тая пэтыцыя таксама сабрала больш за 800 подпісаў. Паводле тамтэйшых уладаў, помнік «зьяўляецца неад’емным кампазыцыйным акцэнтам плошчы».
Помнік на плошчы Незалежнасьці — далёка не адзіны ў Менску. Адзін з помнікаў, што ля МТЗ, на 7 лістапада 2016 году нават перанесьлі на больш бачнае месца і зладзілі ўрачыстае адкрыцьцё. Мерапрыемства прайшло не без скандалу: сакратар БРСМ зьбіў з крыкам «Ленін, партыя, камсамол!» лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча, які пратэставаў супраць урачыстасьцяў.
Беларусы далёка не адзін раз пратэставалі супраць помнікаў Леніну за апошнія гады: зьбівалі кувалдамі, падрывалі, закідвалі яйкамі і аблівалі валяр’янкай... Але ў Магілёве гэтай вясной улады самі мірна зьнесьлі помнік Леніну перад былым заводам штучнага валакна — завод сам ішоў на знос. У Лідзе мінулай восеньню помнік Леніну на Чырвонаармейскай вуліцы проста зьнік. Аднак у Глыбокім да 100-годзьдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі знайшоўся «запасны Ленін» замест зьнесенага.
Ва Ўкраіне тым часам практычна завяршылі «ленінапад» — на ўсёй тэрыторыі акрамя акупаванага Расеяй Крыму і земляў, падкантрольных самаабвешчаным «ДНР» і «ЛНР», дэмантавалі ня менш за 2389 савецкіх помнікаў.
Беларусь — радзіма помнікаў Леніну
У 1922 годзе ў мястэчку Краснапольле на Магілёўшчыне зьявіўся першы ў сьвеце помнік правадыру Кастрычніцкай рэвалюцыі. Драўляную скульптуру яшчэ пры жыцьці Ўладзіміра Леніна зрабіў Артур Грубэ.
А ў 1991 годзе Беларусь стала краінай, дзе ўсталявалі апошні ў СССР помнік Леніну. Заснаваная Ленінам савецкая імпэрыя ўжо развальвалася. У суседніх Латвіі і Літве пачыналі дэмантаваць савецкія помнікі, а ў Паставах, за пяць кілямэтраў ад беларуска-літоўскай мяжы, паставілі новага Леніна ў цэнтры гораду.
Колькі ўсяго помнікаў Леніну ў Беларусі, дакладна ніхто ня ведае. Ёсьць зьвесткі, што за савецкі час па ўсёй краіне ўсталявалі каля 600 помнікаў. Аднак на ўліку ў Мінкульце толькі дзевяць скульптур, якія ўваходзяць у сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Яны знаходзяцца ў Баранавічах, Берасьці, Віцебску, Гомлі, Магілёве, Менску, Пінску, Салігорску.
Згодна з падлікамі маскоўскага культуроляга Дзьмітрыя Кудзінава, які зьбірае інфармацыю пра помнікі Леніну па ўсім сьвеце, у 2016 годзе ў Беларусі заставалася 400 з колішніх 600 помнікаў. Гэта значыць, за 25 год у Беларусі зьнікла траціна ўсіх Ленінаў.