1998 год. Заняткі па беларускай літаратуры ў Мазырскім пэдагагічным інстытуце (цяпер — унівэрсытэт) вядзе Лідзія Іванаўна Прашковіч. Яна ўражвае сваімі ведамі, мудрасьцю і сьмеласьцю. Не зважаючы на «афіцыйны курс партыі», з гонарам ходзіць ва ўнівэрсытэт зь бел-чырвона-белым значком. На занятках распавядае пра сталінскія рэпрэсіі, забітых, закатаваных паэтаў і пісьменьнікаў.
Неяк сярод пары ва аўдыторыю ўрываюцца прапагандысты з эмбрыёну БРСМ — БПСМ. Лідзія Іванаўна глядзіць на іх вялікімі вачыма. Тыя салаўём заліваюцца — пра мінус 5% у цырульні, мінус 10% раз у месяц на дыскатэцы ў гатэлі «Прыпяць», пра 0,3% пры друку фатаграфій у нейкай студыі. Абяцаюць, што зьніжак будзе зь цягам часу ўсё больш і больш — проста камунізм надыдзе для тых студэнтаў, якія ўступяць у такую цудоўную арганізацыю.
Нарэшце Лідзія Іванаўна ачомалася і сурова кажа: «Прабачце, ваш час сышоў. У нас ідуць заняткі. Хто вам даў права ўрывацца сюды і шкодзіць навучальнаму працэсу?!» Прапагандысты хутка ўцякаюць, але абяцаюць вярнуцца на наступнай пары па заявы на ўступленьне. Дзьверы за імі зачыніліся. Лідзія Іванаўна строга паглядзела на нас. І тады я ўпершыню пачула слова «Лукамол».
«Што — пабяжыце ў „Лукамол“? Да нашчадкаў катаў, тых, хто расстрэльваў нявінных людзей? На танцулькі іхныя пойдзеце? Скокамі вас заманьваюць? За 5% прадасьце гонар і сумленьне? Можа, каму пастрыгчыся танна трэба?» — узіралася яна ў нашы твары.
Яна цьвёрда акрэсьліла сваю пазыцыю: хай патэнцыйныя «лукамольцы» лепш думаюць, як будуць здаваць ёй іспыты ў канцы сэмэстру, а не як будзе добра скакаць у гатэлі «Прыпяць» раз у месяц з 5% зьніжкай.
Мы зь сяброўкамі праігнаравалі БПСМ. Хоць прапагандысты зноў і зноў цягаліся ў нашу групу з казкамі пра зьніжкі. Павага да выкладчыка была даражэйшая за тыя танныя прапановы.
Сёньня я ўдзячная, што вучылася ў Лідзіі Іванаўны. Яна нас добра «вакцынавала» ад таталітарных ідэалёгій. Сёньня яна ўжо не жыве. Сьветлая ёй памяць.
Гэта яна ў 2005 годзе вярнула Таісе Бондар кнігі пасьля таго, як аўтарка была ўганараваная прэзыдэнцкай прэміяй «За духоўнае адраджэньне».
«У апошнія гады я стала заўважаць, як, напэўна, няўтульна адчуваюць сябе Вашы кнігі, а значыць, мяркую, і іх аўтар, побач з „пасрэднымі творамі“ Барадуліна, Быкава, Бураўкіна, Гілевіча і іншых творцаў, якія суседзяць з Вашымі па алфавітным прынцыпе. Таму вяртаю Вашы кнігі праз рэдакцыю», — напісала ў лісьце Лідзія Іванаўна.
Гэта яе брата, Міколу Прашковіча — літаратуразнаўцу, крытыка, перакладчыка — цкавалі савецкія ўлады. Яго абвінавацілі ў «беларускім нацыяналізьме» ў 1974 годзе і звольнілі з Акадэміі навук. Ён быў беспрацоўным, грузчыкам, карэктарам... Трагічна загінуў на пажары ў роднай вёсцы.
Ня ведаю — ці ёсьць цяпер такія выкладчыкі, як Лідзія Іванаўна? Ці ўсіх паглынула гэтая чорная дзірка з «БРСМ» і «Белай Русі»?
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.