Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як выйсьці з БРСМ. 5 гісторый і рэкамэндацыя юрыста


Пасьля публікацыі відэа з запісам аб тым, як у менскай гімназіі заганяюць у БРСМ, на адрас Свабоды чытачы пачалі слаць свае гісторыі і пра ціск на іх падчас запісу ў БРСМ, і пра тое, як яны выходзілі з арганізацыі.

Што напісана пра выхад у статуце БРСМ

Працэдура прыёму ў сябры і выхаду з БРСМ прапісаная статутам аб’яднаньня. Пункт 4.1 разьдзелу IV сьведчыць пра добраахвотнасьць сяброўства.

«Членам ГА „БРСМ“ можа быць любы грамадзянін Рэспублікі Беларусь, асоба без грамадзянства, а таксама замежныя грамадзяне, якія пастаянна тут пражываюць, ва ўзросьце ад 14 да 31 году. Асобы ва ўзросьце ад 14 да 16 гадоў павінны мець пісьмовы дазвол сваіх законных прадстаўнікоў. Сяброўства можа быць падоўжанае шляхам падачы членам ГА „БРСМ“ па дасягненьні ім 31 году пісьмовай заявы ў першасную арганізацыю, дзе ён знаходзіцца на ўліку».

Білет сябра БРСМ, ілюстрацыйнае фота
Білет сябра БРСМ, ілюстрацыйнае фота

​Статут таксама тлумачаць, на якой падставе сяброўства ў БРСМ можа быць спыненае.

  • Па ўласным жаданьні шляхам падачы пісьмовай заявы ў пярвічную арганізацыю ГА «БРСМ».
  • За грубае парушэньне статуту, сыстэматычны няўдзел у працы аб’яднаньня альбо за дзеяньні, якія няславяць дзелавую рэпутацыю і наносяць шкоду цэласнасьці ГА «БРСМ».

Пытаньне аб выключэньні вырашаецца агульным сходам або выбарным органам пярвічнай арганізацыі БРСМ. Таксама гэта можа быць зроблена вышэйшым кіроўным органам. Нідзе ня згадваецца, што расчараванаму ў мэтах і задачах праўладнага саюзу могуць чыніць перашкоды.​

Пра пагрозы ёсьць артыкулы ў Крымінальным кодэксе. Камэнтар юрыста

Юры Чавусаў
Юры Чавусаў

«У Канстытуцыі Беларусі існуе пункт пра свабоду аб’яднаньняў, які мае на ўвазе стварэньне новых арганізацыі, вольнае ўступленьне ў іх ці ўжо існыя, — кажа юрыст Асамблеі недзяржаўных дэмакратычных арганізацый Юры Чавусаў. — Ніхто ня можа прымусіць, ёсьць артыкул у Крымінальным кодэксе — „прымус“. Але сакрэт Палішынэля, што БРСМ — асаблівы выпадак. Хоць паводле закону і не адносіцца да дзяржаўных грамадзкіх аб’яднаньняў, як ДАСААФ, „Дынама“, Прэзыдэнцкі спартовы клюб (усяго іх сем), а стаіць у адным шэрагу з ТБМ, БНФ „Адраджэньне“ ды іншымі, насамрэч гэта куды больш дзяржаўная арганізацыя, чым усе, разам узятыя».

А што рабіць, калі рознымі праўдамі і няпраўдамі спрабуюць утрымаць людзей, якія хочуць выйсьці з шэрагаў праўладнай арганізацыі? Куды і на каго скардзіцца?

«Бярэш паперу, пішаш заяву, ніякіх праблемаў, — тлумачыць Юры Чавусаў. — Добраахвотнае членства: ніхто ня можа быць прымушаны як да ўступленьня ў арганізацыю, так і да выхаду зь яе. Пад запалохваньне і пагрозы ёсьць артыкулы ў Крымінальным кодэксе, іх дастаткова шмат. Ня трэба рабіць з БРСМ нейкае выключэньне.

Абурае, бо лукашэнкаўскія хунвэйбіны дзейнічаюць найбольш нахабна. Тая ж завуч, якая то саўковымі пагрозамі, то пернікам прымушае да ўступленьня, — такая ж ахвяра сыстэмы. Як і настаўнікі, працуюць у выбарчых камісіях, як і граматныя службоўцы, каго прымушаюць уступаць у „Белую Русь“. Усе яны закладнікі псэўдасыстэмы, дзе тое, што называецца грамадзянскай супольнасьцю, усяго толькі апэндыкс дзяржаўнага апарату, які пакліканы кантраляваць народныя масы».

Пяць гісторый выхаду з БРСМ

Сябры БРСМ. Ілюстрацыйнае фота
Сябры БРСМ. Ілюстрацыйнае фота

Пагражалі ня даць інтэрнат — агучыў пагрозы

Для актывіста Дзяніса Мандзіка гісторыя выхаду з БРСМ ператварылася ў доўгатэрміновую эпапэю. У абноўленую праўладную моладзевую арганізацыю ён уступіў яшчэ ў школе, а калі студэнтам Беларускага тэхналягічнага ўнівэрсытэту ўцягнуўся ў палітычнае жыцьцё, захацеў спыніць сяброўства ў гэтым саюзе. Аднак ва ўнівэрсытэцкай «пярвічцы» спачатку загадалі заплаціць усе запазычанасьці па ўнёсках, а пасьля прыгразілі, што празь яго нікому з групы не дадуць пакой у інтэрнаце. Праўда, у выніку Дзяніса пакінулі ў спакоі — калі не лічыць таго, што неўзабаве выключылі з ўнівэрсытэту.

Напісала заяву ў ЦК і ў пярвічку

Ксенія Новікава зь Віцебску прыгадала, што сваё рашэньне аб выхадзе абгрунтавала ў заказным лісьце на адрас Цэнтральнага камітэту ГА «БРСМ». Літаральна празь дзень затэлефанавалі з раённага аддзелу адукацыі і выказалі прэтэнзію, чаму яна напісала адразу ў Менск, а не ў пярвічную арганізацыю па месцы працы. Маўляў, цяпер празь яе ў іх праблемы, невядома, што адказаць «цэнтру».

У выніку сказалі, што трэба яшчэ раз напісаць такую ж заяву ў пярвічную арганізацыю. Але на працы, мяркуе яна, будуць рабіць усё, каб на розных падставах угаварыць не рабіць пасьпешлівых крокаў.

Ілюстрацыйнае фота. «Дзень вышыванкі» ад БРСМ, 2017 год
Ілюстрацыйнае фота. «Дзень вышыванкі» ад БРСМ, 2017 год

Перастаў плаціць унёскі

Антон Клябека зь Мядзела стаў чальцом БРСМ двойчы — у школе і пастфактум пасьля ВНУ. У 2010-м ён паступіў у колішні «наргас», і пасьля заканчэньня быў накіраваны на радзіму адпрацоўваць 2 гады.

Пазалетась ягоная знаёмая, якая працавала ў раённым падразьдзяленьні БРСМ, даслала фота, зь якога вынікала, што ён другі раз трапіў у шэрагі дзяржаўнага саюзу. Выдача білета нібыта адбылася 28 лістапада 2014 году. Гэта пры тым, што дыплём ён абараніў амаль за паўгода да таго і ўжо працаваў у Мядзеле. А насамрэч працягваў лічыцца студэнтам і зноў «убіўся ў БРСМ». Антон заяву на выхад не пісаў, проста перастаў плаціць унёскі і лічыць, што ўжо ня мае дачыненьня да гэтай арганізацыі.

Парэзаў і выкінуў білет

Яўген не ўдакладняе, адкуль родам, але ў допісе на Свабоду згадвае, як 10 гадоў таму яго дзевяціклясьнікам прымушалі ўступаць у БРСМ. Аргумэнты звыклыя: не атрымаеш нармальных адзнак, не дадуць мэдаля, не паступіш у добрае месца.

Ужо ў ВНУ на лекцыі пра «любоў да Радзімы» ён папрасіў падняць руку тых, каго прымусілі ўступіць у БРСМ запалохваньнямі. Паднялі амаль усе, апроч некалькіх менчукоў — ім можна было па жаданьні. Паспрабаваў выйсьці з БРСМ і перастаць плаціць унёскі. Зноў пачалі запалохваць, самі рабілі вылікі са стыпэндыі. У выніку парэзаў білет і выкінуў. Кіраўнікоў мясцовай ячэйкі проста папярэдзіў, каб выкрасьлілі са сваіх сьпісаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Выключылі аўтаматычна

Самая кароткая гісторыя, як «завязаць» з БРСМ, у Міхася Фралянкова. Кажа, што ўсё атрымалася «само сабой». Ён быў сакратаром пярвічнай ячэйкі ў менскай мастацкай вучэльні. Пакуль значыўся на гэтай грамадзкай пасадзе, актыў арганізацыі сядзеў на галодным пайку — цягам двух гадоў ніводзін чалец арганізацыі не плаціў унёскаў, нічога для патрэб БРСМ не рабілі самі мастакі. У выніку пасьля заканчэньня навучальнай установы быў аўтаматычна выключаны з арганізацыі.

Паводле афіцыйных зьвестак, чальцамі БРСМ зьяўляюцца амаль паўмільёна чалавек. Фінансуецца праўладная моладзевая арганізацыя ня толькі з унёскаў, а і зь дзяржаўнага бюджэту. За апошняе дзесяцігодзьдзе на яе падтрымку пайшло звыш 50 мільёнаў даляраў. Сёлета прэзыдэнцкім указам бюджэтнае фінансаваньне БРСМ падоўжанае яшчэ на тры гады.

На ўрачыстай імпрэзе да 100-годзьдзя савецкага камсамолу (ВЛКСМ) Аляксандар Лукашэнка выказаў пажаданьне зрабіць БРСМ «па-сапраўднаму баяздольнай адзінкай» і зазначыў, што «цягнуць гвалтам» у арганізацыю нікога ня трэба: галоўнае — уплываць на моладзь, якая засталася па-за арганізацыяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG